«Shadow of the Erdtree» – найлепшы ці найгоршы дадатак у гісторыі?
Рубрыка: «Level 80»
Калі вы яшчэ не заўважылі, як моцна мы любім «Elden Ring», ведайце: гэта жалезабетонны факт. Як-ніяк, «ER» стаў нашым першым пройдзеным соўлс-лайкам. «Кольца Элдэна» – самая вялікая гульня Хідэтакі Міядзакі на дадзены момант. І ўявіце, як мы ўзрадаваліся, калі 21-га чэрвеня да яе выйшаў дадатак, які зрабіў той гіганцкі сусвет яшчэ большым… Прайшоўшы кожнага боса і сабраўшы амаль усе прадметы, мы гатовыя разабраць дапаўненне «Shadow of the Erdtree».
Гульнявыя журналісты паставілі яму 95 балаў, арыгіналу – 96. Падобна на тое, што ў распрацоўніка «FromSoftware» сапраўды атрымалася зрабіць шыкоўнае пашырэнне, якое не саступае арыгіналу! Некаторыя нават называюць «Shadow of the Erdtree» сапраўдным сіквелам (асабліва у наш час, калі сіквелы – гэта, наадварот, тое, што нядрэнна было б назваць дадаткам).
Пачнем з гульнявога свету, з Земляў Ценяў. Новая карта неіранічна з’яўляецца канцэнтратам «Elden Ring». Як і раней, пры выхадзе з пачатковага цёмнага падзямелля, першыя пяць хвілін ты назіраеш вялікую колькасць прыгожага, незвычайны пейзаж ў вытрыманым стылі. Як нейкі напаўпразрысты вэлюм накрывае напалову згнілае Дрэва Заняпаду, што сачыцца смалой. А за ім, глыбока ў нябёсах, льецца чароўнае святло – гэта цудоўна і не менш. Шэсць новых лакацый, якія, як і ў арыгінале, моцна адрозніваюцца адна ад адной і даступныя да даследавання амаль адразу. У «Shadow of the Erdtree» новыя візуальных рашэнні: сталі дадавацца колеракарэкцыя і ўнікальнае, прывязанае да лакацый надвор’е. Сустракаюць нас быццам бы бязмежныя пшанічныя палі Раўніны Надмагілляў і від на Дрэва Заняпаду. Тут заўсёды па-боску сонечна і спакойна. А ступаючы ў нетры Зубчастай гары, хмары рэзка згушчаюцца, б’юць драконавы маланкі, экран чырванее, неба асвятляецца барвовым зарывам, і ты пачынаеш нервавацца, гадаючы, хто можа хавацца на вяршыні… А ёсць поўная супрацьлегласць гэтай лакацыі — Блакітнае ўзбярэжжа. Настолькі мiрнага i спакойнага пейзажу ў соўлс-лайках мы не сустракалі. Хочацца легчы, адчуць акіянскі брыз, пазбіраць неонава-сінія кветачкі, калі атрымаецца – пасябраваць з крабамі. І гэта далёка не ўсе сюрпрызы, што чакаюць гульца, але не будзем больш спойлерыць.
Зараз распавядзём пра найважнейшае ў соўлс-лайку, па меркаванні шматлікіх, – пра босаў. Усе, мусіць, хто больш-менш цікавіцца дадаткам, бачылі першых босаў: Рэлану, рыцара Падвойнага Месяца і Святога танцуючага льва. Смела можам сказаць, што гэта адны з самых збалансаваных босаў DLC, у якіх няма чагосьці несумленнага ў арсенале ў дачыненні да гульца. Бітвы з імі здаюцца, па праўдзе кажучы, танцам, як гэта было з Годфры, першым Уладаром Элдэна ў арыгінале. Мячы Рэланы мы наогул лічым адной з найлепшых зброй у гульнях FromSoftware. Але вось астатнія босы… Будзем казаць пра іх завуаліравана, каб тыя, хто яшчэ сам не апрабаваў гульню, змаглі адчуць той вопыт без спойлераў. Увогуле, апошні бос – гэта ледзь не самы несумленны супернік, створаны Хідэтакай Міядзакі. Яго першая фаза – сапраўды выдатны гульнявы вопыт, але другая… гэта ціхі жах, у якім няправільна літаральна ўсё. Крыва зробленыя атакі па вобласці, якія кранаюць гульца нават на даволі вялікай адлегласці. Моманты, калі бос можа застыгнуць у анімацыі, стаўшы непаражальным на секунд 10. І куды ж без у прамым сэнсе БЯСКОНЦЫХ атак, без часу на перапынак. Гэтак жа зусім незразумелым і зламаным нам здаецца паўсакрэтны бос, за якім ляжаць 5 асколкаў Дрэва Заняпаду. Незнарок сустрэўшы яго, вы літаральна можаце разбіць свой геймпад ці клавіятуру, здзіўляючыся, што з гэтым босам не так. Ён хутчэйшы за гульца разы ў два, мае велізарную колькасць урону і здароўя і ўмее «спаміць» атакамі па вобласці.
Ну, ачмурэць можна!
Аднак не ўсё так дрэнна.
Усё далёка не так дрэнна, як можа здацца.
Гэтыя двое босаў з’яўляюцца толькі малым адсоткам ад астатніх 40. Нам вельмі спадабалася ваяваць з агнявымi големамі, з сакрэтнымi босамі пад царквой Міціра, у глыбінях Бездані і ў падножжа Дрэва Заняпаду. Эфекты, анімацыі, агучка і МУЗЫКА (менавіта «капсам», таму што яна шэдэўральная) – усё гэта на вышыні на працягу ўсіх бітваў. DLC перапоўнена сапраўды выдатнымі ворагамі, якіх прыемна перамагаць. Няхай два-тры баi відавочна не на карысць гульца, але на выніковую адзнаку гэта ўплывае зусім не моцна.
З агляднай часткай скончана, паехала аналітыка. 40% гульцоў былі засмучаныя дадаткам (цяпер, пасля калiбровачнага патчу, ужо толькі 30%). Большасць збянтэжыла «дзіўная» сістэма прапампоўкі, якая ў сутнасці сваёй абясцэньвае паслугі гульца. Працуе яна толькi ў межах дапаўнення i выключаецца ў арыгiнале. Уявіце, чалавек, які запусціў «ER» роўна 28 хвілін таму (столькі «спідранерам» – людзям, якія праходзяць гульні на хуткасць – патрэбна часу, каб дабрацца да ўваходу ў дадатак) і чалавек з сотняй нагуляных гадзін абсалютна роўныя па сіле на старце «Shadow of the Erdtree»… Нармальна, калі з аднаго ўдару гулец першага ўзроўню памірае, але і двухсотыя «лэвэлы» загінаюць гэтак жа (насамрэч, мы хітрым, іх заб’юць з аднаго з паловай удару).
Працяг чытайце ў часопісе №7
Алена Шух i Сяргей Старычонак
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны