Посткросінг: новае хобі для ўсіх
Посткросінг — гэта праект, які дазваляе вам адпраўляць і атрымліваць у адказ паштоўкі ад выпадковых людзей па ўсім свеце. Існуе сайт, дзе людзі могуць знайсці аднадумцаў у гэтым незвычайным хобі. У 2022 годзе на ім было зарэгістравана 800 тысяч чалавек з 209 краін.
Мэта сайта — камунікацыя людзей з усім светам. Вы можаце атрымаць ліст ад чалавека, які жыве ў месцы, пра якое вы нават не чулі. Гэта дакладна пераўтворыць ваш звычайны паход да паштовай скрыні ў штодзённую радасную падзею.
Як гэта працуе?
- Адкрыйце сайт www. postcrossing.com.
- Зарэгіструйцеся на ім.
- Дадайце інфармацыю пра сябе (напішыце, якія паштоўкі вы хацелі б атрымліваць, вашыя любімыя фільмы, кнігі, краіны і г. д.).
- Запытайце адрас і ідэнтыфікатар паштоўкі, затым націсніце кнопку “Адправіць паштоўку”.
- Дашліце яе на гэты адрас.
- Атрымайце паштоўку ад іншага посткросера!
- Зарэгіструйце атрыманы вамі ідэнтыфікатар паштоўкі.
Падказка! Чым больш паштовак вы дасылаеце, тым больш атрымаеце ў адказ!
Як абраць марку?
У Беларусі намінал маркі абазначаюць з дапамогай Літарнага падзелу. Маркі, якія выкарыстоўваюцца для посткросінгу, гэта N, M, H, P.
Літара «N» адпавядае тарыфу на перасылку міжнароднай простай паштовай непрыярытэтнай карткі. Літара «M» — прыярытэтнай.
Літара «Н» адпавядае тарыфу на перасылку міжнароднай простай пісьмовай карэспандэнцыі масай да 20 г уключна непрыярытэтнай. Літара «Р» = «С» — прыярытэтнай.
Прыярытэтныя паштовыя адпраўленні перавозяцца самым хуткім шляхам (паветраным або наземным).
Непрыярытэтныя паштовыя адпраўленні — тарыф прадугледжвае больш працяглыя тэрміны апрацоўкі і дастаўкі.
Як абраць паштоўку?
Пасля атрымання кода і адраса адпраўлення карткі вы бачыце інфармацыю пра чалавека-атрымальніка. Што яму падабаецца, яго інтарэсы, што ён хацеў бы пабачыць у сваёй паштовай скрыні. Карацей кажучы, усе перавагі і пажаданні.
Я, напрыклад, стварыла сваю серыю паштовак для гэтай справы. Можа, для вас гэта таксама стане добрай ідэяй.
Посткросінг прадугледжвае, што вы адпраўляеце паштоўку без канверта, але некаторыя хочуць атрымаць і яго. Звяртайце ўвагу на гэты пункт пры чытанні інфармацыі пра чалавека. Файныя канверты можна купіць у кнігарнях і сувенірных крамах.
Давайце знаёміцца — я посткросер!
Я ведала пра такі рух яшчэ гадоў з сямі, бо гэта было хобі маёй матулі. Я бачыла, якія паштоўкі ёй прыходзяць, і мяне гэта захапляла, натхняла. І вось у лістападзе гэтага года будзе ўжо чатыры гады, як я посткросер. Мая сястра мяне падтрымлівае ў гэтай справе, таму ў нас ужо шмат паштовак. На сённяшні дзень я атрымала іх ажно 247 штук — і столькі ж даслала! Як жа я радуюся, калі атрымліваю запаветную картку і чытаю, што мне напісаў чалавек, што знаходзіцца за тысячы кіламетраў ад мяне. Гэта вельмі крута.
Часцей за ўсё мне прыходзяць карткі з Нямеччыны і Расіі, была нават з Французскай Гвіяны і Нарвегіі. Хаця, калі параўноўваць з іншымі, у мяне іх даволі мала (ёсць посткросеры, у каго больш за 3 тысяч паштовак). Я не ўяўляю, дзе яны іх захоўваюць, бо нават мне ўжо зусім не хапае месца.
Асабіста я адпраўляю паштоўкі з маркай «N» па Еўропе і «M» ва ўсе астатнія краіны.
Часам выбіраю маркі, якія могуць выпускацца з нагоды знамянальных, памятных дат, юбілеяў выдатных асоб. Сярод іх можна знайсці неверагодна прыгожыя.
Посткросінг — хобі, якое дапаможа вам даведацца шмат чаго новага пра людзей з іншых краін. Раю хаця б раз паспрабаваць адправіць паштоўку.
Паўліна ЧАРАПОК
