Сямейнае кіно

Не, што б там не казалі, а тэлевізар усё ж такі — вялікая рэч! На вуліцы халадэча несусветная, сівер вые, снег непралазны, а ў хаце, пэўна, і птушкі шчабечуць, і кветкі квеценню радуюць. Хіба што не пахнуць яны, а так — вясна, рай, атрымлівай асалоду, колькі душа пажадае… І па навіны нікуды хадзіць не трэба — з усяго свету паведамленні сыплюцца самі… Сядзі і слухай, сядзі і глядзі, колькі душа таго пажадае.

Так разважаў Джэмшыт-ага, які даўно і мацней моцнага палюбіў тэлевізар. Ён называў гэтую адпаліраваную скрыню са шкляной сценкай «чашай Джэмшыта». Смеючыся, параўноўваў сябе з цёзкам, які быў героем старажытнай легенды. Валодаючы неверагоднымі багаццямі, той, казачны Джэмшыт, ці то шах, ці то хан, меў чароўную чашу, на дне якой па сваім жаданні мог пабачыць любы куточак зямлі. Як толькі надыходзіў вечар, Джэмшыт-ага пачынаў хвалявацца, быццам рыхтаваўся да нейкіх урачыстасцяў. Павячэраўшы, ён браў вялікую падушку і свабодна размяшчаўся на варсістым дыване. Пагладжваў рэдзенькую, з жорсткімі ніткамі сівізны, бародку. І казаў, як быццам між іншым:

— Куванч-бек! Давай зазірнём у нашу чашу Джэмшыта. Уключы, калі ласка. Што яна нам падорыць сёння?

Джэмал-эджэ звычайна размяшчалася за спінай мужа і сына. Яна ўмела глядзець перадачы моўчкі, толькі часам не вытрымлівала і прасіла:

— Бацька, прыбяры, дзеля Алаха, сваю шапку, нічога не бачу з-за яе. Яна ў цябе як мінарэт.

Джэмшыт у адказ жартаваў:

— Не перажывай моцна, калі што, дык мы пасля цябе ўсё з Куванчам і раскажам.

Так было і ў гэты вечар. Жартуючы, паціху папіваючы чай, хвалюючыся і адчуваючы нецярпенне, ён чакаў кіно.

І вось пачалося. Прамільгнула назва — «Як гартавалася сталь». Пасля болей дробныя словы — другая серыя. І дзікая, злосная мяцеліца секанула ў твар, абпаліла яго… Джэмшыт-ага пільна глядзеў у твары бальшавікоў і камсамольцаў, якія ў пякельных умовах будавалі на экране вузкакалейку, і з цяжкасцю верыў, што гэта звычайныя людзі, такія самыя, як і ён. Усё было супраць іх, і нават надвор’е так лютавала, ажно як самыя злосныя бандзюкі. Але людзі трымаліся і рабілі сваю справу.

Джэмшыт-ага злёгку павярнуўся, коратка слізгануў па твары жонкі і зняў шапку, з якой ну зусім не любіў развітвацца.

Нечакана пачуўся ломкі басок Куванча:

— Эх, усё адно і тое ж… Я гэта дзясяты раз гляджу, мусіць, не меней.

У Джэмшыта перасмыкнулася шчака, ён прытрымаў яе далонню, але ні сын, ні жонка гэтага не заўважылі. На экране імчаліся героі, мільгацелі іх твары.

— Та-ак, аператар тут пастараўся, нічога не скажаш, майстар! — Ізноў загаварыў Куванч. — Шыкоўныя здымкі!

Карчагін, кульгаючы, ішоў да паварыхі. Вось яна, перажываючы, лье гарачую ваду на яго абмарожаную нагу, працягвае яму кавалак хлеба.

— Ты што, — гнеўна запалалі вочы Карчагіна, — лічыш мяне апошнім гадам?!

— Вось што значыць майстар-акцёр. Добра іграе, так?

Гэтым разам Джэмшыт-ага сярдзіта зірнуў на сына, абпаліў яго позіркам, але нічога не сказаў, толькі нягучна паварушыў вуснамі. Куванчу б паасцерагацца, адчуваючы настрой бацькі, але дзе там…

— Кіно ёсць кіно, сказаў ён сумным голасам. — У жыцці так да знямогі працаваць ні адзін дурань не стане.

— Вон з хаты!

Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №9

Камек КУЛІЕЎ

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *