Жылі-былі сябры. Апавяданне. Частка 2
Паўгода нашы таварышы ездзілі аўтаспынам. Але аднойчы здарылася тое, тлумачэнне чаму знайсці складана, амаль нерэальна. Хлопцы ехалі ў цягніку, перасякаючы мяжу. Паралельна яны вырашалі розныя арганізыцыйныя пытанні іх маршруту:
— Нам трэба ехаць на поўнач, — абвясціў Саша.
— Ды чаму па поўнач? На ўсходзе больш славутасцей, лепш з яго і пачаць, — запярэчыў бландзін.
— Добра, давай зробім так і папросім падвезці першую, якая трапіцца, жоўтую машыну, — Саша па-змоўніцку выгнуў брыво.
— Эх, па руках, толькі шукаем машыну з адзінкай у нумарным знаку! — выдаў на адным дыханні Андрэй. Выйшаўшы з цягніка, сябры заўважылі адну невялікую праблему:
— Сань, ты бачыш хоць што-небудзь жоўтае?
— Чорт.
Усе машыны, якія стаялі паблізу, былі аднаго сінявата-чорнага колеру. Праз паўгадзіны гулянняў вакол вакзала яны ўсё ж такі знайшлі машыну жоўтага колеру. Яна была да жаху старой, іржа амаль цалкам паглынула яскрава-жоўты колер аўтамабіля. Нашы героі перанеслі вельмі доўгую паездку, таму іх зараз не клапаціла другая ўмова: наяўнасць адзінкі ў нумары машыны. А шкада. Калі б яны заўважылі дзівацтва на нумарах, то не было б гэтага аповеду пра іх дзіўна-жудасную прыгоду.

Саша пастукаў у акно аўтамабіля. Яно павольна адчынілася, і хлопцы ўбачылі чалавека. З-пад сіняй кепкі кіроўцы выбіваліся сівыя пасмы валасоў. Мужчына ўсміхнуўся, але нешта ў ім было не так. «Я не магу зразумець чаму, але гэты мілавідны чалавек чамусьці адштурхоўвае», — падумаў Андрэй, але тут жа прагнаў гэтыя думкі. Падчас дыялогу Саша высветліў, што кіроўца едзе ў горад непадалёк і гатовы іх падвезці за сімвалічную суму. Нашы героі сустрэліся позіркамі, кіўнулі адзін аднаму і селі ў аўтамабіль. Нягледзячы на тое, што нават па знешнім выглядзе чыталася стомленасць, мужчына ўсю дарогу распытваў пра іх падарожжы.
Машына заехала ў досыць дагледжанае мястэчка. Па словах кіроўцы, гэта быў горад F. Дамы былі пафарбаваны ў пастэльныя тоны, здавалася, што гэтае месца выйшла са старонак казак пра добрых чараўнікоў. Саша ніяк не мог знайсці гэты горад на мапе. «Дзіўна, можа, мапа занадта старая?» — падумаў ён. Андрэй жа сутаргава спрабаваў злавіць мабільную сувязь, аднак усе спробы аказаліся марнымі. Ім не заставалася нічога, акрамя як спытаць у людзей шлях да бліжэйшай гасцініцы.
Хол гасцініцы быў заліты святлом ад вялізнай жырандолі. Гэта прыцягнула ўвагу хлопцаў не менш, чым ветлівасць і ўсмешлівасць персаналу. Здавалася, што ў людзей у гэтым горадзе не бывае бед і нягод, усюды пануе шчасце. Пакуль Саша вазіўся з ключом, адчыняючы нумар, Андрэй стаяў каля панарамнага акна ў калідоры гасцініцы. Вось ідзе сямейная пара з двума блізнятамі, вось дзяўчына спяшаецца па сваіх справах, а вось імчыць смеццявоз. Стоп, што? Сутыкненне. Андрэй паморшчыўся і вылаяўся.
— Што там? — адцягнуўся ад справы Саша.
— Нават не ведаю, як табе сказаць. Смеццявоз толькі што размазаў дзяўчынку па асфальце. Мабыць, не ўсё так радасна ў гэтым горадзе, — Андрэй зноў перавёў позірк на месца здарэння і ўбачыў мужчыну, які ўсміхнуўся, быццам нічога не здарылася. Гэтая ўсмешка была жудаснай, ён тут жа адчуў, як мурашкі забегалі па скуры.
— Што? Чорт пабяры… гэта жудасна, — словы Сашы вырвалі Андрэя з роздумаў.
Увесь астатні вечар нашы героі правялі, не выходзячы з гасцініцы. З надыходам ночы пачалося нешта дзіўнае. Андрэю сніўся азін і той жа сон, і кожны раз, калі ён прачынаўся ў халодным поце і засынаў зноў, ён бачыў жудасную ўсмешку мужчыны, які стаяў ля цела дзяўчыны. Наступны дзень нашы героі прысвяцілі агляду славутасцей. Іх здзівіла адсутнасць рэлігійных устаноў. Але ўсе астатнія манументы і музеі былі досыць цікавыя. Увечары яны вярнуліся ў гасцініцу.
— Ты сёння нейкі напружаны, — Саша адцягнуўся ад сваёй кнігі, заўважыўшы, як Андрэй ужо некалькі хвілін глядзіць у акно і амаль не міргае. — Можа, куды-небудзь сходзім?
Падобныя прапановы ад Сашы паступалі нячаста, так што гэта хоць неяк прывяло бландзіна ў прытомнасць. Хутка сабраўшыся, хлопцы спусціліся ў хол гасцініцы, дасталі даведнік, які раней набылі ў сувенірнай краме, і накіраваліся ў бліжэйшы клуб. Увогуле там было ўсё звычайна. Нават Саша, які не быў аматарам клубных тусовак, разумеў, што гэтае месца занадта нецікавае для яго сябра. Яны сядзелі за барнай стойкай, калі да іх падышла дзяўчына:

— Бачу, вы не мясцовыя? — усміхнулася яна.
— Як вы здагадаліся? — здзівіўся брунет.
— У мяне свае таямніцы, — падміргнула яна. — Я, дарэчы, Эліна.
Яна падалася наперад і прыцягнула Сашаву руку. Такі малаважны рух, але такое каласальнае значэнне ў нашым аповедзе. Пакуль хлопец ціснуў ёй руку, святло ад праектара асвяціла вочы дзяўчыны. Затым яна працянула руку другому хлопцу.
— Нам трэба адысці, — выпаліў Андрэй, схапіўшы сябра за рукаў.
Яны куляй вылецелі з будынка.
— Саша, скажы шчыра: ты гэта бачыў?
— Што бачыў?
— Яе вочы, яны…
З трохкутнымі зрэнкамі? — удакладніў Саша.
— Такія ж былі ў кіроўцы… Я думаў, мне здалося.
Сябры зайшлі ў бязлюдны двор, які, згодна з даведнікам, павінен быў прывесці іх да месца начлегу. Увагу хлопцаў прыцянулі ліхтарныяслупы:
— Гэта наогул што? — усміхнуўся Андрэй, убачыўшы, што ўвесь слуп абчэплены лістамі з партрэтамі людзей.
— Аб’явы пра знікненне без вестак. Але чаму іх столькі і ўсе розныя?
— Глядзі даты, кожны тыдзень тут хтосьці знікае.
Хлопцы пераглянуліся.
— Трэба ўцякаць з гэтага горада як мага хутчэй. Тут нешта адбываецца, — сказаў Саша.
— Ты наогул бачыў іх усмешкі? Яны як у маньякаў ці псіхічна хворых людзей. Улічваючы колькасць знікненняў у горадзе, абедзве версіі верагодныя.
— Мне тут зусім не падабаецца, заўтра ж з’язджаем.
Вярнуўшыся ў гасцініцу, нашы героі імкнуліся трымацца як мага далей ад людзей. І на ноч на ўсялякі выпадак паставілі шафу перад дзвярыма.
Настала раніца. Хутка, сабраўшы ўсе рэчы, хлопцы рушылі ў дарогу. Яны ішлі па даведніку да выйсця з горада. Прасіць падвезці іх кагосьці з мясцовых — самая вар’яцкая ідэя. Так што ў іх не заставалася іншага выйсця. Яны ішлі, а вуліцы ўсё не заканчваліся, здавалася, выйсце з горада павінна было быць яшчэ 3 км таму. Але яны ўсё ішлі і ішлі.
— Ці ў даведніку памылка, ці я пачынаю верыць у паранармальнае, — канстатаваў Саша. Прайшло з гадзіну. Нашы героі не пакідалі спроб выбрацца з горада. Сілы былі на сыходзе, і здавалася, што кожны крок даецца з вялікай цяжкасцю. Непадалёк стаяла запраўка з невялікай крамай і летняй кавярняй. Сябры рушылі туды. Зайшоўшы ўнутр, яны пачулі голас:
— Божа, адкуль вас столькі ў такой глушы? — незадаволена сказаў касір.
Саша толькі фыркныў у адказ, ставячы на прылавак бутэльку соку. Андрэй у сваю чаргу закаціў вочы і гучна зачыніў дзверцы халадзільніка, з якога даставаў ваду. Нашы героі размясціліся на дварэ, дзе знаходзілася летняя кавярня.
— Трываць не магу грубых людзей, гэта ж жудасна, — сказаў Андрэй, адкрываючы бутэльку вады. — Ад іх нават усмешкі не дачакаешся.
— Стой, ён нахаміў.
— Ну дык і што? Дзе лагічнае завяршэнне?
Саша падарваўся са свайго месца, падбег да касы, скідваючы з паліц усё, што толькі магло сустрэцца на шляху, і зазірнуў касіру ў вочы. Андрэй сядзеў здзіўлены, калі брунет лёгкай паходкай вярнуўся на сваё месца.
— І што гэта было? — спытаў бландзін.
— Эх, усё табе тлумачыць. Мы выбраліся.
— У сэнсе?
— У касіра круглыя зрэнкі, — Саша з насмешкай зазірнуў сябру ў вочы.
Сэрца прапусціла некалькі ўдараў.
— Андрэй… твае вочы, — Саша бачыў разгубленасць і страх на твары сябра.
— У цябе яны таксама… трохкутныя.
Соф’я Герасіменя
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»:
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры
