Роднай старонкi памяць
Краязнаўца і пісьменнік Алесь Карлюкевіч працуе над новай кнігай, адрасаванай юнаму чытачу. У полі зроку літаратара — невялікія паселішчы краіны. Некаторыя раздзелы будучай кнігі — увазе чытачоў «Бярозкі».
Люблю Карэлічы!..
Часта прыязджаю ў Карэлічы. Яны зусім недалёка ад Мінска — крыху болей за сто кіламетраў. Гэта па дарозе на Баранавічы. Трэба толькі з трасы павярнуць на Мір і рухацца праз старажытнае мястэчка, далей — на Наваградак. Нейкіх паўгадзіны, мо крышачку болей — і вы ў Карэлічах…
Дзіўлюся цішыні, спакою, якія ўладараць у гэтым старажытным гродзенскім паселішчы. Гісторыю сваю Карэлічы вядуць з 1395 года. Ад першага пісьмовага ўспаміну, калі на гэтыя мясціны ступіла нага варожых крыжакоў.
Мераю крокамі вуліцы Карэліч. Ведаю, што за сучаснымі назвамі вуліц хаваюцца старадаўнія — Руціцкая, Наваградскі тракт, Віленская, пляц Рынак, Паштовая, Дворная, Млынавая… Радуюся, што многія сённяшнія назвы дадзены ў гонар пісьменнікаў, асветнікаў. Максіма Багдановіча, Францыска Скарыны, Яна Чачота, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Аляксандра Пушкіна, Адама Міцкевіча…
Мне сімпатычны і герб старажытнага паселішча. Праўда, ён новы — зацверджаны Указам Прэзідэнта нашай краіны 1 снежня 2004 года. На шчыце ў блакітным полі намаляваны дзве залатыя паласы. На палосах — сем блакітных кветак лёну. Чатыры — на верхняй паласе. Тры — на ніжняй. Зялёныя кветаножкі трымаюць кветкіпрыгажуні. На памяць прыходзяць вясёлыя радкі народнай песні: «Ох, і сеяла Ульяніца лянок… Ох, сэрца — лянок, Мая радасць ты, лянок! Усё бялюсенькі кужалёк…» Такія словы добры настрой ствараюць, светласці, аптымізму ў жыццё дадаюць. І яшчэ пра нашых працалюбівых прашчураў нагадваюць. Адразу пачынаеш разумець, чаму ў Карэлічах яшчэ і такая вуліца ёсць — Сонечная… З дзяцінства трымаецца ў свядомасці эпізод. Сталага веку жанчыны вяжуць снапы. А мы, школьнікі, вучні сёмага-восьмага класаў, на бярозавых валакушах, голле для якіх толькі што высеклі ў пералеску, звозім гэтыя льняныя «скульптуры» ў адно месца. Далей іх пагрузяць на машыны і павязуць на льнозавод…
Лён — гэта аснова беларускага ткацтва, кажучы сучаснай мовай, брэнд краіны. Ураджайны Карэліцкі край можа і сёння ганарыцца традыцыямі вырошчвання гэтай культуры. Як і традыцыямі народнага ткацтва.
Мо з часам у нашай краіне з’явіцца вялікі ўсебеларускі музёй ільну. Тады ў яго павінны трапіць і экспанаты з Карэліччыны, са школьных музеяў з Ярэміч, Цырына, з аграгарадка Лукі, з Жухавіч, Малюшыч… Раскажуць у музеі і пра знаных ільнаводаў розных пакаленняў з розных карэліцкіх вёсак. І абавязкова гэты будучы музей будзе ўпрыгожваць карэліцкі герб!
Не мінайце ласіную сталіцу!..
Неяк давялося ехаць у Пскоў, а гэта — ужо Расія. І кіроўца, пачуўшы, што пасажыры згадваюць гарады і пасёлкі Віцебшчыны, дзе каму давялося пабываць, заўважыў: «А вось і Расоны не так далёка…»
А я тым часам прыгадаў ужо і падзабыты факт з нядаўняй гісторыі паселішча. У Вялікую Айчынную вайну захопнікі прыйшлі ў гэты ўтульны гарадок у сярэдзіне ліпеня 1941-га… У райцэнтры зрабілі яўрэйскае гета, насельнікаў якога цалкам знішчылі. А ў верасні 1942 года народныя мсціўцы Расонска-Асвейскай партызанскай зоны вызвалілі Расоны. І не давалі ступіць ворагу ў паселішча і аколіцы ажно да пачатку вясны 1943 года. Пасля фашысты пры падтрымцы здраднікаў, якія служылі ў паліцыі, правялі карную аперацыю са здзеклівай назвай «Зімовае чараўніцтва». І яшчэ болей за год, да 12 ліпеня 1944 года, Расоны знаходзіліся пад варожай пятою. А тысячы людзей з Расоншчыны трапілі ў фашысцкія канцлагеры смерці.
Балючыя, журботныя згадкі пра драматычныя падзеі ў гэтай старонцы крышку перапыніла любаванне хараством расонскіх краявідаў. Лясныя мясціны тут сапраўды ўнікальныя. І жывёл у гэтым краі хапае. Зусім не выпадковасцю з’яўляецца і тое, што на гербе гарадскога пасёлка Расоны на зялёным шчыце — выява залатога прыгажуна-лася.
А крыху ніжэй шнурочкам уецца хваля сярэбранага пояса. Лес на Расоншчыне займае істотную большасць плошчаў. Хапае тут і азёр і рэк. Падлічана, што азёр у гэтым краі ажно 192!.. Буза. Няшчарда. Белае-Дабраплёсы. Сіньшу. Дрысы. Расона… А рэкі — Нішча, Няшчарда, Свольна, Чарапетыца, Ушча, Дрыса… Многія вадаёмы пачынаюць свой водны шлях у Расіі, нясуць свае воды ў Беларусь, на Віцебшчыну. Якой толькі рыбы ў вадаёмах няма!..
Сапраўднае раздолле на Расоншчыне ласям!.. Усяго гэтых жывёл у Беларусі болей за 30 тысяч. Для параўнання: ва ўсім свеце — паўтара мільёна ласёў. З гэтага, вобразна кажучы, планетарнага статку 730 тысяч жыве ў Расіі. І хаця паляванне на лася ў нас дазволена, як і ў многіх іншых краінах, варта выхоўваць паважлівае стаўленне да гэтых прыгажуноў. Іначай знікнуць яны зусім, як ужо здарылася ў Ірландыі, дзе некалі жылі самыя вялікія ласі ў свеце…
Пачало крыху цямнець. Святло нашага мікрааўтобуса выхапіла каржакаватую бярозу. Здалося, што нейкі дзед-велікан стаіць у абдымку з ласём. І бярозавая галінка пагойдваецца над вялікімі рагамі гаспадара расонскіх лясоў. Быццам сярэбраныя іскрынкі высякае. І думкам становіцца ўтульна і цёпла ў нашым светлым судакрананні з роднай прыродай.
Працяг чытайце на старонках «Бярозкі»!
Алесь Карлюкевіч
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны