Ад паўмiльёна да паўтысячы: гісторыя беларускага комікса.
У 2018 годзе ў Мінску з’явіўся зборнік «Легенды дрымучага лесу» — першы за доўгі час сумесны праект беларускіх мастакоў і сцэнарыстаў, прысвечаны нацыянальнаму фальклору і гісторыі. Для многіх гэта стала адкрыццём і нагодай казаць пра нараджэнне сучаснага беларускага комікса. Але лепей было б выкарыстоўваць слова «адраджэнне», бо амаль 30 гадоў таму коміксы ў Беларусі выдаваліся паўмільённымі тыражамі, а іх сюжэты былі куды больш амбітнымі, чым сёння! Гэта гісторыя пра кароткі, але неверагодна яскравы ўзлёт, доўгае забыццё і павольнае, цягучае адраджэнне цэлай індýстрыі.
Ад «Вожыка» да «Дзікага палявання»
У сацыялiстычнай Беларусі, як і ва ўсім СССР, слова «комікс» было чужым. Супергероі ў трыко не ўпісваліся ў каноны сацрэалізму, таму жанр існаваў у форме «тэксту з iлюстрацыямi». Галоўнай пляцоўкай для гэтых гісторый быў сатырычны часопіс «Вожык», гiсторыя якога iдзе з першай паловы 40-х гадоў мiнулага стагоддзя. Яго карыкатуры часта складаліся ў паслядоўныя сюжэты. Гэта, разам з багата ілюстраванымі дзіцячымі кнігамі і дыяфільмамі, заклала аснову візуальнай культуры, на якой пазней вырас сапраўдны комікс.
Пытанне, які ж комікс лічыць першым беларускім, дагэтуль выклікае спрэчкі сярод нешматлікіх калекцыянераў. Калі казаць пра першае асобнае выданне, то гэта, безумоўна, серыя з шасці кніжак-раскладанак «Тарзан», якую ў 1990 годзе выдаў мінскі паліграфкамбінат. Аднак ёсць нюанс. Глобусаўскае «Дзікае паляванне. Легенда ў малюнках паводле аповесці У. Караткевіча» хоць і выйшла ў 1991 годзе, але ў набор было здадзена яшчэ 4 мая 1989-га. Імаверна, падрыхтавалi яго раней за «Тарзана» — хутчэй за ўсё проста затрымалi ў друкарні. Нельга забывацца i пра нашу «Бярозку» з папулярнымі коміксамі пра Перуна, Вялеса і Цмока. Як бачна, амаль усё ў той час стваралася на аснове міфалогіі ці класічнай літаратуры. У заходняй практыцы сітуацыя адваротная — часта, хоць і не заўсёды, менавiта коміксы былi першаасновай i ўжо паводле iх стваралi кіно, мультфільмы і г.д. Гэтая тэндэнцыя вось-вось прыйдзе i да нас…
Залатая, але кароткая эпоха
Пачатак 1990-х стаў для беларускага комікса сапраўдным Вялікім выбухам. Пасля падзення «жалезнай заслоны» ў краіну хлынула заходняя поп-культура, а магутнасці друкарскіх станкоў маглi выдаць якую заўгодна колькасць экзэмпляраў. З’явiўся ўнікальны феномен: кароткі, але неверагодна яскравы коміксны бум. Тыражы ўражвалі: «Планета Гэя» (1991) Уладзіміра Цвяткова і Аляксандра Каршакевіча — зборнік сюжэтаў пра сусветныя прыгоды па розных сiстэмах — 200 тысяч. «Дзе жылі Бурсонікі» (1992) тых жа аўтараў, які лічыцца першым беларускамоўным коміксам i апавядае пра касмiчныя подзвігах, — таксама 200. Тыражы «Тарзана» дасягалі 300–500 тысяч асобнікаў. Для параўнання: першы тыраж амерыканскага бэстсэлера «Людзі Ікс» у 1991 годзе складаў каля мільёна копій. Атрымлiваецца, што беларускi комiкс быў зусiм не так далёка ад сусветных лідараў.
Сюжэты тых гадоў былі адлюстраваннем эпохі, з чаго складалася поп-культура тых часоў: асiлак у галоўнай ролi, сярэднявечнае паўэр-фэнтазi, навуковая фантастыка, усялякiя прышэльцы i мутанты. Некаторыя аўтары, дарэчы, зусiм не саромелiся «натхняцца» заходнімі хітамі. Так, у коміксе з Маладзечна «Навальнiчныя воблакі» лёгка пазнаюцца не проста сюжэтныя хады «Зорных войнаў», а цалкам сцэны i персанажы. Аднак, былі і абсалютна ўнікальныя праекты. У 1991-м Анімацыйны Беларускі Цэнтр выпусціў комікс «Дзуррай!» пра мураша-рыцара, які павінен быў стаць прыквелам да аднайменнага мультфільма. Але з амбіцыйнай задумы застаўся толькі папяровы варыянт. Калi б усё атрымалася, у нас быў бы першы беларускi кiнакомiкс.
Гэтая эпоха пакінула па сабе і такія каларытныя артэфакты, як «натыўная» рэклама. На старонках коміксаў пра Тарзана ў смокінгу рэкламавалiся беспрацэнтныя крэдыты, а героі «Пасланца» пасля бітваў з канібаламі нахвальвалі надзейнасць беларускіх халадзільнікаў.
Заняпад
Бум аказаўся непрацяглым. Рынак быў не гатовы да аб’ёмаў у некалькi соцень тысяч — попыт банальна не паспяваў за прапановай — і з наступам сярэдзіны 90-х залатая эпоха белкомiкса . Маўклівым помнікам краху стаў «Востраў вар’ятаў», выпушчаны прадпрыемствам
Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №11…
Сяргей СТАРЫЧОНАК
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
