Думкі не са столi, а з вышыні ўласнага вопыту 

У свеце, дзе здаецца, што поспех прыходзіць толькі да абраных, а мары часта застаюцца проста марамі, гісторыі рэальных людзей становяцца лепшай крыніцай натхнення. Яны нагадваюць, што вялікія мэты дасягаюцца не выпадковымі ідэямі «са столі”, а праз свядомыя дзеянні, працу і назапашаны вопыт. Гісторыя Ульяны Занько-Посах, ужо студэнткі першага курса факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, — яскравы таму прыклад.

Яе шлях у прафесію пачаўся з першай практыкі ў «Маладзечанскай газеце». «Шалёна спадабалася!» — успамінае Ульяна той момант, калі журналістыка перастала быць адцягненым словам, а стала справай, якая прыносіць радасць. Менавіта пасля гэтага ёй, школьніцы, паступіла прапанова ад рэдакцыі паехаць на форум юных журналістаў. Так і было прынята яе рашэнне — буду паступаць на журфак БДУ. Здаецца неверагодным, як можна сумяшчаць школу, перамогі ў конкурсах, вядзенне аўтарскай рубрыкі і падрыхтоўку да паступлення. Сакрэт Ульяны просты: яна заўсёды рабіла тое, што падабалася. «Не скажу, што ўсюды быў баланс, але затое выгаранне я не злавіла», — прызнаецца яна. Гэты падыход дазволіў ёй не проста «паспяваць», а пражываць кожны праект з поўнай аддачай.

Сваю папулярнасць у медыясферы Ульяна пачынала з аўтарскай рубрыкі «Пытанне месяца і не толькі» у Instagram. Гэта былі кароткія экспрэс-інтэрв’ю з цікавымі людзьмі — ад мастакоў і музыкантаў да тэлевядучых і галоўных рэдактараў. Яна сама знаходзіла герояў, пісала ім, дагаворвалася пра здымкі. Гэты праект не толькі развіў яе навыкі інтэрв’юера, але і прынёс перамогу на абласным этапе конкурсу «Прэс-код» у намінацыі «Лепшы праект у новых медыя». Разынкай, які заваяваў журы, сталі лаканічнасць, невымушанасць і ўніверсальная прывабнасць фармату яе рубрыкі.

Таксама наша гераіня паспела папрацаваць з рэгіянальнымі і рэспубліканскімі СМІ, а таксама на тэлебачанні. Яна адзначае прынцыповую розніцу: у рэспубліканскіх выданнях важней глыбіня і час на падрыхтоўку, у рэгіянальных — аператыўнасць. Тэлебачанне ж стала для яе адначасова самым страшным і самым цікавым досведам, дзе да працы з тэкстам дадаецца складанасць яго вуснай падачы. Рашэнне паступаць менавіта на журфак БДУ канчаткова выспела пасля праекта «Студент БДУ на тыдзень». Нягледзячы на тое, што многія пачынаюць рыхтавацца з 8–9 класа, Ульяна змагла сабрацца за год і паспяхова здаць ЦТ і творчыя экзамены. Асаблівую ролю адыграла партфоліа і дапамога настаўнікаў. Яна з цяплом адзначае падтрымку рэдакцыі часопіса «Бярозка», дзе ёй давалі магчымасць спрабаваць сябе ў розных фарматах і давалі каштоўныя парады наконт будучай прафесіі і партфоліа. Ульяна таксама адзначыла, што супрацоўніцтва з рознымі рэдакцыямі вельмі дапамагло ёй набрацца вопыту, атрымаць каштоўныя парады ад рэдактараў і самае галоўнае — не баяцца спрабаваць сябе ў розных фарматах працы. У часопісе «Бярозка» для юных пісьменнікаў і мастакоў ёсць шанцы праявіць сябе як у друкаваных публікацыях і аўтарскай творчасці, так і ў мантажы відэа для сацсетак.

Зараз Ульяна — студэнтка, для якой вучоба не прычына рабіць паўзу ў практыцы, а стымул працаваць больш. Юным журналістам і ўсім, хто марыць звязаць сваё жыццё з журналістыкай, яна раіць: «Ісці да сваёй мары да канца, прыкладаць максімум намаганняў і ніколі не адчайвацца». Бо як даказала сваёй гісторыяй Ульяна, сапраўдныя думкі і перамогі прыходзяць не зверху, а з вышыні назапашанага вопыту, смеласці і шчырай любові да сваёй справы.

Ульяна ДАБРАВОЛЬСКАЯ,

выпускніца СШ №8 г. Гомеля

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *