Я палюбіла. Але ж каго? Вось таямніца сэрца майго
Рубрыка «Артпрастора»
Хоць я і не экспертка тэатра, мне вельмі падабаецца ў вольную гадзіну схадзіць на цікавы спектакль, каб пашырыць свой кругагляд. Апошнім часам я пачала хадзіць у тэатр крыху часцей, чым раней. Больш за ўсё мяне як філолага цікавяць пастаноўкі на творы аўтараў, якія палюбіліся яшчэ ва ўніверсітэце. Нешта памірае, а нешта будзе жыць вечна, як, напрыклад, творы Шэкспіра. Іх мы чытаем, пра іх пішуць вершы, песні, паводле іх здымаюць фільмы і ставяць спектаклі. У гэтым аглядзе я раскажу вам пра свае ўражанні ад спектакля па матывах камедыі Шэкспіра.
На спектаклі «Дванаццатая ноч», хоць і не прэм’ерным на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Горкага, усё яшчэ аншлаг. Сяргей Кавальчык падарыў свету цудоўнае пераасэнсаванне Шэкспіра. У простую рамантычную камедыю ён дадаў не толькі смешныя карыкатурныя вобразы (што можна заўважыць па макіяжах, касцюмах і проста дзеяннях герояў), але і моманты, якія хвалююць, у месцах — кранаюць. Мне падалося, што на сцэне ўсё вельмі гарманічна спалучаецца. Цікава, што дэкарацыі (вешалкі), калі іх перастаўлялі ў розныя месцы, з’яўляюцца і вуліцай, і пакоямі герцага.
Пра што гэта п’еса? Для мяне — пра любоў, якая заўсёды перамагае злосць, спрэчкі, недамоўкі. Любоў сяброўская, сямейная, цёплая. Калі ёсць любоў, усё на свеце скончыцца добра. Пралог пачынаецца з буры, прычым даволі рэалістычнай. Брата і сястру разлучыла смерць — так думаў кожны з іх. Яны выжылі, але бура раскідала іх па розных канцах Ілірыі. Віёла, каб справіцца са стратай і выжыць адной у чужым краі, апранаецца ў мужчынскае адзенне. Цяпер яе не адрозніць ад Себасцьяна, яе брата.
Падзеі змяняюць адна адну даволі хутка — кожную ноч, якіх, адпаведна з назвай, дванаццаць. Дзень і ночь — месяц і сонца, з’яўляюцца на сцэне, калі трэба паказаць змену сутак.
Віёла служыць герцагу Арсіна, таемна закаханая ў яго, спрабуе яму дапамагчы дабіцца сэрца Алівіі. А Алівія не хавае, што той даспадобы Віёла, якая паўстае перад гледачом у вобразе маладога хлапчука.
Мой любімы персанаж — шут Фестэ. Ён і разумны, і смешны, а ягоныя спевы — увогуле нешта анёльскае. Дзякуючы Фестэ шматлікія дзеянні суправаджаюцца музыкай, што, на маю думку, вельмі ў тэму.
На сцэне з’яўляюцца розныя музычныя інструменты: ханг, гітара, — а ў нейкі момант паўстае струнны квартэт з падсвечнікамі на галавах. Смешнае спалучаецца з прыгожым, толькі што смяяўся — цяпер здзіўляешся. І так увесь спектакль. Заканчваецца ўсё вяселлем, і не адным, а трыма. Брат з сястрой дазналіся, што яны жывыя.
Мне ўвогуле вельмі спадабалася, якая простая была пастаноўка для ўспрымання — тое, што патрэбна пасля працоўнага дня. Ніякіх складаных сюжэтаў, ніякіх патаемных думак. Быццам бы ўсё ляжыць на паверхні. Хоць гэта і Шэкспір, сам па сабе даволі шматгранны, якога можна аналізаваць і аналізаваць, дзякуючы спрошчанаму перакладу п’есы гледачам не прыходзіцца доўга і глыбока думаць — рэжысёр зрабіў гэта за нас. Калі вы хочаце добра правесці час, пасмяяцца і адпачыць, пастаноўка будзе сапраўды для вас.
Ганна БЕЛАЯ, фота аўтара
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны