Жыцень: беларускі бог восені
Ці ведаеце вы, каму пакідаюць апошнія каласкі ў полі? І хто сочыць за гаспадарамі падчас жніва? Сапраўдныя ўладары палёў — Жыцень і Жытняя баба!
Жыцень лічыўся богам восені, які спрыяў росту і выспяванню збажыны і гародніны. Уяўлялі яго старым, худым дзядзькам нізкага росту з ускудлачанымі валасамі. Але меў ён цікавую асаблівасць — трэцяе вока на патыліцы. Бо як жа яшчэ пільна сачыць за ўсімі гаспадарамі?
Часцяком Жыцень, маскіруючыся жабраком з невялічкай торбай, крочыў па вёсках, папярэджваў сялян пра голад і страшыў, каб плённа працавалі. Бо ведаў — дзе гультай ходзіць, там зямля не родзіць!
Была ў Жыценя пара — Жытняя баба. Прыгожая жанчынка з каласамі на галаве і зоркамі па баках. Менавіта ў яе гонар апошні сноп апраналі ў кашулю, абвязвалі хусткай і называлі «бабай». Дзяўчыны, ўпрыгожыўшы валасы кветкамі і вянкамі, з песнямі неслі яе з поля ў двор гаспадара і ставілі ў хаце на покуць (сакральнае месца ў сялянскай хаце, дзе стаяў стол, а зверху вісеў абраз) падчас святочнай вячэры. А потым неслі ў гумно (збудаванне для прасушвання і абмалоту снапоў зерня). Жытняя баба лічылася гаспадаркай поля і маці жыта, а такое ўшанаванне, на думку нашых продкаў, забяспечвала ўраджайнасць наступнага года.
Былі цікавыя абрады і ў гонар самога Жыценя. Самы знакаміты — «Завіванне барады». Апошнія нязжатыя каласкі ў полі рознымі спосабамі перапляталі паміж сабой і пакідалі на зіму ці, як яшчэ казалі, захоўвалі «для птушак». Гэты пучок і называлі «барадой». Таксама яго маглі зразаць і дадаваць ва ўпрыгожаны сноп Жытняй бабы. Па павер’ях зерневага духа яшчэ ўяўлялі ў выглядзе казла, таму назва магла пайсці менавіта ад яго бародкі.
Абрады жніва абавязкова суправаджаліся дажынкавымі песнямі і ўсялякімі прымаўкамі. Святы, звязаныя з земляробствам, заўсёды былі найважнейшымі для беларусаў. Бо, плённа адпрацаваўшы, трэба было падзякаваць багам і напоўніць хату шчырым вяселлем.
Раней усім было вядома, якім коштам сям’я атрымоўвае хлеб — адну з найгалоўнейшых страў на стале беларусаў. І бог, адказны за збажыну і гародніну, адлюстроўвае менавіта тыя рысы, якія прывівалі сваім дзецям нашы продкі: працавітасць, зацятасць і беражлівасць.
А Жыцень і Жытняя баба як сталыя і мудрыя апекуны сям’і сочаць за парадкам поля і захаваннем ураджаю, каб зімой было сыта. Бо не той багаты, хто мае срэбра і злата, а той, хто хлеб мае!
Софія ТУРОНАК
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
