Выпрабаванне сяброўствам, ці Што такое «Турыстычная сцежка»
Раз на год факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта праводзіць «Турыстычную сцежку». Гэта ўнікальнае мерапрыемства праходзіць у пачатку чэрвеня ў пасёлку Крыжоўка за 20 кіламетраў ад Мінска. Удзел прымаюць студэнты журфака і іншых факультэтаў БДУ, а таксама запрашаюцца каманды з іншых ВНУ.
У чым жа сэнс? Камандам патрэбна прайсці мноства фізічна-інтэлектуальных пікетаў, каб дайсці да фіналу і ўзяць галоўны прыз (спойлер: прызы сапраўды годныя).
«Турсцежка-2023» пачалася, як заўсёды, з цудоўнай арганізацыі мерапрыемства. Неабходна адзначыць, што студэнцкі саюз факультэта журналістыкі БДУ сапраўды паклапаціўся пра тое, каб усё прайшло на вышэйшым узроўні. Кожная з каманд яшчэ за некалькі дзён да пачатку атрымала падрабязны маршрут з Мінска да лагера, абавязковы і дадатковы спіс рэчаў, якія спатрэбяцца ў турыстычных умовах, правілы і механіку «Турсцежкі».
Мерапрыемства заўсёды праходзіць у першыя выходныя чэрвеня. Арганізатары прыязджаюць сюды яшчэ ў пятніцу, каб падрыхтаваць пляцоўку. У суботу збіраюцца каманды, праходзяць маршрут, а ў нядзелю ад’язджаюць. Дарэчы, «Турыстычная сцежка» — гэта маштабнае і вельмі значнае мерапрыемства ў жыцці кожнага журфакаўца.

На прагаліне каля вёскі Крыжоўка (пастаянная лакацыя падзеі — аўт.) збіраюцца апантаныя агульнай ідэяй і здаровым ладам жыцця студэнты ці выпускнікі факультэта журналістыкі, каб разам і з прыгодамі правесці час.
— Гэта адзінае выязное мерапрыемства нашай арганізацыі, якое праводзіцца за межамі ўніверсітэта, — адзначыў старшыня студсаюза факультэта журналістыкі БДУ Раман Савосік. — Тэматыка змяняецца кожны год. У мінулым, напрыклад, была тэма дзіцячага летніка, сёлета мы ўзялі больш шырокую — знаходжанне ў вёсцы. Пад яе рабіліся ўсе дэкарацыі, «мясцовыя персанажы», пікеты і фінальная бойка. Падрыхтоўка да «Турсцежкі» пачалася яшчэ за месяц да мерапрыемства. У нас працуе досыць вялікая каманда, і на кожным з нас былі канкрэтныя абавязкі: напісанне сцэнарыя, прадумванне пікетаў, падрыхтоўка дэкарацый, пошук прызоў. Усе пункты з заданнямі тэсціруюцца арганізатарамі. Развіваецца і механіка «Турсцежкі» для найбольш камфортнага і цікавага яе праходжання. Кожны год мы прадумваем новыя варыянты. Маршрут дзеліцца наступным чынам: выпрабаванне фізічных здольнасцей, інтэлектуальны пікет, экстрэмальнае заданне. Напрыклад, удзельнікам трэба з’есці невядомае.
Працяг чытайце ў №6 за 2023 год.
Аліна Пасавец
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы “Бярозкі”:
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры
