Каханне, нью-вэйв і «Сава»: інтэрв’ю маладога саліста з Екацярынбурга
Рубрыка: Інтэрв’ю
Быў майскі вечар, я шпацыравала са сваім хлопцам. Ён мне сказаў: «Давай паслухаем адзін трэк, упэўнены, што табе спадабаецца». У слухаўках зайграла песня «Гроза». Малады чалавек з далікатным голасам прапяваў радкі: «Хочешь дружить — я с радостью, хочешь любить — я со всей страстью! Не хочешь — ладно, я только за, вот только громче стала гроза…»
Мы пачалі ўзгадваць, як раней проста сябравалі, як ён закахаўся, а я доўга лічыла яго добрым суразмоўцам. Гэтая песня стала сімвалам таго часу і сапраўды спадабалася мне.
Той вясной я і пазнаёмілася з гуртам «Сава». На шпацырах мы слухалі і іншыя песні. Пра пошук сэнсу, пакінутае без адказу каханне, хваляванні, што каханая належыць не табе. Мая любімая песня — «В памяти навечно». Яна распавядае, як хлопец стаміўся ад штодзённасці і што «крепкие руки воспоминаний» трымаюць яго і «не дают снова встретить спокойную ночь». У памяці навечна заселі смех, голас і сустрэчы з каханай сяброўкай…
Праз некаторы час я задалася пытаннем: як выглядаюць хлопцы, якія так дакладна перадаюць пачуцці і хваляванні большасці маладых людзей праз музыку? На маё здзіўленне, маладыя салісты, Тарас і Паша, апранаюцца ў кашулі і нагавіцы-клёш, як у 80-х, любяць рэтра-рэчы накшталт старых касет, плёнак і вайбуюць ад гітар, кватэрнікаў і шматпавярховых хрушчовак. Напэўна, дзякуючы каханню і шарму даўніны, гурт стаў адным з маіх любімых: з той вясны прайшоў год, а я да гэтага часу працягваю слухаць іх песні амаль кожны дзень.

І калі мы з хлопцам даведаліся, што «Сава» завітае ў Мінск з канцэртам — проста не маглі абмінуць такую падзею і не набыць квіткоў. Дадаткова я вырашыла, што хачу ўзяць інтэрв’ю ў саліста любімага гурта і напісала Тарасу ў Instagram. Памятаю, як да храбусцення абняла свайго маладога чалавека, калі музыка адказаў мне.
— Вітанкі! Вядома, я адкажу на пытанні. У гурта быў вялікі тур і па датах усё зраслося, каб патрапіць у Мінск. А прыехалі таму, што маем вялікую аўдыторыю ў вашым горадзе. На жаль, знаходзіліся мы тут нядоўга, толькі пару дзён, і не паспелі палюбавацца мясцовай прыгажосцю. Галоўнае, што ўсе ўдзельнікі пакаштавалі смачныя дранікі!
Як жа добра, што ў гурта атрымалася прыехаць і на канцэрце яны аб’ядналі сваіх слухачоў у адну вялікую сям’ю. Атмасфера была такая, нібы ўсе сядзяць ва ўтульным доме і спяваюць песні пад гітару. Але яшчэ 8 гадоў таму анічога гэтага не было. У 2013 годзе музыкі з Екацярынбурга толькі пачыналі вызначаць свой лёс.
— Мы з Пашам паступілі ва Уральскі дзяржаўны архітэктурна-мастацкі ўніверсітэт, нас засялілі ў адзін пакой і мы абодва хацелі пісаць музыку, таму стварэнне гурта было пытаннем часу.
Зразумела, што хлопцы пасябравалі і пачалі шукаць свой стыль. Таму на працягу 11 гадоў «Сава» грала ў розных жанрах: інды-поп («Холод», «Ветер», «Тише воды», «Сияние»), нью-вэйв («Черными крыльями», «Крутится земля», «Заря», «Песни старых касет») і пост-панк («Таксист», «Купе», «Твой взгляд», «Грустный выпускной»). Гэта звязана і з дынамічнасцю самой музыкі, і з жаданнем рабіць нешта, што аніякія з гуртоў да гэтага не рабілі.
— Жанры — гэта ўмоўнасць, якая працуе як тэг, па якім слухачу будзе прасцей цябе знайсці. Да мяне бліжэй пост-панк. Толькі не той, ад тлену якога хочацца памерці на падлозе хрушчоўкі, а жыццёвы, пра маленькія радасці і хваляванні. Увогуле мы намагаемся ствараць песні, якія можна сыграць пад гітару. Так заўсёды атрымоўваецца душэўна.
— Так і ёсць! Часам я сама бяру ў рукі інструмент, каб праспяваць сваім сябрам або на сямейных вячорках. Пад гітарныя песні ўсе прыгадваюць першае каханне, школу, дзяцінства. А што запомніў ты з таго часу?
— Памятаю, як хацеў стаць мастаком ці прафесійным футбалістам. У спорце не ўдалося, бо быў слабенькім і часцяком хварэў, а вось мастаком у пэўным сэнсе я стаў.
Тарас таксама ўзгадвае, як упершыню прачытаў аповесць «Малыш» братоў Стругацкіх, і кажа, што менавіта яна падштурхоўвае яго на пошукі натхнення
Працяг чытайце на старонках часопіса «Бярозка» №7
Наталля ГОЛУБЕВА
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
