Па слядах Мінскай кніжнай выставы-кірмашу, або Што пачытаць падлетку?
Давайце знаёміцца! Я — выпускніца філалагічнага факультэта, пісьменніца і вялікая аматарка кніг. Таму абмінуць такую падзею, як кніжны кірмаш, не змагла. Пазнаёмілася бліжэй як з айчыннымі выдавецтвамі, так і з замежнымі. Пра агульныя ўражанні і канкрэтныя знаходкі чытайце ніжэй.
У спіс рэкамендацый для падлеткаў ад «Акадэмкнігі» трапілі ўсе тры часткі «Прастрэленага талеру» Аркадзя Літвіна. Гэта гістарычна-прыгодніцкі раман, які расказвае нам пра драматычныя падзеі ў Рэчы Паспалітай на мяжы ХVII — XVIII стагоддзяў. У цэнтры сюжэта — лёсы дробнай шляхты, якая ўцягваецца ў барацьбу ідэалаў і поглядаў. У першай кнізе героі сутыкаюцца з амбітным панам Вурскім, які спрабуе захапіць маёнтак Клінок. У другой і трэцяй кнігах падзеі выводзяць герояў на вышэйшы ўзровень: яны трапляюць у цэнтр інтрыг вакол выбараў новага караля, а іх лёсы пераплятаюцца з лёсам французскага прынца Канці. Вельмі зручна, што можна было набыць адразу ўсе часткі.
Нязменная класіка для аматараў дэтэктыўных раманаў — «Авантуры Пранціша Вырвіча, маршала менскага». Гэта сёмая і апошняя частка серыі раманаў Людмілы Рублеўскай пра Пранціша Вырвіча. У кнізе апісваюцца прыгоды шляхціца-авантурыста і яго сябра доктара Барталамея Лёдніка ў часы Рэчы Паспалітай. Кніга завяршае падзеі, якія ахопліваюць амаль тры дзесяцігоддзі беларускай гісторыі ХVIII стагоддзя. Таксама нам параілі алхімічна-філалагічны раман «Запавет Фаўста», які першасна друкаваўся па частках у часопісе «Полымя», а нядаўна выйшаў пад адной вокладкай з аўтабіяграфічнымі рэфлéксіямі «Дыханне попелу» ў выдавецтве «Аверсэв» у серыі «Сучасная беларуская літаратура». Хоць «Запавет Фаўста» можа чытаць як самастойны твор, для знаўцаў і аматараў творчасці пісьменніцы ён будзе ўспрымацца як сіквэл цыкла кніг пра Пранціша Вырвіча.
У серыі «Сучасная беларуская літаратура» ўвогуле выйшла нямала цікавых кніг, якія таксама былі прадстаўлены на кірмашы. Яна знаёміць нас з сучасным літаратурным працэсам, тэндэнцыямі літаратуры і ўсяго беларускага слова. Так, прывабіць нашага чытача можа яшчэ і зборнік «Вазьмі сваю свяцільню», які цалкам складаецца з творчасці маладых аўтараў, што паглыбляюцца ва ўнутраны свет сваіх герояў, спрабуюць раскрыць іх як мага лепш для маладога чытача. Пісьменнікі-пачаткоўцы дэманструюць розныя погляды на сучаснасць праз спалучэнне традыцыйнага апавядання з новымі формамі самавыяўлення. Аматарам кароткай прозы спадабаецца «Душа твая светлая». У кнізе сабраныя гісторыі…
Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №4…
Вікторыя СОН
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
