Дзённікавыя раманы і ўнутраны свет аўтара

На маю думку, нішто так не збліжае чытача з аўтарам, як дзённікавыя раманы. Чытаць іх — усё адно што адчуваць сябе побач з пісьменнікам, пражываць з ім частачку жыцця. Дзённікавыя раманы могуць апісваць усё, пачынаючы з працоўных будняў і заканчваючы адпачынкам. У іх сустракаеш паэзію і прозу, мары і рэальнасць, успаміны і цяперашняе жыццё, вясёлыя гісторыі і глыбокія разважанні. Яшчэ дзякуючы ім можна дазнацца пра таленавітых людзей, якія дагэтуль былі ў ценю. Але самае цікавае, на мой погляд, тое, што ты адчуваеш сябе нібы запрошаным у багаты ўнутраны свет іншага чалавека. Ёсць два беларускія творцы, дзённікавыя раманы якіх я люблю больш за ўсё — Янка Брыль і Віктар Шніп.
Першы раз узяўшы кнігу «БрыльЯнта беларускай літаратуры», я адчула нешта роднае. У ёй я часта знаходзіла адлюстраванні сваіх думак.  Нават у біяграфіі я знайшла падабенства  з аўтарам. Напрыклад, у нас абаіх дзень нараджэння ў жніўні. У дзённікавым рамане пісьменніка я заўважыла такую асаблівасць: незлічоная колькасць мілагучных прыметнікаў, якія ўрэзаліся ў маю памяць і трывала замацаваліся ў ёй, накшталт «позне-ранішняе сонца», «ясна-спакойнае цяпло», «нецікава-бясконцая дарога», «малітвенна-чысты настрой», «дрыготка-няспешны палёт», «люстрана-гладкая вада», «зношана-аблезлае самалюбства», «красамоўна-журботная прырода», «надвячэрне-сонечны парк», «таленавіта-высакародная сям’я», «запаволена-марудная проза», «цёпла-сакавітыя памідоры», «калюча-зімняе срэбра», «ціха-радаснае адкрыццё». Я імкнуся выкарыстоўваць у сваім маўленні эпітэты Янкі Брыля і такім чынам удасканальваць сваю мову.

Акрамя таго, што ў дзённікавых раманах чытаеш думкі самога пісьменніка, ты яшчэ і знаёмішся з людзьмі, якіх цытуе альбо пра якіх успамінае аўтар. Напрыклад, Янка Брыль згадвае словы Самюэля Джонсана: «Я ніколі не адчуваў жадання пагутарыць з чалавекам, які напісаў больш, чым прачытаў». Гэта цытата дала мне многа матывацыі, каб чытаць, бо стаць абазнаным суразмоўцам — адна з маіх мэт.
Багата жыццёвых і трапных выслоўяў я знайшла ў дзённікавым рамане Віктара Шніпа «Трава бясконцасці». Ёсць  разважанні над афарызмамі накшталт «Многія кажуць: ‟Вочы — люстэрка душы”. Па-мойму, вочы — гэта вокны душы…». Дарэчы, крылатыя выразы пераасэнсоўваў і Янка Брыль, вось яго цытата з кнігі: «Ці ‟красота спасёт мир”, ці дабрыня, якая так нам патрэбна?…».  У «Траве бясконцасці» я знайшла шмат афарызмаў і нічога мне не заставалася, як… выпісаць іх і захапляцца. Захапляцца тым, як Віктар Анатольевіч апісвае тое, з чым мы сустракаемся кожны дзень. Колькі ж прыгажосці і загадкавасці ў тым, міма чаго мы штодня праходзім, як шмат чаго не заўважаем… Аднак звычайныя рэчы пісьменнік апісаў так, што цяпер я не стаўлюся да іх так абыякава, як раней. Нельга пакінуць без увагі параўнанні аўтара: «Жоўтая кляновая лістота, як восеньскія дранікі…», «На зялёным торце каштана белыя свечкі, затушаныя ветрам…».

Працяг чытайце ў 3 нумары часопіса.

   Паліна Дваранская

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *