Маршрут праз паэтычнае сэрца

У паэзіі эмоцыі з’яўляюцца адным з самых моцных інструментаў, якія дазваляюць перадаць чалавечыя пачуцці і перажыванні. Сумныя вершы, насычаныя меланхоліяй і разважаннямі пра жыццё, часта становяцца адлюстраваннем душы аўтара і яго ўнутранага свету. Мы разгледзім некалькі вершаў Паліны, якія глыбока закранаюць тэмы страты, суму і пошуку сэнсу ў нашым існаванні.

P.S. У вершах паэткі было немагчыма выявіць толькі адно пачуцце, бо стварался палітра, дзе эмоцыі дапаўнялі адна адну.

Палёт

Выходжу, такая высокая, з дому,
Пра прыгоды свае
Не сказаўшы нікому.
«На вуліцы ветрана, як заўсёды»,
«Мам, ну чаго ты, я апранутая добра».

Выходжу насустрач мне восень
Зубамі парыжэлымі ўсміхаецца.
Я не ведаю, што за настрой:
І рагочацца мне, і плачацца.

Хуткі цягнік спыніўся ў марах,
Што наяве ніколі не здарацца.
І ведаю: зараз, вось, зараз
Твае вочы насустрач пакажуцца.

Я выбіраю цябе
З мільёнаў іншых дарог…
Ты самы прыгожы мой смех,
Мой самы прывабны плён.

Мой самы таемны матыў,
Прычына не спаць уночы,
Як я хачу, каб ты
Таксама насустрач крочыў…

Настальгія разам з надзеяй — прыемныя, але часам балючыя ўспаміны аб мінулым і мары аб светлай будучыні. Надзея можа стаць крыніцай натхнення і падтрымкі, а таксама стымуляваць на дзеянні і рашэнні ў той час, калі думкі занятыя шкадаваннем былога жыцця. Тое самае мінулае трэба прыняць і працягваць свой шлях далей, і нават у самыя складаныя часы клапаціцца пра сябе.

Ластаўкай

Тваё крылле гатова да ўсіх нечаканых палётаў,
Ледзь варушыцца, строгае, на спіне.
З любым ветрам на «ты», кожнай хвалі знаёмы,
Дзе ты толькі ні быў да мяне…

А я, уся нібы з зорак дзяцінства сатканая,
У зімовы твой дзень заляцела трапюткаю ластаўкай,
Вось я, побач з табой, нечаканая,
Хай навечна зацягнецца сонная раніца.

Раскажы мне пра сум, што хаваеш у сваім блакіце,
Я твой боль агарну, залюляю, як свой.
Абдыму твае плечы, зганю з іх стому-сініцу,
Быццам водар рамонкаў, быццам фільм
З кінастужкі старой

Погляд сіні і стомлены твой, таму любы,
Я ў снах не пакіну ніколі чакаць,
Але дзень настае, і насустрач нам вецер грубы:
Чуеш, я абяцаю, што буду з табою лятаць.

Іншыя вершы прапануем прачытаць на старонках часопіса №1 за 2025 год.

Ганна БЕЛАЯ,
Паліна КОРНЕВА

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *