Як стаць добрым настаўнікам на прыкладзе майстроў з анімэ «Нарута»

Рубрыка: Фан-клуб

Узаемаадносіны паміж настаўнікам і вучнем — тэма, якая праходзіць праз усё анімэ «Нарута». Трэніроўкі часта застаюцца за кадрам, але філасофская сутнасць працэсу прасочваецца заўсёды. Настаўнік  пры гэтым носіць тытул сэнсэя. Слова «сэнсэй» прыйшло з японскай культуры і ў перакладзе значыць «старэйшы». Важна, што носьбіт гэтага тытула вучыць не толькі навукам і баявым мастацтвам — ён вучыць жыццю, а таксама перадае досвед і навыкі, якія збіраліся папярэднімі пакаленнямі.

Прапаную разгледзець некаторых з іх, каб зразумець, чаму яны навучылі не толькі сваіх вучняў, але і прыхільнікаў анімэ «Нарута». Увага: будуць спойлеры!

Табірама – арганізаванасць

Табірама жыў значна раней за Нарута, але менавіта дзякуючы яму ў Каносе была заснавана Акадэмія ніндзя, што стала першым месцам навучання ўсіх будучых шынобі. Другі Хакагэ высока шанаваў адукацыю і лічыў, што ва ўсіх павінны быць аднолькавая ўмовы навучання, незалежна ад таго, мелі яны сакрэтныя сямейныя дзюцу ці не.

Класы Акадэміі прасторныя і маюць высокія столі, паводле тэорыі, вялікія памяшканні дапамагаюць пашыраць веды. Была распрацавана вялікая колькасць навучальных канонаў: патрабаванні да залічэння, урокі па выкарыстанні чакры, зброі і ручных пячатак, тэарэтычныя і практычныя заняткі і выпускныя экзамены. Пасля заканчэння Акадэміі студэнты атрымліваюць налобны пратэктар, які сведчыць пра прыналежнасць да шынобі Канохі. Дзякуючы Табраме ў вёсцы была пабудавана добрая сістэма адукацыі.

Ірука – пачынае вучэбны шлях

Ірука, выкладчык Акадэміі ніндзя, быў першым настаўнікам пакалення Нарута. Менавіта ён адчыняе для дзяцей свет ніндзя. Ён працуе з упартымі вучнямі, у якіх пакуль маленькі досвед, але вялікі патэнцыял. Ірука валодае базавымі, але не выключнымі баявымі навыкамі. Яму патрэбна іншае: любоў, шчырасць і спачуванне да будучага свету шынобі, уменне правільна раскрыць індывідуальнасць кожнага. І з усімі гэтымі патрабаваннямі ён цудоўна спраўляецца.

На працягу ўсяго анімэ Нарута кажа, што Ірука стаў першым, хто паверыў у яго. Так першы настаўнік незваротна змяніў жыццё галоўнага героя на лепшае.

Какашы – камандная праца

Пасля сканчэння Акадэміі студэнтаў размяркоўваюць у каманды па тры чалавекі для ўжо больш прафесійнага навучання. Какашы быў настаўнікам каманды Нарута, Саске і Сакуры. Напачатку здаецца, што ён увогуле не разумее падлеткаў: паводзіць сябе празмерна сур’ёзна і ўвогуле пагражае адлічэннем.

Аднак з цягам часу Какашы раскрываецца нам як глыбокая асоба. На падставе свайго досведу галоўнай мэтай навучання ён ставіць камандную працу. Ён дае вучням зразумець, што яны не могуць спадзявацца толькі на сябе, умацоўвае давер да іншых і робіць юнакоў сябрамі.

Асума – індывідуальны падыход

Асума — настаўнік, які сапраўды разумее, што матывуе яго вучняў. Ён узнагароджвае Чоджы за асваенне складаных дзюцу ежай, бо ведае, што для юнака гэта найлепшая матывацыя. Ён прымае саркастычны характар Іна. Заўважае глыбокі аналітычны розум Шыкамару. Пасля гэтага і пачалося бясконцае спаборніцтва Асумы і Шыкамару ў сёгі (заўв. аўт. сёгі — японская настольная лагічная гульня шахматнага тыпу) дзеля развіцця прынцыпу стратэгіі вучня. Чоджы, Іна і Шыкамару шанавалі Асуму за тое, што ён адчуваў кожнага з іх.

Куранайпадтрымка і клопат

Гледачам анімэ неаднаразова падкрэсліваюць, што Куранай — найлепшая ў сферы гендзюцу. Мы бачым, што ў адносінах да Кібы, Шына і Хінаты Куранай ажыццяўляе моцную падтрымку. Яна бярэ Хінату пад сваё крыло, калі бацька выракаецца дачкі. На яго думку дзіця не мае таленту, а таму не вартая быць шынобі. Але Куранай заклікае Хінату не звяртаць на гэта ўвагі і трэніравацца. Настаўніцу хвалююць не толькі баявыя навыкі вучняў, але і іх асабістыя якасці.

Гай – жыццёвы энтузіязм

Гай валодае такім жыццёвым энтузіязмам, з якім можа супернічаць толькі яго вучань Лі. Гэты энтузіязм разам са здольнасцю ператвараць усё ў спаборніцтва натхняе маладых ніндзя. «Сіла юнацтва!», — вось слоган Гая. Гэта і дапамагло Лі, хлопчыку, у якога не атрымліваліся базавыя дзюцу, стаць геніем. Не талент, а зацятасць і праца, прывітыя настаўнікам, зрабілі яго такім. Дзякуючы гэтаму Гай становіцца маральным арыенцірам маленькага вучня на ўсё будучае жыццё.

Джырая – пустэльнік дзеля міру

Аднойчы Вялікая Жаба-Мудрэц прадказала, што дзіця прароцтва, якое прынясе вялікія змены ў крывавы свет ніндзя, будзе вучнем Джыраі. Пасля гэтага Джырая не раз адракаўся ад усяго свету, зрабіўшыся сапраўдным пустэльнікам. Ён падрыхтаваў адных з самых моцных не толькі з пункту гледжання сілы, але і з пункту гледжання глыбіні філасофіі, вядомых нам шынобі: Міната, Яхіка, Нагата, Конан, і, вядома ж, Нарута.

Акрамя таго, Джырая — сапраўдны настаўнік-панк і адрозніваецца неардынарным падыходам да навучання. Ён не баіцца даваць Нарута складаныя заданні. Але, нягледзячы на ўсё гэта, умацоўвае маральны дух хлопца і нават замяняе яму бацьку. Падчас інтэрв’ю Масасі Кісімота адзначыў, што сярод усіх адносін па прынцыпе вучань-настаўнік, адносіны Джыраі і Нарута падабаюцца яму больш за ўсё.

Усе гэтыя майстры дапамаглі Нарута стаць сабой, бо кожны ўклаў найлепшыя якасці ў свайго вучня. Ідэальна, калі названыя рысы будуць у настаўнікаў не паасобку, а ў кожнага і ўсе. Таму, калі шукаеце крыніцу натхнення ў гэтым накірунку, анімэ сапраўды можа вам дапамагчы.

Аліна ПАСАВЕЦ

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *