Куды вядзе Хадзячы замак?

Амаль 20 гадоў таму на экраны выйшаў «Хадзячы замак» чацвёрты поўнаметражны фільм выбітнага японскага мультыплікатара Хаяа Міядзакі. Давайце перагледзім карціну і  паспрабуем акрэсліць асноўныя тэмы, якія яна закранае, а таксама высветліць, за што яна так палюбілася тысячам дзяцей і дарослых.

Сюжэт

Карціна паказвае стымпанкаўскі свет, дзе людзі навучыліся выкарыстоўваць сілу пары напоўніцу. Яны ствараюць цягнікі, машыны — навука перамагае. Але пры гэтым яна даволі арганічна суседнічае з магіяй і магічнымі істотамі. Галоўная гераіня Сафі — простая дзяўчына, якая шые капялюшыкі ў краме бацькі. У мультфільме некалькі разоў падкрэсліваюць: «Яна сапраўднае шэрае мышаня».

Па волі выпадку дзяўчына сутыкаецца з ведзьмаком Хаулам, які ратуе яе ад страшных істот і, па чутках, крадзе жаночыя сэрцы. Галоўны антыпод Сафі (як спярша здаецца) — Ведзьма Пусткі — раўнуе яе да Хаула і праклінае на вечную старасць. І тая вымушана бегчы з горада ў пошуках лекаў ад вядзьмарства.

Тэма часу

Незвычайнае рашэнне для дзіцячага мультфільма — абраць у галоўныя гераіні бабульку, хоць і пераўтвораную. Але менавіта гэты ход дазваляе раскрыць глыбокую думку, закладзеную ў карціну.

 Што адбываецца з Сафіяй, якая пастарэла на 60 гадоў, як яна сябе адчувае? Спіна баліць, ногі ломіць, валасы сталі сівымі, і зараз нават пад’ём па прыступках стаў выпрабаваннем. Усё, што засталося ад мінулага, — уласцівая маладым нястрымная  ўнутраная сіла.

Калі Сафі трапляе ў дом да Хаула, то перш за ўсё прымаецца за ўборку! У велізарным замку яна застаецца ў якасці служанкі і хутка бярэ ўсё ў свае рукі: вучань чарадзея Маркл і нават дэман Кальцафер слухаюцца звычайную бабулю. А на ўсе пытанні Маркла, ці сапраўдная яна ведзьма, Сафі адказвае: «Вядома, сапраўдная, самая злая вядзьмарка ў акрузе!» І міла ўсміхаецца.

Не забыліся пра Ведзьму Пусткі? Яна ў раскрыцці гэтай тэмы грае важную ролю. Калі яе падманам завабілі да караля і забралі ўсе магічныя сілы, ведзьма ператварылася ў мілую, але слабую бабульку.

Бабуля (інакш яе  ўжо не магу  называць) Пусткі ў мінулым адбірала сэрцы маладых хлопцаў, каб самой не старэць. І калі пазбавілася ўсіх сіл, то спрабавала адабраць хаця б сэрца Хаула, каб вярнуць сабе маладосць. І ўсё ж героі клапаціліся пра яе, бо больш не было каму. У выніку  першапачатковы злыдзень ператварыўся ў сябра, аддаў сэрца (якое ўдалося скрасці пад канец фільма) добраахвотна і, здабыўшы сяброў, стаў па-сапраўднаму шчаслівым .

Пра што гэта гаворыць? Час пакідае свой адбітак, але ён бездапаможны перад нашай унутранай сілай. Дык ці трэба гнацца за вечнай маладосцю, калі шчасце ў іншых рэчах?

А што яшчэ цікавага у гэтым мультфільме – чытайце на старонках «Бярозкі»

Міхаіл Мурза

Фота аўтара

 

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

 

Падпісныя індэксы «Бярозкі»:

 

74822 — індывідуальны

 

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

 

748222 — ведамасны

 

74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *