Маршрут праз паэтычнае сэрца
Рубрыка «Заяўка на Парнас»
Мастацтва паэзіі мае здольнасць прабуджаць патаемные пачуцці людзей. Калі мы чытаем вершы, у нетрах душы знаходзім нешта жыццёвае для сябе. Недзе ў вас адгукнуўся сэнс, а недзе — форма. Але ж паэзія заўсёды заклікае чытачоў выпусціць свае пачуцці. Наш новы аўтар — Лішын Мацвей — вандроўнік па літарах. Нарадзіўся 29 лістапада 1987 года ў Гомелі. Скончыў факультэт традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Жыве і стварае ў Мінску. Ён адкрыў для мяне поўную палітру беларускіх эмоцый і пачуццяў. І я, Ганна Белая — аўтарка праекта, запрашаю Вас іх адчуць.
***
Каханне — моцнае, глыбокае пачуццё, якое вызывае ў чалавека не толькі трапятанне чулага сэрца, але і буру іншых адчуванняў. Гэта і прыхільнасць да іншага чалавека, і адданасць, а таксама замілаванне і любоў.
Няўтульна і неяк самотна,
Бо зараз я тут без цябе.
Халодна… і быццам турботна.
У нейкай сляпой барацьбе.
Сяджу паміж долам і небам.
Гляджу — паабапал бетон.
Не лезе кавалачак хлеба…
Кудысьці прапаў з ложка сон.
Злячу да цябе белай птушкай…
Бо я без цябе ёсць не я.
Хай наша жыццё — кінастужка,
Паўзе быццам тая змяя…
Аддам, безумоўна, я цалкам
Табе да драбiнкі сябе.
Чакаю, каханая, ранка,
Бо стрэну з iм вочы твае.
***
Шчасце — стан праяўлення поўнай гармоніі розума і душы, пад’ём настрою, успышка станоўчых эмоцый. Гэта атрымліванне асалоды ад момантаў ці свайго лёсу цалкам.
О, як шыкоўна — апантаны,
дзе месяц травень сонца лье,
ад зеляніны дужа п’яны,
ніхто настрой не сапсуе.
Увогуле няма нічога,
Таго, што перашкодзіць жыць.
Адзіны шлях, адна дарога.
Вясна усмешкамі гарыць.
***
Самота — пачуццё супярэчлівае. Для некаторых людзей гэта цяжкае адчуванне кома ў грудзях, калі ты адчуваеш менавіта адзіноту без іншых людзей. Але бывае і адваротны бок самоты — калі табе добра ў кампаніі сябе. Але для аўтара гэта зламанасць, пакорлівасць і бездапаможнасць, прыгнечаны настрой і сум.
Бяжым усе да нечага святога,
Скрозь цемру, непраглядны дым.
Ці спраўдзіцца абраная дарога,
Альбо знянацку там згарым.
Бо марылі шчаслівымі прачнуцца,
Узнесціся над мітуснёй.
Але падковы вельмі цяжка гнуцца…
І дзень змяняецца хлуснёй.
Ганна БЕЛАЯ,
Мацвей ЛІШЫН
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
