Абавязкова да прагляду: «Горад майстроў»
Ведаеце казку, у якой у адзін дзень нарадзіліся два хлопчыкі, і прадказана было, што адзін з іх вызваліць ад зла родны горад? Там яшчэ гербавы шчыт з чатырма жывёламі. Не, гэта не Гары Потэр. Гэту гісторыю напісала Тамара Габэ. Як і Джаан Роўлінг, яна добра ведала еўрапейскія легенды. Так што агульныя дэталі ў іх творах — не таму, што адна спісала ў другой, а таму, што абедзве чыталі аднолькавыя кнігі. Джаан Роўлінг стварала заклінанні з лацінскіх, арабскіх, старажытнаяўрэйскіх слоў, а Тамара Габэ дала героям гаваркія імёны — і гэта таксама традыцыя класічнага тэатра.
Даведка
Герцаг дэ Малікорн. Імя складаецца з дзвюх частак: mal («благі», напрыклад, «малярыя» — благое паветра) і corn («сэрца»). «Злое сэрца» — так завуць герцага.
Караколь — гэта слімак. Ціхі, незаўважны, з гарбом на спіне. А яшчэ так называўся ваенны манеўр у пехоты, які дазваляў весці пастаянны агонь па ворагу — нават у часы, калі зброя была адназараднай. Манеўр патрабаваў адвагі і дысцыпліны, а таксама згуртаванасці: войска шыхтавалася ў некалькі шэрагаў, першы рад страляў і адыходзіў у тыл, і, пакуль страляюць астатнія, перазараджаў свае мушкеты. І зноў страляў. Так пяхота, напрыклад, гарадское апалчэнне, магла супрацьстаяць нават кавалерыі — узброеным феадалам.
Перадгісторыя. На шляху да казкі
Імя Тамары Габэ стаяла на мностве кніг — але не на вокладцы як імя аўтара, а на апошняй старонцы. Яна была рэдактарам і перакладчыкам, працавала ў дзіцячым выдавецтве пад кіраўніцтвам Самуіла Маршака. Да гэтага скончыла Ленінградскі інстытут гісторыі мастацтваў. А яшчэ раней, калі вучылася ў выбаргскай гімназіі, вывучала не толькі рускую, але і нямецкую, шведскую і французскую мовы. Так што пад яе рэдактарствам выйшлі і «Прыгоды Гулівера», і казкі Шарля Перо, і творы братоў Грым. Апрацоўвала яна і рускія народныя казкі, і кнігі маладых аўтараў. Што цікава, Юрый Тынянаў успамінаў, як Тамара Габэ не скарачала яго тэкст, а наадварот, папрасіла дапісаць яшчэ некалькі старонак — каб разгарнуць матывацыю герояў.

Рэдактар у тэксце мусіць заставацца незаўважным, не закрываць сабой фігуру аўтара. Такім незаўважным, але вельмі патрэбным чалавекам і была Тамара Габэ. Казку «Пра двух гарбуноў» яна пачала пісаць у блакадным Ленінградзе. У тыя страшныя дні зімы 1941–1942 гадоў яна, як і ўсе ленінградцы, дзяжурыла на гарышчах, каб тушыць пажары, расчышчала вуліцы. А падчас абстрэлаў збірала дзяцей вакол сябе ў бамбасховішчах і расказвала ім казкі, якія памятала. У 1942 годзе ёй удалося эвакуіравацца, так што дапісвала яна гэту гісторыю ў Маскве, у 1943 годзе. Уявіце, пад немцамі яшчэ ўся Беларусь, нават блакада вакол Ленінграда не разарваная, а Тамара Габэ піша пра тое, як Горад майстроў святкуе перамогу над ворагам.
Талін і «зоркавы» склад
На «Беларусьфільме» казку здымалі ў 1965 годзе. 20 гадоў як скончылася вайна — пакаленне дзяцей, што не бачыла яе на свае вочы, пачало ўжо ўваходзіць у дарослае жыццё і нараджаць сваіх дзяцей. Тое, што для іх бабуль і дзядуль было страшнай рэальнасцю, для дзяцей мірнага часу выглядала як казка. Горад акупаваны ворагамі, па вуліцах шныраюць шпіёны, што падслухоўваюць размовы гараджан, незадаволеных кідаюць за краты. Заваёўнікі прызначаюць бургамістрам не самага паважанага гараджаніна, а таго, хто ўмее лісліва гаварыць з вышэйшым. Маладыя мужчыны сыходзяць у лясы. У горадзе застаюцца пераважна жанчыны, старыя, ды гарбаты падмятальшчык Караколь. Але і ў такім ціхім горадзе, дзе ўсе ходзяць, апусціўшы галовы, і размаўляюць шэптам, нешта адбываецца. Заваёўнікі чуюць па начах воклічы «Далоў іншаземных салдат!» Карацей, ідзіце на афіцыйны ютуб-канал «Беларусьфільма» і глядзіце казку «Горад майстроў». Не так даўно яго адрэстаўравалі і выклалі ў інтэрнэт у добрай якасці.
QR-код (https://www.youtube.com/watch?v=L3JyppzVifQ)
Фільм здымалі ў…
Працяг іншыя кінаагляды чытайце на старонках «Бярозкі»!
Наталля СІРОТКА
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
