Трымацца святла — значыць трымаць руку на пульсе часу

Успаміны

Чарговы герой нашай рубрыкі «Успаміны» — вядомая дзіцячая пісьменніца-казачніца Алена Масла, якая пачала друкавацца ў «Бярозцы» ў дзесяцігадовым узросце. Акрамя вершаў і казак на старонках часопіса з’яўляліся таксама і яе малюнкі. Ці магла б падумаць дзяўчынка, што праз 25 гадоў яна стане галоўным рэдактарам «Бярозкі» і будзе ўкладаць у выданне ўсю сваю душу? Алена сябруе з часопісам і сёння, таму размова з літаратаркай атрымалася «жывой» і змястоўнай.

— У якім узросце з’явілася цікавасць да напісання твораў?

— Я б пачала нашу размову з прызнання ў любові да кніг. Кнігі былі і застаюцца маімі надзейнымі спадарожнікамі ўсяго жыцця. Мама і тата — настаўнікі-філолагі — любілі і шанавалі кнігі. У нашай сям’і выданні заўжды былі найлепшым падарункам. Сярод тых, якія трапляліся мне, любімымі былі казкі. Беларускія народныя, казкі Андэрсена, «Маленькая Баба-Яга» Пройслера, «Чараўнік Смарагдавага горада» Волкава, серыя пра мумі-троляў Тувэ Янсан — чытаныя-перачытаныя шмат разоў.

— Што ж так прываблівала ў казках?

— Ёсць у іх магічны эфект чароўнага шкельца. Калі яны чыталіся ў дзяцінстве, свядомасць найперш выхоплівала чарадзейнае дзейства, прыгоды. Сталеючы, я пераасэнсоўвала казачную рэчаіснасць і знаходзіла ў ёй столькі жыццёвай праўды, такія глыбокія развагі і назіранні… За гэтую «шматслаёвасць», а яшчэ за тое, што паводле закону казачнага жанру дабро заўжды перамагае зло, я люблю казкі нязменнай любоўю. Так што спачатку было чытанне, якое падтрымлівала і мацавала фантазію, дапамагала рассоўваць межы свядомасці. Пара, калі ўласным светаадчуваннем захацелася дзяліцца і пачалі складацца вершы і казкі, надышла ўсё ж пазней.

— Спачатку цікавіла паэзія ці проза?

— Я пачала друкавацца ў Мёрскай раёнцы «Сцяг працы» класа з чацвёртага, была актыўным юнкарам. Пісала ў рэспубліканскія газеты «Піянер Беларусі» і «Зорька». Першая літаратурная спроба, надрукаваная ў «Бярозцы», — верш «Світанне». Пасля ў «Бярозцы» з’явіліся мае казкі «Воблачка» і «Зорачка». Яшчэ я любіла маляваць, дасылала малюнкі ў «Бярозку» на розныя конкурсы. Малюнкі таксама друкаваліся ў часопісе.

— Ад каго атрымлівалі навіны, што вас, школьніцу, неўзабаве апублікуюць у такім часопісе?

— У часы, калі я была юнкарам, рэдакцыі ліставаліся са сваімі карэспандэнтамі. З «Бярозкі» я атрымлівала лісты ад Міколы Чарняўскага і Алены Мімрык. Бывала, што ад іх і даведвалася пра хуткую публікацыю сваіх допісаў. Але бывала, што сюрпрыз чакаў у паштовай скрыні ў дні, калі атрымлівала часопіс. Дадому выпісвала шмат газет і часопісаў, «Бярозка» была сярод іх. Пах свежай друкарскай фарбы, хваляванне, з якім гарталіся старонкі новых нумароў, шчасце, ад якога сэрца трапятала, калі знаходзіла свае публікацыі, — гэта незабыўныя ўражанні.

— Ці маглі ўявіць сабе, што праз чвэрць стагоддзя вы самі будзеце прымаць да друку творы маладых аўтараў?

Працяг чытайце ў №7 за 2023 год.

Аляксандр Канановіч

 

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы “Бярозкі”:

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *