Нацыянальны код — ЛЮБОЎ
З цэлым народам гутарку весці,
Сэрца мільёнаў падслухаць біцця —
Гэткай шукаю цэлы век чэсці,
Гэта адно мне падпорай жыцця.
Песню стварыці ясну, як неба,
Ў кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём
Гэтакіх толькі скарбаў мне трэба,
Гэткім я толькі жыву пачуццём.
Што не загубяць крыўды жывую
Душу народа, што ўстане са сну, —
Гэткай надзеяй толькі жыву я,
Гэткую толькі чакаю вясну.
К яснаму сонцу з цьмы, з беспрасвецця,
К славе з бясслаўя ўсім нашым людзям —
Гэткай шукаю сцежкі на свеце,
Гэткаму богу і душу аддам.
За лепшу долю роднага краю,
За сваіх браццяў ў святой барацьбе —
Гэтакай толькі смерці жадаю,
Памяткі гэткай чакаю сабе.
Гэты верш Янка Купала напісаў у 1912 годзе. У пяці вершаваных слупках паэт раскрыўся як беларус, як патрыёт, як адзінка нацыі. Паэт шчыра верыў: яго надзеі і спадзяванні падзяляюць мільёны суайчыннікаў, што ў сваёй гарачай любові да Радзімы ён несамотны. Што кожны на сваёй прафесійнай ніве штодня рупліва намагаецца зрабіць нацыю шчаслівай, згуртаванай; палепшыць дабрабыт народа, праславіць яго ў сусветнай прасторы. Святая барацьба — як паспалітае руханне. Вясна — як абавязковы этап вялікага кругавароту ў прыродзе, які абавязкова надыдзе.
Пісаць верш такога зместу ў 1912 годзе ўтапічна. Ці летуценна? Ці аптымістычна? Ці прароча?
Любіць Беларусь, беларускае слова — мову і літаратуру — можна. Ва ўсе часы. Але ўзровень і якасць любові залежыць ад чалавека.
Ёсць людзі, якія наогул не ўмеюць любіць. Нават сябе. Усё індывідуальна. Усё ў нашым жыцці непаўторна, але цыклічна. Цікава, ці з’явіцца на нашай зямлі сучаснік, які будзе так любіць Беларусь і ўсё беларускае, як Янка Купала?
Каб зразумеў, як Геній любіў радзіму, трэба самому быць геніям. Але я — не геній. Самыя моцныя пачуцці ў маім жыцці былі мацярынскія. І толькі з імі я магу параўнаць глыбіню купалаўскіх адчуванняў.
У пачатку XX стагоддзя (дарэчы, як і ў нашыя дні) любіць Беларусь — тое ж самае, што любіць дзіця. Дзіця, якое нарадзілася кволым. Дзіця не такое, як у суседзяў ці сваякоў: і прыгожае, і разумнае, і кемлівае, і здаровае. Толькі бяры ды забаўляйся штодня. Беларусь — дзіця, якое патрабуе клопату і ўвагі кожную вольную хвіліну. Дзіця, якое трэба ахінаць сваёй пяшчотай. Раніцай на вушка шаптаць: «Я ў цябе веру», а ўвечары, калі засне, маліцца. І так кожны дзень. Ахвяраваць уласным жыццём, каб маленькая істота — твая крывінка — ачуняла і жыла паўнавартасным, шчаслівым жыццём. Любіць Беларусь дадзена толькі моцным, загартаваным, глыбокім людзям. Іншыя, у выніку, адмовяцца. Будуць «цешыць» сябе думкаю: «Я зрабіла ўсё, што змагла». Пасля народзяць іншае дзіця, якое можна любіць «лёгка».
Беларусь — гэта, на жаль, не пра лёгкасць.
Пясняр гэта таксама разумеў.
Што не загубяць крыўды жывую
Душу народа, што ўстане са сну, –
Гэткай надзеяй толькі жыву я,
Гэткую толькі чакаю вясну.
Працяг чытайце на старонках часопіса «Бярозка» №7
Яніна КАРАЛЕВА
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
