Кладнік: Мае золата і срэбра, а жыве як сапраўдны бядняк  

Рубрыка «Міфалогія»  

Не многім шанцуе ў пошуках скарбаў. Нават навуковыя экспедыцыі могуць некалькі гадоў весці раскопкі і нічога не знайсці. Часцяком кажуць, што сам скарб не жадае адкрыцца людзям і чакае свайго часу. Але ў старадаўнія часы лічылі, што ёсць той, хто сам вырашае лёс каштоўнасцей беларускай зямлі. 

Худы сталы Кладнік быццам бы замок, скруціўшыся ад голаду, ахоўвае ўсе незлічоныя багацці. Нягледзячы на тое, што ўся яго вопратка з золата і срэбра, жыве ён як сапраўдны бядняк. Ні срэбная світка з залатым поясам, ні залатая шапка і срэбныя лапці не давалі яму шчасця і прыгажосці. А сквапны характар пазбавіў яго нават родных братоў. За сваё доўгае жыццё ён не ўзяў ніводнага граша са скарбаў, якія захоўвае. Закінутая багаццямі як смеццем хата, магчыма, самае шэрае месца на свеце, якое асвятляецца толькі, калі Кладнік адчыняе вялікія сундукі з каштоўнасцямі, каб праверыць, што ўсё на месцы. Але адкуль жа ў яго столькі багацця?

 Калі людзі перадавалі скарбы зямлі, багацце цалкам пераходзіла пад уплыў Кладніка. І толькі ад яго залежыла, ці вернуцца яны да ўладальніка. Па народных паданнях, скарбы бываюць звычайныя і заклятыя. Звычайныя можа знайсці любы чалавек, а вось заклятыя даступны толькі сапраўдным шчасліўцам. Закопванне такога скарбу суправаджалася пэўнымі заклёнамі, якія патрэбна ведаць, каб зноўку знайсці яго. Гэта ў сваю чаргу аберагае каштоўнасці ад чужых людзей. Але лічылася, што, калі Кладнік не хацеў вяртаць скарб уладальніку, ні адна замова не дапамагла бы адшукаць багацці.

Кажуць, што часам Кладнік выстаўляе скарбы дзеля праветрывання, і ў гэты момант можна паспрабаваць авалодаць імі. Добрым часам для пошукаў лічылі Купальскую ноч, Ушэсце і Радаўніцу. Менавіта ў гэтыя дні нябожчыкі маглі падказаць, дзе шукаць скарб.  

Яшчэ лічылася, што скарбы могуць квітнець і вылучаць свет, па колеры якога можна было зразумець, якія каштоўнасці там схаваны. Золата свяцілася чырвоным колерам, а срэбра — сінім, змешаныя скарбы могуць свяціцца жоўтым. Гэта тлумачылі тым, што каштоўнасцям блага ляжаць у зямлі і яны просяцца, каб іх выкапалі. 

Праз свой злосны характар Кладнік часцяком рабіў выпрабаванні для тых, хто мог спакусіцца багаццямі. Падсоўваючы скарбы, ператвараў іх у руках уладальніка ў нешта кепскае, ці наогул пужаў чалавека так, каб аж душа ў пяткі зайшла. І калі лічылі, што па волі лёсу бедны, але не хцівы чалавек мог атрымаць скарб, то Кладнік усё адно яму перашкаджаў. Бо яго прагнасць і жаданне валодаць усім багаццем мацнейшыя за ўсё. Таксама ў кожнага захавання быў свой тэрмін, па заканчэнні якога скарб выходзіў на паверхню. Калі заўважыць яго ў гэты час, ён лёгка пяройдзе ў валоданне новага гаспадара. А нязнойдзеныя скарбы спускаліся яшчэ глыбей у зямлю. Ці было гэта пад кантролем Кладніка, невядома.

Нягледзячы на існаванне самастойнага духу скарбаў, багаццямі маглі валодаць і розныя іншыя духі, на тэрыторыі якіх яны захоўваліся. Так, калі хатнія духі захочуць падараваць свайму гаспадару знойдзены імі скарб, Кладнік не зможа перашкодзіць. Гэта кажа пра тое, што хатнія апекуны ва ўяўленні старадаўніх беларусаў былі мацнейшыя за злосных духаў.

Але што, калі паглядзець на вобраз Кладніка з рацыянальнага пункту гледжання. У беларускім фальклоры існуе вялікая колькасць легенд пра скарбы, якія захоўваюцца стагоддзямі. Пачынаючы з часоў магутных волатаў і да XX стагоддзя розныя войны і значныя падзеі спараджалі веру ў велізарныя багацці, якія хавае наша зямля. Але колькі легенд апынуліся праўдзівымі, колькі сапраўдных скарбаў з іх было знойдзена? Магчыма, Кладнік — гэта той самы казачны герой, які дазваляе гэтым легендам існаваць і далей, бо, па меркаванні нашых продкаў, добра хавае ад нас скарбы. І тым самым зберагае разнастайнасць нашага фальклору. Ці, можа, нашыя продкі ведалі крыху больш за нас? 

Софія ТУРОНАК,

       ілюстрацыі Арцёма ГУРДАЕВА

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

 

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *