Сумясціць несумяшчальнае: дзіцячы спектакль з дарослым падтэкстам

Рубрыка «Культурная хроніка»


Напэўна, кожны сутыкаўся з сітуацыяй, калі трэба дапамагчы іншаму чалавеку: саступіць месца ў транспарце, данесці цяжкія сумкі, падказаць, як прайсці на вуліцу N. Але што рабіць, калі мы бачым заплаканае дзіця — яно згубілася ў натоўпе ці моцна выцялася — як супакоіць, чым дапамагчы? І ці важныя вашы ўласныя клопаты, калі побач бездапаможнае немаўля, якое шукае падтрымкі? Мае думкі пра спектакль «Адданы сябра на зорнай ялінцы».

Ужо пяты год я хаджу на навагоднія імпрэзы тэатра «ЛiК». І кожны раз бачу арыгінальную пастаноўку з глыбокімі, актуальнымі думкамі. Гэтым разам рэжысёр Валянціна Карташова закранула вельмі балючую тэму, якая і падштурхнула мяне напісаць гэты тэкст.

Сюжэт

З самага пачатку адбываецца нешта дзіўнае: калі Снягурка вітаецца з усімі ў зале, хтосьці пачынае моцна плакаць! Спыняецца музыка, глядзім па баках: хто плача? Напэўна, падалося… «Давайце клікаць Дзеда Мароза», — крыху вінавата прапануе яго ўнучка. Раз, два, тры — на сцэне з’яўляецца галоўны сімвал Новага года. Не паспеў ён і двух слоў сказаць, зноўку чуецца плач, моцны, выбухны!

— Хто плача? — пытае Дзед Мароз.

— Мы не ведаем, не знайшлі, — сарамліва адказвае Снягурачка.

— Не знайшлі і супакоіліся, а калі камусьці дапамога патрэбна?! Так, ты вунь там за ялінкай паглядзі, а мы з дзецьмі ў зале пашукаем.

Неспадзявана Снягурачка знаходзіць яго… яе… іх… хм, невядомую жывёлу! Яна плача, размаўляць не хоча і на сцэну ісці таксама не жадае.

Гэта завязка сюжэта: героі спрабуюць зразумець, хто гэта, на якой мове размаўляе, каб неяк яе супакоіць. Па дапамогу яны звяртаюцца да самых розных персанажаў, якіх сустрэнуць.

Галоўны канфлікт — гэта Шэкспір?!

Сумясціць несумяшчальнае — так можна апісаць гэтую п’есу. Каго могуць сустрэць галоўныя героі? Мабыць, лясных жывёл ці персанажаў з казак, фільмаў. Ліса, Сцяпаныч-папугай і Цішка (з мультфільма «Бюро находак») упісваюцца ў казачную карціну, а вось сустрэць шэкспіраўскага Гамлета — сапраўдны шок для гледача. На што ён тут забыўся?

Адказ просты — гэта акцёр, які рыхтуецца граць Гамлета ў кіно. Рыхтуецца! Побач плача невядомая жывёла, а ў яго кастынг, і няма нічога важнейшага за выраз «To be or not to be». Усе персанажы, якіх сустракаюць Дзед Мароз са Снягурачкай, маюць агульную рысу — эгацэнтрызм. Яны настолькі занятыя ўсхваленнем сябе, што не заўважаюць нічога, нават слёзы.

Музыка, свет і касцюмы кантрастам падкрэсліваюць галоўны канфлікт спектакля. Кампазіцыя Яўгенія Мравінскага з Гамлетаўскай непарушнасцю ў сваёй значнасці, вогненныя фарбы на сцэне з Лісой і высачэзны, ростам на тры метры Пірат, які то з’яўляецца, то знікае, выкрыкваючы фразу «Я вялікі!».

Дзякуючы добра прапісанаму сцэнару і акцёрскай гульні, спачатку зала смяецца з абсурднасці дзеянняў гэтых «артыстаў», а потым змаўкае перад дзіцячым плачам. Па традыцыі трагікамедыі рэжысёр прымушае гледача балансаваць паміж смехам ад камедыйных сітуацый і напружаннем ад думкі: «Побач хтосьці плача, а мы ніяк не можам дапамагчы».

Вось гэта сапраўды важкае пытанне: «Быць або не быць?».

Пераўтварэнне герояў і тэатр ценяў

А вось што там за тэатр ценяў такі чытайце ў снежаньскім выпуску!

Міхась МУРЗА,

фота аўтара

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *