«Прабач, я ўсяго ж хацела зберагчы яе»: агляд новай часткі «Галаваломкі»
Рубрыка «Праектар»
Чарговы шэдэўр Pixar выйшаў на экраны Беларусі напрыканцы чэрвеня і ўжо паспеў захапіць сэрцы тысяч беларусаў.
«Яны чакалі 9 гадоў да выпуска другой часткі, каб мы падраслі і асэнсавалі яе так, як трэба» — пішуць гледачы ў Тыктоку пасля прагляду «Галаваломкі 2». І сапраўды: пакаленне зумераў пазнаёмілася з першым мультфільмам у 2015, калі былі ва ўзросце 5-8 класаў, як і яго галоўная гераіня Райлі. А зараз гледачы маюць файную магчымасць адчуць, як гэта — развівацца побач з любімымі і добра знаёмымі персанажамі.
Мультфільм быў адной з самых доўгачаканых прэм’ер 2024 года. Ён канкурыраваў з такім кінатытанам, як «Дзюна 2» і яго акторамі сусветнага маштабу — Цімаці Шаламэ і Зендэяй. Тым не менш, неверагодны поспех «Галаваломкі» яны не змаглі паўтарыць: сіквел стаў першым фільмам 2024 года, які сабраў адзін міл’ярд даляраў у сусветным пракаце.
Пра што мульцік?
Як і ў першай частцы, нам пакажуць жыццё дзяўчынкі Райлі. Мы зноў апынемся ў свеце, дзе эмоцыі падобныя да людзей і кіруюць намі праз кансоль у галаве. Цікава назіраць не столькі за сувяззю эмоцый і чалавека, колькі за ўзаемадзеяннем пачуццяў паміж сабой.
У першай частцы гераіня была яшчэ дзіцём і пачынала пазнаваць свет. Тады ёй кіравалі Радасць, Туга, Гнеў, Страх ды Гідлівасць. Але дзяўчыне споўнілася 13 год і яна пачала пераходзіць у пубертатны перыяд. Праз гэта ў галаве ладзіцца капітальны рамонт і з’яўляюцца нечаканыя госці з цвёрдым намерам застацца тут назаўсёды. Колішнія героі вымушаны пасунуцца: ім трэба будзе паладзіць з Сорамам, Нудой, Зайздрасцю і самай няўрымслівай — Трывожнасцю.
На фоне шматлікіх канфліктаў паміж эмоцыямі, Райлі чакае сустрэча з падлеткавай рэальнасцю, дзе ёй прыйдзецца абіраць паміж розумам і сэрцам, старымі і новымі сяброўкамі. Жыццё заўсёды падкідае новыя праблемы, да якіх немагчыма быць падрыхтаваным на 100%.
Цэнтральныя героі. Трывожнасць цяпер галоўная?
Нечаканая жыхарка з’яўляецца першай, з купай чамаданаў за плячыма, дужа падобнымі да псіхалагічных траўм. З першых секундаў яна дэманструе, што для добрай будучыні Райлі гатова на ўсё. Як высветліцца пазней — нават пазбавіцца ад старых эмоцый. Імкненне прадумаць мільёны сцэнарыяў магчымай бяды і гадзінамі іх прапрацоўваць здзіўляе і часам пужае. Трывожнасць не бачыць нікога вакол сябе і стварае новую Райлі, якой кіруе амаль самастойна, бо лічыць сябе найлепшым прафесіяналам, здольным зберагчы дзяўчыну ад усяго на свеце, што, зразумела, немагчыма.
«Дзякуючы» новай гаспадыні гераіню даканала бяссонніца і яна пачынае спрачацца са старымі сяброўкамі і амаль страчвае саму сябе. Райлі — хакеістка. Трывожнасць хацела зрабіць з яе найлепшую спартсменку, таму прымусіла лічыць сябе найгоршай за ўсіх і безперапынна трэніравацца.
Усё гэта прыводзіць да першай панічнай атакі: у галаве пачынаецца сапраўдны вэрхал, і ніхто не ведае, як яго спыніць.
Радасць здае пазіцыі?
Ёй заўсёды было цяжка прыняць новыя эмоцыі. У першай частцы яна не магла пасябраваць з Тугой, у другой ворагам стала Трывожнасць. Таксама можна заўважыць агульныя рысы паводзін Радасці і Трывожнасці ў новай частцы. Яны абедзве намагаліся цалкам кіраваць Райлі: Трывожнасць захапіла кансоль, а Радасць проста выкінула сумныя эмоцыі. Але ж і першае, і другое было несправядліва..
Акрамя таго, трэба вырашыць іншыя пытанні. У галаве дзяўчыны адбываецца поўная блытаніна, а Радасці неабходна кантраляваць ўсё як лідару. Трэба дапамагаць падапечнай збергачы псіхічнае здароўе ў цяжкія хвіліны. Пераадольваючы сябе, Радасць мірыцца з Трывожнасцю і разам яны ствараюць моцную самасвядомасць. Цяпер характар грунтуецца не толькі на пачуццях, але і на сіле волі.
«Не табе вырашаць, якой будзе Райлі», — кажа Радасць Трывожнасці, калі ўсё пайшло не па плане.
Што ў выніку
Новая частка здзіўляе: эмоцыі вельмі падобныя да жывых людзей і пражываюць пачуцці, супрацьлеглыя сабе. Радасць упершыню зліцца і крычыць. Гнеў вучыцца адступаць, а Трывожнасць марыць аб адпачынку.
Дэтальная праца сцэнарыстаў з псіхолагамі дазволіла рэалістычна адлюстраваць чалавечыя пачуцці. Райлі асабліва палюбілася аўдыторыі. Шмат хто у каментарах адзначаў: «Няўжо ў медыя паказалі сапраўднага падлетка, які ён ёсць насамрэч ».
Нягледзячы на тое, што мультфільм распавядае пра жыццё дзяўчынкі 13 гадоў, яго цікава паглядзець і дарослым. У cтужцы раскрываюцца і эмоцыі бацькоў Райлі. Мы можам назіраць за тым, як у канфліктных сітуацыях паводзяць сябе дарослыя. Таму сямейны прагляд дапаможа лепш зразумець адзін аднаго.
Якія высновы я зрабіла пасля прагляду?
Па-першае, не існуе дрэнных эмоцый. Кожная імкнецца зрабіць як мага лепш для свайго чалавека. Па-другое, не эмоцыі кіруюць намі, а мы імі. Так, гэта цяжка, калі цябе захопліваюць панічныя атакі ці прыступ агрэсіі. Але ж мы павінны намагацца не дазваляць пачуццям змяняць якасць нашага жыцця.
Дар’я ВЯРЭНІЧ
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны