«Бярозкі» дзіўнае святло
Кожны чалавек пачынаецца, як вядома, з сям’і і школы — і я ў гэтым сэнсе не выключэнне. Ходзячы следам за бабуляй Ганнай, я мог бясконца слухаць яе цікавыя аповеды, асабліва моцна маё ўяўленне абуджалі бабуліны казкі. А потым я пайшоў у школу, і мая першая настаўніца Алена Казіміраўна Мохарт навучыла мяне чытаць. Да гэтага я ведаў толькі літары. Першая настаўніца заўважыла мае здольнасці да дэкламацыі беларускіх вершаў, заахвочвала да чытання казак і часопіса «Вясёлка», на які падпісала мяне мая мама, якая працавала паштавічкай. А потым, калі я вучыўся ў шостым класе, школьная бібліятэкарка Ніна Канстанцінаўна Нікалайчык прапанавала пачытаць часопіс «Бярозка», у якім найбольш запомніліся малюнкі і вершы саміх дзяцей. Мне і самому захацелася штосьці намаляваць і скласці верш. Так я пачаў штосьці рыфмаваць.
Першы вершык даслаў у рэдакцыю газеты «Піянер Беларусі», але яго не надрукавалі. Аднак неўзабаве змясцілі першую зацемку — і я быў ад радасці на сёмым небе. Даслаў свае паэтычныя спробы таксама ў часопіс «Бярозка» — і мне адказаў лістом паэт Мікола Чарняўскі. Памятаю, мяне ўразіла: пазнака імя і прозвішча без імя па бацьку. Настаўнікаў мы называлі па імені і бацьку, а тут подпіс вельмі просты, звыклы. Зрэшты, мая бабуля клікала людзей менавіта так: Мікола, Алесь, Васіль, Пятро… У гэтым адчувалася нейкае асаблівае стаўленне да мяне, дзіцяці: прыязна-цёплае, свойскае, амаль сяброўскае, а яшчэ па-бацькоўску клапатлівае: я атрымаў творчыя парады.
Часта мяне захапляла наша наваколле, родныя краявіды, і я браўся за пяро, імкнучыся апісаць прыроду, яе хараство, перадаць свае ўражанні. Замалёўкі я дасылаў у «Бярозку», іх старанна рыхтаваў да друку Георгій Чыгір, супрацоўнік рэдакцыі. Ён часта ліставаў у мае Цімкавічы, адказваў на кожную нататку ці дасланую замалёўку. Лісты-адказы тыя былі зазвычай сціслыя, але кожны водгук з паведамленнем пра тое, што матэрыял будзе надрукаваны, незвычайна радаваў, натхняў пісаць зноў і далей. Мае замалёўкі друкаваліся на часопісных старонках пад «шапкай» «Таварыства сяброў прыроды “Бярозка”»: «Яшка вярнуўся», «Калючыя суседзі», «Карасі ў калодзежы», «Для сарокі — новы стол», «Не паласавалася», «Зімовая краса» і інш. Цяпер з вышыні гадоў я магу з упэўненасцю, дакладна сказаць: без часопіса «Бярозка», падтрымкі і заахвочвання на творчай сцежцы яго супрацоўнікаў наўрад ці быў бы даследчык пейзажу ў літаратуры Алесь Бельскі і празаік Алесь Ветах (мой псеўданім), які шмат гадоў малюе словам, піша мастацкія творы.
Апошняя мая публікацыя ў «Бярозцы» прыпадае на ліпень 1980 года, акурат тады я толькі што скончыў Цімкавіцкую сярэднюю школу імя Кузьмы Чорнага. Перад гэтым я наведаўся ў Мінск, у будынак па вуліцы Карла Маркса, 40, дзе ў рэдакцыі часопіса мае надрукаваныя матэрыялы заверыла пячаткай і подпісам адказны сакратар Алена Мімрык.
У той час, калі я друкаваўся ў «Бярозцы», галоўнымі рэдактарамі былі Васіль Зуёнак, а потым Анатоль Грачанікаў. Асабіста з Анатолем Грачанікавым я пазнаёміўся ў рэдакцыі часопіса «Маладосць», які як галоўны рэдактар падпісваў нумар у друк з маім апавяданнем «Перакрыжаванне». Білет члена Саюза пісьменнікаў я атрымаў за подпісам Васіля Зуёнка. Творчасць гэтых паэтаў аналізавалася ў маіх дысертацыях, кнігах і артыкулах. Ужо непасрэдна ў самой рэдакцыі я пазнаёміўся з новым галоўным рэдактарам «Бярозкі» — пісьменнікам Вячаславам Адамчыкам. У часопісе тады пачаў працаваць мой аднакурснік Валодзя Сіўчыкаў, да якога я акурат завітаў, каб пабачыцца і пагаманіць. Галоўрэд Вячаслаў Адамчык прапанаваў мне напісаць для «Бярозкі» нарыс пра Цімкавічы, радзіму Кузьмы Чорнага. Нарыс, на жаль, не атрымаўся, а напісаўся верш «Роздум над дзённікавым запісам» з прысвячэннем майму славутаму пісьменніку-земляку.
Працяг чытайце ў 3 нумары часопіса.
Алесь Бельскі,
доктар філалагічных навук, прафесар,
лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа,
галоўны рэдактар часопіса «Беларуская мова і літаратура»