«Бярозка» — гэта беларускі гуманітарны ўніверсітэт
Вядомы паэт, літаратуразнаўца, краязнаўца Сяргей Чыгрын дэбютаваў у «Бярозцы» паўстагоддзя таму. Першы верш хлопчыка з вёскі Хадзявічы Слонімскага раёна называўся «Свеціць сонейка». Паэт друкаваўся на старонках часопіса на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, будучы ўжо сталым аўтарам. Сяргей Мікалаевіч з задавальненнем успамінае часы супрацоўніцтва з «Бярозкай» і з цеплынёй згадвае юнацкія гады.
— У якім узросце вы пачалі сябраваць з творчасцю?
— У вольны час я любіў слухаць радыё. Перадачу «Шчырага сэрца парывы» вяла Яўгенія Янішчыц. Тады і ўзнікла сяброўства з творчасцю. Вершы на роднай мове натхнялі мяне, і я пачаў пісаць акурат будучы вучнем шостага класа.
— Якія кнігі запалі ў душу?
— Творы Івана Шамякіна, Алены Васілевіч, Аркадзя Куляшова, Янкі Маўра, слонімскага паэта Анатоля Іверса, а таксама кнігі «Коннік без галавы», «Рабінзон Круза», «Зверабой». Аднойчы пагнаў пасвіць з суседам кароў і ўзяў чытаць «Конніка без галавы». Зачытаўся і адстаў. Суседу прыйшлося і кароў пасвіць, і мяне шукаць.
— Ці былі абставіны, якія паўплывалі на выбар творчага шляху?
— Насупраць нашай хаты жыла бабуля Саня. Яна распавядала мне і свайму ўнуку Толіку пра Ганьку — галоўную гераіню тэтралогіі Алены Васілевіч «Пачакай, затрымайся». Здаецца, баба Саня бачыла сябе ў вобразе Ганькі. Пасля вайны загінуў яе муж, і жанчына адна гадавала пяцярых сыноў і дачку. Калі я прыходзіў са школы, то садзіўся пісаць працяг лёсу Ганькі. Найперш каб парадаваць бабу Саню. Але не атрымлівалася…
Праз шмат гадоў пашчасціла распавесці гэту гісторыю самой Алене Васілевіч. Пісьменніца была вельмі ўражана, нават расхвалявалася. Вось якую сілу мелі кнігі ў мае школьныя гады.
— Чаму ў свой час выбралі тэатральнае аддзяленне Магілёўскага культасветвучылішча (сёння гэта Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў — аўт.)?
— Раней за літаратуру палюбіў кіно і тэатр. Я збіраў усё, што датычылася савецкага і беларускага кіно. Марыў стаць тэатральным і кінакрытыкам. Аднойчы прачытаў у газеце, што ёсць у Магілёве культасветвучылішча, адзінае на той час у краіне. Вось і паехаў паступаць.
Перад экзаменамі неабходна было расказаць верш, кавалак прозы і паказаць эцюд. Верш і прозу я ведаў, а вось пра эцюд першы раз чуў. За некалькі хвілін да паказу атрымаў кансультацыю ў дзяўчат, якія наведвалі драмгурткі. Прыдумаў уласны эцюд з простым сюжэтам: я пайшоў у грыбы, убачыў лісіную нару, пачаў чакаць, калі ліса вылезе, каб злавіць яе за хвост. Замест нары паклаў на сцэне крэсла. У прыёмнай камісіі быў рэжысёр Валянцін Ермаловіч. У самы адказны момант эцюда, калі ліса нібыта выскачыла з нары, я кінуўся яе лавіць, а крэсла ад майго падзення паляцела на камісію. Думаў, што мяне не дапусцяць да экзаменаў. Але Ермаловіч сказаў, што лепш за ўсіх эцюд паказаў Чыгрын.
Даведаўшыся, што я пішу вершы, ён аднойчы прапанаваў наведаць пасяджэнне абласнога літаратурнага аб’яднання ў памяшканні рэдакцыі «Магілёўская праўда». Я выбраў найлепшыя вершы і пайшоў туды. За сталом моўчкі сядзеў паэт Аляксей Пысін. Маўчаў ён і калі ўсе чыталі свае вершы. Напрыканцы паэт ціха сказаў: «З усіх вершаў мне спадабаліся творы Сярожы Чыгрына. Іх я і буду прапаноўваць на нашу літаратурную старонку».
— Што больш прываблівала — сцэна ці слова?
…
Працяг чытайце ў №8 за 2023 год.
Аляксандр Канановіч
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы “Бярозкі”:
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры
