Наталля Сіротка: пра Янку Маўра, «Белую птушку» і парады па камунікацыі для падлеткаў

Рубрыка «Сур’ёзнае з гумарам»


Мяне завуць Наталля, і я працую на радыё «Культура». Рыхтую і чытаю навіны, вяду эфіры з мастакамі ці навукоўцамі. Улетку мы правялі конкурс чытальнікаў «Белая птушка». Ён быў прысвечаны Янку Маўру. 2023 год для яго юбілейны, так што вы, мабыць, за гэты час абавязкова трапілі на якую-небудзь імпрэзу, прысвечаную пісьменніку, удзельнічалі ў віктарыне па яго творчасці ці адкрывалі яго кнігу. Наш конкурс прапаноўваў кожнаму стаць артыстам радыё і начытаць урывак з аповесці «Сын вады». Задача не такая простая, як здаецца на першы погляд: кавалак тэксту немалы, так што імправізаваць і разлічваць, што ўсё атрымаецца з першага раза, нельга было. А яшчэ ж даводзілася правяраць націскі ў некаторых словах, а можа і шукаць значэнні некаторых састарэлых лексем. І хоць конкурс ішоў падчас канікул, жадаючых паўдзельнічаць было шмат, нам даслалі больш за сто заявак. Матэрыялы даводзілася апрацоўваць, затрымліваючыся пасля працы. А ўвагі гэта патрабавала нават болей, чым работа над выпускам навін. Мяркуйце самі. Паводле ўмоў конкурсу ўдзельнікі павінны былі даслаць заяўку і аўдыяфайл.

Мы не былі надта строгімі: прымалі заяўкі ў фармаце .docx, .jpg, .pdf і нават у больш экзатычных. Гэтак жа і аўдыя- і відэафрагменты прыходзілі да нас у розным выглядзе. Зразумела, што звычайныя слухачы не разбіраюцца ў фарматах. Але ж і назвы ў файлаў былі … У заявак — як правіла «Заяўка», у аўдыяфайлаў — набор лічбаў. Калі спецыяльна ўчытвацца, то па іх можна было б зразумець, у які дзень і нават гадзіну запісаны файл. Але назва ніяк не адлюстроўвала, чый жа гэта запіс — Івана Зуева з Брэста ці Надзеі Зуевай з Віцебшчыны. Дарэчы, аднафамільцы ў нас таксама былі. Была і дзяўчынка, чыё прозвішча мы няправільна прачыталі, бо заяўка была запоўнена ад рукі. Калі б яе файл называўся «імя + прозвішча», не давялося б тэрмінова перапісваць дыплом лаўрэата. Так што кожную заяўку, кожны матэрыял даводзілася адкрываць і пераіменоўваць, каб ведаць, каму ж ён належыць.

Затое нас павесялілі паштовыя адрасы, з якіх дасылаліся матэрыялы на конкурс. Вядома, збольшага яны належалі дарослым. Тыя завялі іх шмат гадоў таму, за гэты час змянілі прозвішча і род дзейнасці, але лісты з адраса «mir_prodaj» па-ранейшаму дасылаюць. Ну і розныя дзевачкі-цукерачкі таксама ў адрасах сустракаюцца.

Дарэчы, калі файлы перасылала настаўніца — са школьнага адраса ці з асабістага — то яна, як правіла, давала ім зразумелыя імёны. Хутчэй за ўсё, каб не заблытацца самой. Але пры гэтым нікога не хвалюе, ці разбярэцца ў гэтых файлах адрасат. І гэта ж тычыцца не толькі конкурсу. Вось свежы прыклад. Дасылае мне студэнтка, якая вырашыла паспрабаваць сябе ў радыёжурналістыцы, матэрыял. Тэкст добры, памылак зусім няшмат. А называецца файл «дакумент (11)». Ці значыць гэта, што яна дзесяць варыянтаў тэксту напісала, перш чым мне нешта адправіць? Можа быць і так, але хутчэй за ўсё яна проста захоўвае ўсё, што набірае ў тэкставым рэдактары, пад тым імем, што прапаноўвае машына. Так што сярод гэтых «дакументаў» можа быць і расклад заняткаў, і спіс аднагрупнікаў, і даклад па філасофіі. Пакуль гэтых дакументаў няшмат, яна яшчэ можа ў іх арыентавацца. Але як у іх арыентавацца мне? Калі некалькі студэнтаў ці старшакласнікаў дашлюць мне свае тэксты?

Як жа сама студэнтка не блытаецца ў сваіх дакументах? Хутчэй за ўсё, яна проста распіхвае іх па розных кутках працоўнага стала на камп’ютары. Вось з таго боку — матэрыялы для вучобы, а з гэтага — недапісаныя фанфікі. А потым — праз месяц ці два — камп’ютар прапануе ёй абнавіць сістэму, яна націскае кнопку «так» — і яе дакументы страчваюцца. Таму што «працоўны стол» — частка дыска С, на якім часцей за ўсё і стаіць праграмная абалонка.

Вядома, тут сплятаецца мноства прычын: і звычка не хаваць патрэбныя рэчы далёка, і смартфоны, якія захоўваюць файлы невядома куды, і пастаянны стрэс, у якім пра дробязі кшталту імя файла і не ўспомніш.

А ведаеце, што будзе далей? А далей школьнікі стануць студэнтамі, а студэнты на старшых курсах пачнуць шукаць працу. І будуць дасылаць на мноства адрасоў свае рэзюмэ. І большасць гэтых файлаў будзе называцца «дакумент» ці «рэзюмэ», «партфоліа». І толькі невялікая частка — «Рэзюмэ Аляксандры Сяргейчык». Як думаеце, якія дакументы з большым задавальненнем адкрыюць патэнцыяльныя працадаўцы? Ці не згубіцца ваша шыкоўнае партфоліа сярод файлаў з такой самай назвай? Ці выкліча давер ліст з адраса «zombee2012»?

Вядома, вы можаце абурыцца: зноў нехта расказвае, як правільна жыць. Лічыце мае парады не правіламі, а лайфхакамі. Прытрымлівацца іх у поўным аб’ёме не абавязкова, але кожны з іх спрашчае камунікацыю, а значыць, і жыццё ў агульным.

Наталля СІРОТКА,

фота з асабістага архіва

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры

 

 

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *