ТОП- 3 ПАРАДЫ, Як «не звар’яцець» падчас падрыхтоўкі да іспытаў
Экзамены ў 11 класе — важны этап у жыцці кожнага школьніка. Яны вызначаюць не толькі выніковыя ацэнкі, але і далейшую адукацыйную траекторыю: выбар будучай прафесіі і паступленне ў ВНУ. Такая адказнасць можа выклікаць значны стрэс, трывогу, з якімі трэба неяк змагацца. А як, чытайце ў артыкуле.
Я вучуся ў профільным класе з ухілам на рускую мову і біялогію. У гэтым годзе буду паступаць ва ўніверсітэт, таму займаюся з рэпетытарам па гісторыі і самастойна рыхтуюся да ЦЭ па рускай мове. У планах паступаць на факультэт журналістыкі БДУ, таму кожную суботу яшчэ дадаткова наведваю курсы. Для «творчага» экзамену трэба навучыцца пісаць сачыненне і падрыхтаваць партфоліа з публікацыямі. Яшчэ да гэтага пераліку дадам уласную зацікаўленасць каратэ і час на штодзённыя трэніроўкі. Усё гэта трэба сумяшчаць, і, пажадана, без псіхалагічных парушэнняў.
Інтэнсіўныя заняткі, стрэс, трывога, ціск з боку бацькоў, настаўнікаў, завышаныя патрабаванні прывялі да фізічнага і эмацыйнага знішчэння. Мне дужа не хапала часу. Я не паспявала паглыбляцца ва ўсе тэмы адначасова. Дадаткова ўзніклі праблемы з канцэнтрацыяй. Трэба было тэрмінова нешта рабіць і знайшла выйсце.
Па-першае, склала план падрыхтоўкі: адзначыла тэмы па важнасці і вылучыла час на іх вывучэнне. Гэта дапамагло арганізаваць працэс і крыху знізіць паніку.
Па-другое, раблю рэгулярныя перапынкі. Можна карыстацца «метадам памідора» — працуем невялікі тэрмін з маленькімі перапынкамі. Трэба паставіць таймер на 25 хвілін — так званы «памідор». Увесь час цалкам засяроджваемся на задачы, а пасля — адпачываем пяць хвілін, трымаючыся далей ад працы. Праз чатыры «памідоры» зрабіце доўгі перапынак на хвілін трыццаць. Такі сістэмны падыход дапамог мне падтрымліваць канцэнтрацыю і папярэдзіць выгаранне.
Па-трэцяе, здаровы лад жыцця. Я ўнесла пэўныя змены ў штодзённы рэжым. Стала ўжываць больш садавіны і гародніны, зменшыла спажыванне цукру і фаст-фуду. Акрамя таго, шпацырую не менш за паўгадзіны ў дзень, раблю расцяжку і раблю дыхальныя практыкаванні. Да таго ж, я стала спаць па восем гадзін у суткі. Гэта палепшыла мой агульны стан і павысіла прадуктыўнасць.
Не менш важна дзяліцца эмоцыямі. Я не саромеюся абмяркоўваць страхі і цяжкасці з бацькамі і сябрамі. Мне добра «зайшлі» групавыя заняткі, дзе можна разам аналізаваць тэксты і замацоўваць правілы. Калі людзі падтрымліваюць бадзёрымі словамі, гэта вельмі дапамагае захоўваць матывацыю.
Замяніць негатыўныя думкі з «Я не змагу» на «Я зраблю ўсё, што магчыма» — таксама годны лайф-хак. Прыблізіцца да абстаноўкі экзамену дапамагае рэгулярнае прарэшванне пробных тэстаў, з папярэдніх гадоў — у тым ліку, і выконваю практычныя заданні. Гэта дазваляе мне быць больш упэўненай.
Падрыхтоўка да экзаменаў — складаны працэс, але яго можна скіраваць у патрэбны бок, каб захаваць душэўнае здароўе. А экзамены — гэта толькі этап, і я вырашыла паберагчы сябе ў гэты перыяд. Чаго і вам зычу!
Вікторыя КУНЕЦ
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
