Поспех — гэта праца ў тры змены

Рубрыка: Арт-прастора


Сёння прапануем вам інтэрв’ю з Насцяй Краўчанка — спявачкай, удзельніцай Х-Фактара, шоу «Залятай у трэнды», супрацоўніцай Белтэлерадыёкампаніі і вельмі пазітыўнай дзяўчынай. Неяк так атрымалася, што на пачатку размовы з выканаўцай папулярных «Рамонкаў» мы вырашылі: банальных пытанняў накшталт «Раскажыце пра сябе, пра творчы шлях» альбо «Вашы пажаданні маладым выканаўцам» не будзе. Ды і сапраўды навошта тыражыраваць агульнавядомыя факты? А хто яшчэ не ведае дасягненні Насці ці яе біяграфію — інтэрнэт вам у дапамогу. Мы ж засяродзімся на момантах, пра якія яшчэ не гаварылася ці гавралыся мала, мімаходам.

Непасрэдна ж размова пачалася з удакладнення:

— Насця, а дзе ўсё ж вы вучыцеся? У сеціве часцей за усё згадваюцца філалагічны факультэт БДУ і Інстытут тэалогіі БДУ? Дзе праўда?

— Інстытут тэалогіі БДУ.

— Вось як. Тады адразу ж пытанне: а наколькі тэалогія сумяшчальная з эстрадай?

— Не магу адназначна адказаць на гэтае пытанне. Справа ў тым, што тэалогія і эстрада з’явіліся ў маім жыцці не адначосова. Спачатку было паступленне ў ВНУ, а потым ужо Х-Фактар і кар’ера спявачкі. Калі б паступала цяпер, а дакладней пасля Х-Фактара, то наўрад ці я абрала б гэтую спецыяльнасць. Аднак не шкадую, наадварот — дзякую лёсу, за тое, што ён так склаўся. Я сустрэла шмат па-сапраўднаму добрых людзей. Чулых, спагадлівых, гатовых дапамагчы і падтрымаць.

Так што, можна сказаць, усё сумяшчальна, важна толькі знайсці нейкі баланс, зразумець, што розныя веды, розны досвед не абавязкова супярэчныя. Яны могуць дапаўняць адно аднаго.

— Насця Краўчанка ў кожнай песні выглядае па-рознаму. Што гэта: пошук вобразу ці ўжо вобраз?

— Адназначна вобраз. Зноў жа я далёкая ад нейкіх там стэрэатыпаў накшталт таго, што ў спявачкі павінен быць адзін, нязменны вобраз. А чаму ён не можа быць як мазаіка — маленькія крышталікі, якія для ўважлівага слухача скаладаюцца ў адзіную, суцэльную і прыгожую карціну?

Выканаўца ж не толькі спявае, не толькі голасам уздзейнічае на слухачоў. Адзенне, паводзіны на сцэне таксама вельмі важныя і ўплываюць не менш за тэкст песні. Сапраўды ж нават калі чуеце песню па радыё, усе роўна перад вачыма паўстае карцінка. І яна павінна адпавядаць і зместу, і музыцы. Таму я і раблю нейкія акцэнты.

— Так, а што наконт аўдыторыіі? Хто вас слухае?

— Калі казаць коратка, то ўсе (смяецца)! Насамрэч даволі складана зараз дакладна вызначыць узроставую катэгорыю. Бо слухачы самых розных узростаў. Мне ў сацыяльных сетках пішуць і дзеці, і падлеткі, і іх бацькі. Шчыра кажучы, мне гэта вельмі падабаецца. Значыць, ёсць у маіх песнях нешта блізкае ўсім, зразумелае розным пакаленням. Значыць змагла знайсці ключык, дастукацца да сардэчак. Хто ведае, можа, праз песні нехта наладзіць адносіны з дзецьмі, з бацькамі? Гэта ж здорава!

— У адной з вашых песень ёсць словы: «Мары павінны здзяйсняцца ў час». А мары вашы здзейсніліся? Ці іх час яшчэ не прыйшоў?

— Мары… Яны, мабыць, найлепшае, што ёсць у чалавека. І цудоўна, калі яны ажыццяўляюцца. Я стаўлюся да іх як да мэт. Дасягнуў чагосьці — рухайся далей. Такія адносіны дазваляюць пастаянна ўдасканальвацца, расці ў прафесіянальным сэнсе. Ды і як чалавеку таксама. Кожнае дасягненне, кожная прыступка — гэта яшчэ і ўрок, з якога трэба рабіць высновы, назапашваць досвед і не паўтараць памылкі.

— Булінг — таксама досвед?

— Безумоўна. Перыяд, калі ў школе сутыкнулася з гэтай з’явай, даў многа карыснага. Па-першае, я зразумела, што не ўсе гатовы прыняць мяне такой, якая я на самой справе. Па-другое, не ўсе гатовы шчыра радавацца маім перамогам і не ўсе гатовы прыйсці на дапамогу. Іншымі словамі, калі ёсць сябры, то будуць і тыя, каму вы зусім не падабаецеся. Тады я гэтага не разумела, было балюча і крыўдна. Дзесьці нават не ў галаве, а ў душы пастаянна паўставала пытанне: «Чаму? За што? Я ж нікога не чапала!» Потым, калі страсці ўлягліся, прыйшло тое самае ўсведамленне, што для ўсіх добрым не будзеш. Ды гэта і не трэба, бо ў імкненні захаваць добрыя адносіны з усімі ёсць рызыка страціць сябе. А на мой погляд, няма нічога больш важнага, чым заставацца сабою.

…Парады, як пераадолець булінг? Мне дапамагло хобі. Заняткі любімымі справамі дазвалялі аддаліцца ад непрыемных момантаў. Праз іх я неяк перастала звяртаць увагу на тых, хто хацеў мяне ўкалоць, думкі пра іншае былі. А калі перастала рэагаваць на крыўдзіцеляў, то і яны некуды зніклі. Аказваецца, трэба проста не ісці ў іх на повадзе, не дастаўляць такой радасці, як слёзы ці раздражненне. І, канешне, дзяліцца праблемамі з роднымі і блізкімі. Паверце, мама ці тата, брат ці сястра заўсёды дапамогуць і падкажуць.

— Ведаю, што вы спрабавалі свае сілы ў мадэльным бізнесе…

А што было далей – чытайце на старонках лістападаўскага нумара!

Уладзімір Вярэніч

 

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры

 

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *