Жыжаль
Рубрыка: Міфалогія
А ці думалі вы, хто выклікае засуху і пажары ў лясах ды палях? Ці можа нават не ведалі, што ў беларускай міфалогіі быў той, хто саграваў зямлю сваім падземным цяплом?
Богам агню і апекуном рамёстваў у старадаўніх беларусаў лічыўся Жыжаль. У дрэнным настроі, злосна топчучыся па сваёй вогненнай кузні, ён выпускаў агонь так, што спальваў датла ўсё навокал. А калі быў нічым не раззлаваны, трапятліва саграваў зямлю сваім полымем.
Па-іншаму яго яшчэ называлі Жыж ці Жыжак. Ёсць меркаванне, што боства і яго імя пайшлі ад прымавак і дзіцячай назвы агню — жыжа.
Жыжаль уяўляецца як бог-каваль, які ўвесь час стварае зброю. Калі ён злуецца ці шмат працуе, кузня пераграваецца і высушвае землі, што прыводзіць да пажараў. Ёсць розныя варыяцыі яго гневу: ён мог сам гарэць і выпускаць агонь, гнеўна каваць і раскідваць агнявыя іскры, або адзіным подыхам спаліць наваколле. Навошта яму зброя — таксама супярэчлівы момант. Лічыцца, што Жыжаль быў супраціўнікам Перуна і ствараў зброю, каб звергнуць яго. Аднак чаму такая версія існуе, не зразумела, бо звестак пра канфлікты паміж гэтымі багамі ў беларускай міфалогіі няма.
Але мы можам дапусціць, на якой глебе ўзнікаюць такія высновы. Старадаўнія беларусы лічылі агонь першакрыніцай жыцця на зямлі. І надавалі яму магічнае значэнне. Існуе шмат легендаў пра тое, што агонь з’явіўся пасля моцнага ўдару маланкі ў зямлю. А богам маланкі продкі лічылі Перуна. Атрымліваецца, што менавіта ён і спусціў на зямлю агонь? А вось тут і ўзнікае гэтая супярэчлівасць. Ёсць легенда пра тое, як Пярун з-за вялікай моцы Жыжаля як уладара падземнага агню хацеў яго прыструніць ці наогул знішчыць. І падчас іх бойкі, калі Пярун спусціў на зямлю яшчэ адну маланку, Жыжаль абараніўся, ахапіўшы зямлю агнём. Чалавек захаваў яго і атрымаў важную крыніцу для жыцця. Успрымаючы агонь як следства маланкі, Перуна пачалі лічыць яго стваральнікам. А Жыжаль затаіў на яго яшчэ большую крыўду і з таго моманту рыхтуецца да часу помсты. Аднак нельга забываць, што ў беларускай міфалогіі шмат бостваў, адказных за агонь, і Жыжаль лічыцца богам толькі падземнага агню.
Да людзей Жыж вельмі літасцівы. Як апякун рамёстваў, ён спрыяе ўсёй вытворчасці, якая звязана з агнём, і ўсяляк дапамагае творцам. Ёсць згадкі, што некаторыя кавалі заўсёды пакідалі ў кузні для яго кавалачак хлеба і чарку мёда. Але дакладных традыцый і рытуалаў, звязаных з яго ўшанаваннем, не згадваецца.
Складана ўявіць, што пад зямлёй сапраўды можа жыць шмат стагоддзяў вялізны бог агню. Але не так ужо і дзіўна падчас пажару ўбачыць у языках полымя твар вогненнага боства з рудой палаючай барадой. Бо, як кажуць, хто баіцца, таму ўваччу дваіцца!
Ці стаў Жыжаль увасабленнем дзіцячых слоўцаў і народных прымавак, ці з’явіўся дзякуючы вялікаму значэнню агню ў вераваннях старадаўніх беларусаў, мы не ведаем. Але адно можна вызначыць дакладна — жывы агонь для нашых продкаў меў велізарную каштоўнасць.
Софія Туронак
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны