Дастаць чарніла і плакаць! Або памятка пра камфортнае жыццё ў халады
Лета адыграла ў апошнім эпізодзе, лаўры і прэміі заслужыла, а цяпер саступіла месца прыроднаму золату. Так, сонечная трылогія таксама не без граху, часам неба зацягвалі хмары. Але восеньскія дажджы — гэта іншае. Нягледзячы на свой нясмелы характар, залатая пара можа быць падступная. Пачынаецца ўсё з маркоты і тугі, канчаецца праблемамі са скурай. Надвор’е адбіваецца ў тым ліку на хатніх гадаванцах, нават пакаёвыя расліны пазіраюць на свет за акном і курчацца. Расказваем, як перажыць і палюбіць холад!
КЛОПАТ ПРА СКУРУ
З прыходам паўночных вятроў наша скура становіцца сухой праз парушэнне воднага балансу. Уся справа ў перападах тэмператур. На шчасце, гэта не трагедыя, выйсце ёсць. Як гаворыцца, H2O: проста дадай вады! Каб пазбегнуць шурпатасці, лушчэння і запалення, раім:
Выкарыстоўваць мяккія сродкі для лушчэння і ачысткі. Любімыя скрабы з часцінкамі пастаўце на паліцу да лепшых часоў. І пазбягайце празмернага мыцця — двух разоў на дзень будзе дастаткова! Інакш ёсць рызыка справакаваць яшчэ большае запаленне, лушчэнне і тлустасць скуры. Як гаворыцца, добрага патроху.
Правільна ўвільгатняць скуру. Не ўсе сродкі могуць абараніць ад перападу тэмператур. Ідэальным і бюджэтным будзе традыцыйны ўвільгатняльны крэм для твару. Ён стварае ахоўную плёнку на паверхні, якая прадухіляе перасыханне і пашкоджанне эпідэрмісу. У выпадку, калі ваша скура вельмі адчувальная да холаду, разгледзьце варыянт больш шчыльнага крэму ад абветрывання. Яго можна знайсці ў аптэцы, сяродкасметыкі для дагляду.
Даглядаць скуру рук. Кісць — адна з самых уразлівых частак цела. Гэта звязана з малой колькасцю сальных залоз, якія выпрацоўваюць ахоўны склад. Таму, выбіраючы сродак для рук, варта аддаць перавагу вельмі-вельмі тлустаму і шчыльнаму крэму. Яго варта наносіць не менш чым за 30 хвілін да выхаду з хаты. Але адной касметыкі для дагляду недастаткова. Не грэбуйце пальчаткамі, нават калі рукам не асабліва холадна.
Праводзіць прафілактыку захворванняў. Восенню і зімой абвастраюцца сезонныя эпідэміі. Але нават звычайная прастуда здольная адбіцца на стане скуры. Каб умацаваць імунітэт, можна дадаць у будні фізкультуру, а таксама комплексныя вітаміны. Дарэчы, фармацэўты ўсё зрабілі для вас і ўжо сабралі неабходныя компаненты ў набор. Таксама варта апранацца па надвор’і, нягледзячы на павевы моды. Асаблівую ўвагу надайце абутку. Многія хваробы пачынаюцца з прамоклых ног і пераахаладжэння.
КЛОПАТ ПРА ГАДАВАНЦА
Калі з уласным здароўем усё больш ці менш зразумела, то пра любімага гадаванца многія забываюць. У рэшце рэшт, жывёлы не могуць прама сказаць, што ў іх нешта баліць. Варта быць больш уважлівым, калі паводзіны хвастатага сябра змяніліся.
ВІРУС
Жывёлы, як і людзі, лёгка могуць падхапіць віруснае захворванне. Самае распаўсюджанае ў сабак — грып. Сярод відавочных сімптомаў — кашаль, насмарк, павышаная тэмпература цела і млявасць. Грып небяспечны ўскладненнямі аж да пнеўманіі. Ім лёгка заразіцца пры пераахаладжэнні. Да таго ж, хвароба пагражае абвастрэннем хранічных дыягназаў. Найбольш уразлівыя ў такой сітуацыі сабакі дробных і кароткашэрсных парод. Так што касцюмы для вушастых спадарожнікаў — гэта не проста для прыгажосці. Пазнаць грып можна па наступных прыкметах: дрыжыкі і падцісканне лап.
АБМАРАЖЭННЕ
Што тычыцца кароткашэрсных парод, яны таксама ўразлівыя перад абмаражэннем. У ліку першых прыкмет — бледная скура, якая пасля чырванее і пачынае лупіцца. Пашкоджаныя месцы падобныя на сляды ад апёкаў: цёмныя і выразна вылучаюцца на фоне здаровых участкаў сабакі ці коткі. Часцей за ўсё, дарэчы, пакутуюць вушы, лапы і малочныя залозы.
АЛЕРГІЯ
Магчыма, вы не ведалі, але снег змяшчае велізарную колькасць цяжкіх металаў і іншых шкодных рэчываў. Самы небяспечныя перыяд — раставанне, разам з ім усё шкоднае выпарваецца і насычае паветра, тым самым выклікаючы ў некаторых сабак алергічныя рэакцыі. Кошкі, якія жывуць на вуліцы ці ў двары, таксама схільныя ўплыву выпарэнняў. Каб своечасова пазнаць нядобрае, запомніце сімптомы. Гэта кашаль і чханне, вылучэнне з вачэй і носа, у рэдкіх выпадках таксама змены скурнага покрыва. Так што, калі ваш гадаванец раптам пачаў смаркатаць, паклапаціцеся пра яго. Не варта пускаць усё на самацёк.
АТРУЧВАННЕ
І зноў снег! У зляжалых сумётах ля дарог запасіцца такое рэчыва, як антыфрыз. Для аўтамабіляў зімой ён бывае незаменны, чаго не скажаш пра жывёл. Трапленне антыфрызу ў арганізм выклікае атручванне, а ў шэрагу выпадкаў можа стаць прычынай смерці улюбёнцаў. Асноўная праблема ў тым, што рэчыва мае прывабны (часцей для сабак) смак і пах, таму вушастых цягне да ледзяных купак. У мэтах прафілактыкі раім змяніць маршрут прагулак і выбраць месца ўдалечыні ад асфальтавых палос.
ЯК ДАГЛЯДАЦЬ ЗА ГАДАВАНЦАМ ВОСЕННЮ?
Старайцеся больш часу праводзіць з гадаванцам на вуліцы з ранняга ўзросту. Гэта не толькі дапаможа яму выплюхнуць энергію, але і будзе добрым спосабам загартоўвання. Але не шпацыруйце занадта доўга зімой, інакш можа здарыцца абмаражэнне.
У кожнай хатняй жывёлы, павінна быць цёплае адзенне для восені і зімы. Калі даўгашэрсныя сабакі могуць даўжэй знаходзіцца на холадзе за кошт поўсці, то кароткашэрсныя маюць патрэбу ў дадатковай абароне.
Не забывайце пра дагляд падушачак лап і носа. Узімку ў сабак тая ж праблема, што і ў людзей: ад марозу пашкоджваецца скура. Таму варта купіць у заакраме спецыяльны воск для лап. Яго можна наносіць як перад, так і пасля прагулкі.
СРОДАК АД МЕЛАНХОЛІІ
Не сакрэт, што ў літаратуры і кіно восень лічаць вельмі панурай парой года. На жаль, многія людзі успрымальныя да надвор’я больш, чым хацелася б, ды і прамоклыя пяткі і плечы не ўздымаюць настрой. У пахмурны дзень ад дажджу хочацца схавацца дома. Але нават знаёмыя сцены не могуць гарантаваць гармоніі, калі за акном вецер на дзевяць балаў па шкале Бофарта. Прапануем самім стварыць свой настрой і акультурыць дом, каб нават штармавыя дні праходзілі міма, а ў душы ўсё квітнела і каласілася. Ніжэй вы знойдзеце традыцыйныя варыянты упрыгожванняў. Калі ў вас ёсць цікавыя задумкі для восеньскага дэкору, адпраўляйце ў рэдакцыю «Бярозкі». Будзем праганяць тугу разам!
Самы распаўсюджаны атрыбут — гірлянда. Тут варта падумаць над варыяцыяй агнёў. Перавагу можна аддаць лямпачкам у форме восеньскага лісця або прышчэпкамі для фотакартак з летняга сезону. Таксама варта выбірацьагеньчыкі, святло якіх жаўтлявае, цёплае. Гэта дадасць як мінімум 10 балаў да выгоды.
Таксама галоўнымі сімваламі восені ў інтэр’еры з’яўляюцца свечкі і паліцы з кнігамі. Што тычыцца васковых свяцілаў, не варта перабіраць водары. Падбярыце нешта нейтральнае або кветкавае. З літаратурай усё прасцей — выбірайце любыя, нават дзіцячыя кніжкі. Успаміны пра мінулае часта ўздымаюць настрой.
Яшчэ адзін выкрут, які дапаможа напоўніць дом цеплынёй, гэта вязанне. Не, мы не агітуем вас змяніць хобі і ўзяць у рукі спіцы або кручок. Дастаткова будзе прыкупіць вязаных навалачак для дэкаратыўных падушак і такі ж плед. Як і футра, ваўняныя ніткі здаўна ўплываюць на чалавека заспакаяльна. Так што падобныя дэталі ў хатнім інтэр’еры цалкам могуць прагнаць душэўныя дрыжыкі.
Меламанам жа важна перагледзець свае музычныя перавагі перад восенню. Джаз заўсёды быў крокам да бадзёрага стану. Завадныя рытмы, воплескі і прытопванні нават самую сумную гісторыю кахання, што легла ў аснову тэксту, робяць тым яшчэ завадным саўндтрэкам да залатой пары.
Аліна Крылова
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры