Гарадок, пра які пісаў Караткевіч
Ноч. Яшчэ адна бяссонная ноч. Звычайна, калі мне не спіцца, я ўключаю сабе спакойную музыку ці нейкія аўдыякнігі. Слухаю чыюсьці размову і мне становіцца ўтульней.
На гэты раз, я вырашыў паслухаць штосьці з «Зямлі пад беламі крыламі». Дыктар лагодным, павольным голасам пачынае расказваць пра ўніверсітэты Беларусі, знакамітых пісьменнікаў-сучаснікаў Уладзіміра Сямёнавіча, пра аднаўленне эканомікі краіны пасля Вялікай Айчыннай і пра нядаўна пабудаваны аграгарадок Верцялішкі… Пачакайце, Верцялішкі?
Устаю з ложку, падыходжу да паліцы і пачынаю ліхаманкава шукаць у сваім васьмітомніку Караткевіча кнігу з публіцыстыкай. Так, мне не прычулася і гэта не было галюцынацыяй майго паўсоннага мозга. Гэта быў той самы пасёлак, у якім нарадзілася і вучылася мая маці. Тое самае месца, дзе на працягу амаль усяго свайго жыцця жыве мая бабуля.
«Грамадская плошча з клубам», «парк з танцпляцоўкай і стадыёнам», «вадаём з фантанамі». Так, я дакладна пазнаю гэтыя мясціны. У будынку клуба знаходзіцца бібліятэка, дзе часам ладзяцца мерапрыемствы і сустрэчы літаратурнага клуба. У фантане любяць памачыць ножкі дзеці і іх бацькі. А дзесьці за клубам у парку мы з сябрам аднойчы знайшлі некалькі маленькіх шчанят.
Іх было каля чатырох. Ні маці, ні ўласніка побач не было, таму мы вырашылі адвезці іх да сябе. Прывезлі тачку і пасадзілі ў яе шчанят. Але гэта была даволі складаная задача для нас, дванаццацігадовых, бо шчанюкі былі надзвычай цяжкія. Ды і яны часта спрабавалі злезці з тачкі і збегчы ад нас, таму даводзілася гнацца за імі і лавіць. Мы прабегалі ў сізіфавых пакутах дзесьці з паўгадзіны, а потым пачаўся грымотны жнівеньскі дождж, які толькі ўскладніў нашую справу. У пэўны момант мы ўжо не змаглі злавіць сабачак, таму былі вымушаны разысціся па дамах.
Заходзячы ў двухпавярховы дом бабулі праз калідор, сутыкаешся з кухняй і пакоем дзядулі, дзе ён звычайна глядзіць тэлевізар. Таксама праз яго пакой ёсць праход да каморы, дзе захоўваюцца старыя рэчы.
Аднойчы, дапамагаючы маці разбіраць камору, мы знайшлі цэлую калекцыю вінілавых кружэлак бабулі. А яшчэ сярод зламанай мэблі і садоўніцкага інвентару ляжала цэлая скрыня з рознымі касетамі.
Сярод шматлікіх зборнікаў шансона, дыска, поп-музыкі васьмідзясятых была і касета з першым альбомам «Нірваны», заслуханая маці да дзірак. Канешне, не афіцыйная, а ўжо перапісаная кімсьці. З самаробнай вокладкай, яскравым фонам і фотаздымкам гурта на ім. Са спісам песень на адваротным баку, дзе большасць назваў перакладзеная на рускую.
Мая маці, як і амаль любы падлетак дзевяностых, была фанаткай Кабэйна. Купляла цішоткі і значкі, шукала касеты з песнямі «Нірваны» у сяброў і знаёмых, запісвала праз відэамагнітафон амаль кожны кліп і канцэрт гурта, сачыла за раскладам музычных тэлеканалаў. Цяпер разумею, ад каго ў мяне такі музычны густ.
На другім паверсе знаходзіцца
Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №9
Дзмітрый ЯРОШЧЫК
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
