Вожык Дзям’ян

Па сцежцы ішлі дзядуля Лясун з вожыкам Дзям’янам і аб чымсьці ціхенька спрачаліся. Дзям’ян, канешне, не быў злым, але любіў пабурчэць і лічыў сябе самым разумным і дасведчаным.

– Канешне, можа яно і прыгожа навокал. Але я трохі падслепаваты і гэтага не заўважаю. Што мне тыя кветкі або ўсякія расліны? Я іх не ем. Каб знайсці нешта смачнае або заўважыць драпежніка, выручаюць вушы і нос. Ноччу і схавацца лепей. Нашто мне тое сонца? – сур’ёзна разважаў вожык.

– Твая праўда, Дзям’ян. Кожнаму сваё, – пагадзіўся Лясун. – Ну, будзь здароў! Нешта хмаркі на небе цёмныя паўзуць, каб не было дожджу.

– Так, трэба і мне ісці да свайго гнязда. Спадзяюся, што не сустрэну ваўка ці ліса. А калі і сустрэну, то скручуся клубком і не дастануць мяне зубастыя.

– У гэтым ты майстар, – з усмешкай адказаў Лясун.

Колькі разоў прыходзілася дзядку лячыць драпежнікаў, якія спрабавалі «пагутарыць» з вожыкам. Мала ў каго з’яўлялася жаданне яшчэ такое паўтарыць: калючкі ў Дзям’яна доўгія і вострыя. Развіталіся і разышліся сябры кожны ў свой бок. А тым часам стары воўк Ваваныч выйшаў на паляванне. З учорашняй раніцы ён нічога не еў. Ішоў воўк сумны, прыслухоўваўся, шукаў сабе здабычу. Раптам пачуў Ваваныч нейкі шум.

– Не разумею. Нехта песню спявае такім дурным голасам? То сапе, то пыхкае, то мыркае нешта. Трэба праверыць, – узрадаваўся воўк і пабег. Хутка ўбачыў вожыка і задаволены выскачыў яму насустрач.

– Прывітанне, калючка! Чаго шуміш з раніцы? – весела рыкнуў воўк. – Вось я зараз і паснедаю.

Спужаўся Дзям’ян і хутка скруціўся ў клубок.

Ваваныч паглядзеў на вожыка і кажа:

– Твае хітрыкі больш не дапамогуць. Ведаю я ўжо, што цяпер рабіць. Ліс Яўхім мяне навучыў. Трэба цябе ў ваду кінуць, тады ты і раскрыешся. Але дзе яе ўзяць?

Паглядзеў воўк па баках і кажа сам сабе:

– Трэба гэты калючы шар каціць да ракі! Нялёгкая справа, але і галодным хадзіць не будзеш.

Стаў Ваваныч піхаць лапамі вожыка. Колюць іголкі, лапы баляць, а страўнік ад голаду бурчыць. Зусім бяда! Вые ад болю галодны воўк, але не спыняецца. Пакалоў Ваваныч лапы ўсе ў кроў, але дакаціў да ракі вожыка і спіхнуў яго ў ваду. Плюхнуўся Дзям’ян і канешне раскруціўся. Але не ведаў воўк, што вожыкі добра плаваюць. Падхапіла Дзям’яна хуткая плынь і панесла ад берага. Завыў ад злосці воўк:

– Каб ты ўтоп у гэтай рэчцы! Каб цябе шчупакі з’елі! Каб з тваёй скуры ракі хату зрабілі! А Яўхіму, за яго навуку, я морду абавязкова наб’ю!

Кульгаючы на пярэднія лапы, пабрыў небарака да Лесуна, каб палячыў. А бедны вожык змагаўся з плынню. Хоць і ўцёк ён ад ваўка, але прамокла яго шэрстка і стаў Дзям’ян тануць.

– Вось і скончылася маё жыццё, – прамармытаў небарака і стаў апускацца на дно. Нешта цёмнае і вялікае падштурхоўвала яго да берага. З усіх лап плыў Дзям’ян і праз некалькі хвілін дабраўся да мелі. Хутка ён выпаўз на траву і здзіўлена паглядзеў на свайго выратавальніка. Велізарны сом з доўгімі вусамі глядзеў на яго з вады.

– Вялікі дзякуй табе, дружа, ніколі не забуду тваёй дабрыні, – прамармытаў вожык.

Нічога не адказаў сом. Плюхнуў на развітанне па вадзе хвастом і знік. А Дзям’ян трошачкі супакоіўся і ціхенька пабег да свайго гнязда сушыцца…

                                                                                      Андрось ЧАБАРОК

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *