«Смяешся ад жудасці», або як працуюць акторы на хорар-квэстах

Максім ужо трэці год вучыцца ў БНТУ на інжынера-механіка. Усё жыццё хлопца атачалі вучоба (асабліва дакладныя навукі), спорт, вандроўкі з сям’ёй на машыне і гульні ў мяч з сябрамі — нічога звязанага з творчасцю. Сцэнар ягонага жыцця быў тыповы: скончыць універсітэт, адкрыць сваю аўтамайстэрню і тым зарабляць на хлеб. Але як жа моцна змяніўся лёс Макса за апошнія тры восені. Ён паспеў адпрацаваць акторам «Віруса» і ўжо як год з’яўляецца дырэктарам іншага хорар-квэста. Пра гэта сёння і пагутарым.

Як усё пачыналася

Наш герой сутыкнуўся з такой дзейнасцю выпадкова. Ягоны найлепшы сябар працаваў «д’яблам» і аднойчы запрасіў разам прайсці страшны квэст. Па сюжэце яны трапілі ў Англію ХХ стагоддзя, якую ахапіла невядомая хвароба, і неабходна было выбрацца ў карантынную зону.

— Сутнасць такіх гульняў у загадках, якія трэба разгадаць і прыйсці з пункта «А» ў пункт «Б». Але паралельна акторы будуць пужаць вас у вобразе розных пачвар. Дадайце да гэтага атмасферную музыку, дэкарацыі  — і вы галоўны герой у жудасным фільме. Але мы годна прайшлі выпрабаванне, змаглі выйсці жывымі адтуль, — жартуе Макс.

Каб працаваць на квэстах, неабходна быць фізічна падрыхтаваным ды здольным да імправізацыі ў незвычайных выпадках. На той момант яму было ўсяго 17 гадоў, але з-за заняткаў барацьбой ён быў дужа шырокі ў плячах. Гэты 11-класнік даволі лёгка вырашыў усе галаваломкі, таму яму зрабілі нечаканую прапанову.

— Пасля заканчэння гульні да нас выйшаў адміністратар і акторы. Мы падумалі, што нешта зламалі, але не, мяне запрасілі працаваць. Шчыра кажучы, я быў у шоку. Няўжо так лёгка можна патрапіць у такую незвычайную сферу? Аказваецца, можна. На наступны дзень прыйшоў, мне далі тры аркушы тэксту і сказалі: «Вучы!». Растлумачылі мае абавязкі. Толькі я дачытаў апошні радок, як «прыляцела» гульня на 16:00 (на гадзінніку была палова на трэцюю). Няма куды схавацца — правёў першую гульню і такім чынам замацаваўся ў камандзе.

— Дык як ты змог вывучыць столькі тэксту за гадзіну?

— У тым і сэнс, што не вывучыў, — смяецца хлопец, — у квэсце галоўнае разумець агульны сюжэт і падладжвацца пад розныя абставіны. Канешне, гэтаму трэба вучыцца. У той раз мне, як кажуць, пашанцавала, «выкруціўся». Ужо значна пазней, за два гады плённай працы, я навучыўся гэтаму складанаму майстэрству.

Чаму вучаць квэсты

Чалавек можа ніводнага дня не сутыкацца з творчымі прафесіямі, але ён усё роўна можа працаваць на такіх квэстах. Нядаўна да Макса прыйшоў ягоны аднагодак, без вопыту, даволі сарамлівы, які раней не вучыў аніводнага тэксту, акрамя школьных вершаў. Яму было складана, але з цягам часу ён натрэніраваў памяць, фантазію і зараз з’яўляецца нядрэнным акторам «Віруса». Дарэчы такая дзейнасць дапамагае перамагчы не толькі сарамлівасць.

— Квэст-індустрыя гэта не проста месца для заробку грошай. Яна дае магчымасць пазнаёміцца з людзьмі, якіх ты наўрад ці сустрэнеш у паўсядзённасці. Я асабіста знайшоў там добрых знаёмых, мы дапамагаем адзін аднаму, гуляем у прыстаўку, глядзім фільмы або разам кудысьці выязджаем.

— А якія навыкі ты змог развіць падчас акторства?

— Дастаткова шмат. Кожную гульню я ўзаемадзейнічаю з людзьмі і паступова вучуся лепш разумець эмоцыі чалавека, яго намеры, прадбачваць, як ён адрэагуе на пэўнае дзеянне, ці можна з ім пажартаваць, як трэба яго пужаць: слабей ці мацней і г.д. Акрамя гэтага…

А вось пра што яшчэ Максім распавёў — чытайце на старонках дзясатага нумара часопіса.

Міхась МУРЗА

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *