Як лёгка пачаць навучальны год? Парады ад будучага псіхолага

Рубрыка: «Псі-факторыя»

       Каб маральна падрыхтавацца да восені i пачатку школы, прапаную вам сваю дапамогу. Мы пагутарым пра узаемасувязь фiзiчнага і псіхалагічнага стану, трошкi кранём сацыяльныя праблемы i паспрабуем пакласцi некалькi цаглінак на перабудову свайго мыслення.

       Па-першае, трэба паразважаць, якія ў вас асацыяцыі са словазлучэннем «новы навучальны год». Што за пачуццi i эмоцыi выклікаюць гэтыя словы?  Што цi хто з’яўляецца крыніцай гэтых адчуванняў? Якіх эмоцый больш: станоўчых ці адмоўных?

Калі адмоўных — давайце разбірацца, як зменшыць іх колькасць.

Фiзiчны i псiхалагiчны стан

У кнiзе «Матывацыя i асоба» (дарэчы, вельмі раю прачытаць) псiхолаг Абрахам Маслоў сцвярджае: чалавек не можа імкнуцца да чагосьці «высокага», пакуль яго базавыя патрэбы не закрытыя.

Усё пачынаецца з простага. Для пачатку паспрабуйце наладзiць рэжым сну i яды. Неабходна, каб хапала часу добра выспацца і прыгатаваць з раніцы нешта пажыўнае і смачнае. Тады ў вас будзе болей сіл на ўвесь дзень, і вучыцца стане лягчэй.

Таксама важна, ў якой атмасферы вы займаецеся. На працоўным стале намагайцеся падтрымліваць чысціню, і тады зможаце лепш выконваць заданні. Памятайце: «Чысціня вакол мяне — чысціня унутры мяне».

У школе на перапынках не саромейцеся выходзіць на вуліцу і дыхаць свежым паветрам — гэта дапаможа «разгрузіцца» і адправіцца на наступны занятак.

Такiя маленькiя змены крыху спросцяць штодзённыя клопаты і дапамогуць рухацца далей.

Сацыяльныя праблемы

Людзi вакол таксама спрыяюць якасці нашай вучобы. Кожны з нас мае розны характар, тэмперамент i сацыяльную актыўнасць. Важна ведаць сябе і спрабаваць зразумець характар сваіх аднакласнікаў, тады будзе лягчэй з імі стасавацца. А калі не атрымоўваецца і вы не ведаеце, што рабіць у канфліктных сітуацыях, раю не баяцца прасiць парады ў школьнага псiхолага, класнага кiраўнiка і iншых людзей, якiм вы давяраеце.

Калі вам цяжка завесці сяброў у сваім класе, можна знайсці іх у іншых месцах: гэта можа быць гурток, факультатыв ці секцыя па-за межамі школы.

Перабудова свайго мыслення

Прыём, які дапаможа паспрыяць эфектыўнай вучобе, — «Матрыца Эйзенхаўэра». Гэта метад тайм-мэнэджменту, які дапамагае расстаўляць прыярытэты: рабіць важнае і не марнаваць час на непатрэбнае. Падзяліце паперу на чатыры квадраты.

1) У верхні левы запішыце важныя задачы, якія трэба зрабіць хутка. Гэты спіс неабходна вырашаць у першую чаргу.

Прыклад: напісаць хатнее заданне па матэматыцы на заўтра.

2) У верхні правы запішыце важныя задачы, якія можна адкласці на потым. Заплануйце, у які дзень і час іх вырашыць.

Прыклад: запоўніць дзённік на наступны тыдзень. Выканаць у вечар суботы.

3) У ніжні левы запішыце няважные задачы, але тыя, якія трэба хутка зрабіць. Іх неабходна выконваць пасля першага пункта.

Прыклад: завастрыць аловак на заўтра.

4) У ніжні правы запішыце няважные задачы, якія не трэба вырашаць тэрмінова. Іх можна ўвогуле не рабіць! Жартую, такія заданні разглядайце ў апошнюю чаргу. А калі вы занадта стаміліся — можна перанесці іх рашэнне на заўтра.

Я спадзяюся, вам стане прасцей вучыцца пасля гэтых падказак. Беражыце сваё фізічнае і псіхалагічнае здароўе ды не забывайцеся адпачываць. Усiм зычу цудоўнага канца лета і добрага настрою да верасня!

Кацярына ГЕЛЕЖА,
БДПУ

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *