Сімвал неўміручай прыгажосці беларускага слова

Іван Антонавіч Брыль, вядомы ўсім пад літаратурным імем Янка Брыль, — знакавая постаць беларускай літаратуры. Яго жыццё, напоўненае ваеннымі выпрабаваннямі, палонам і бязмежнай адданасцю роднаму слову, стала ўвасабленнем любові да Бацькаўшчыны…

 

Вясковец і абаронца
Іван Антонавіч нарадзіўся 4 жніўня 1917 года ў Адэсе ў сям’і чыгуначніка, аднак яго сэрца і карані заўсёды заставаліся ў роднай вёсцы Загор’е, якая цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Карэліцкага раёна. Сям’я вярнулася туды ў 1922 годзе, дзе і прайшло юнацтва будучага пісьменніка. Амаль адразу пасля пераезду бацька Івана Антонавіча памёр. 

У 1931 годзе Янка Брыль скончыў сем класаў школы, а пасля гэтага месяц правучыўся ў Навагрудскай гімназіі. Даведаўшыся пра цяжкую хваробу брата Мікалая, які тады вёў гаспадарку, хлопец вырашыў ахвяраваць навучаннем, каб падтрымаць сваю сям’ю. Не маючы магчымасці вучыцца далей, ён нястомна займаўся самаадукацыяй, чытаў сусветную класіку і нават пачаў ладзіць чытанні кніг сярод аднавяскоўцаў.

Маладосць была перакрэслена вайной: у 1939 годзе Брыля прызвалі ў армію, дзе ён служыў у марской пяхоце і мужна бараніў узбярэжжа ад нацыстаў пад Гдыняй. Пазней ён трапіў у палон, з якога ўдалося ўцячы на Радзіму, каб далучыцца да беларускіх партызан. У эпоху, калі вайна знішчала чалавечыя лёсы, ён паказваў кожным сваім крокам, што сапраўдны інтэлігент здольны са зброяй у руках абараняць сваю зямлю, застаючыся пры гэтым глыбокім гуманістам. Таксама на працягу ўсяго свайго жыцця яго дзейнасць была звязана з пісьменніцтвам і выданнем часопісаў. Нават у часы крывавай вайны ён быў верным сваёй справе.

Янка Брыль прайшоў выпрабавальную школу жыцця і ахвярна служыў беларускаму слову. У сваіх эсэ і мініяцюрах ён звяртаўся да кожнага, хто дакранаўся да культуры і літаратуры: «Калі я чытаю добрую кнігу, не папракайце мяне ў гультайстве. Не хочаце прызнаць, што я працую, дык думайце, што я малюся — Слову».

 

Слова, што захоўвала праўду

У пасляваенныя гады пабачылі свет яго знакамітыя творы — раман «Птушкі і гнёзды», аповесці «Ніжнія Байдуны» і «Золак, убачаны здалёк», якія сталі маніфестамі прыгажосці прыроды і нацыянальнай годнасці. Асноўныя матывы творчасці Брыля — любоў да Бацькаўшчыны, нецярпімасць да жорсткасці, служэнне народу і захапленне чалавекам працы. Каб захаваць гістарычную памяць, ён не баяўся ісці туды, дзе баліць больш за ўсё. Разам з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам самааддана працаваў дзеля Беларусі: аб’ездзіў больш за сотню спаленых вёсак і стварыў дакументальную кнігу-трагедыю «Я з вогненнай вёскі…». Ён быў перакананы: нацыя трымаецца на непадкупнай памяці, спагадзе і праўдзе, якой бы цяжкай яна ні была. У кнігу ўвайшлі сведчанні тых людзей, якія асабіста перажылі трагедыю знішчэння іх вёскі і страту родных.

 

Патрыярх у памяці народа

Першыя ўрокі жыцця і любові да роднай мовы Янка Брыль атрымаў ад простых вяскоўцаў і ад сваёй сям’і. Раней згадáны сябар пісьменніка Уладзімір Калеснік, прыгадваў, што па бацькавай лініі Іван атрымаў музычны слых ды прыхільнасць да спеваў, а таксама вясёлы нораў, а вось імкненне да духоўнага і ідэальнага перадаліся яму ад мацярынскага роду Чычукоў. Яго шлях пачаўся з пазнання народнай культуры, якая адыграла галоўную ролю ў фарміраванні яго асобы. Пераехаўшы ў Мінск, Іван Антонавіч стаў не толькі выдатным празаікам, але і рэдактарам, перакладчыкам, сапраўдным настаўнікам для маладых талентаў. Гэта быў час вялікай адказнасці і натхнёнай працы: пісьменнік шмат дапамагаў іншым, працуючы ў часопісах «Полымя» і «Маладосць». Атрыманы жыццёвы досвед і загартаваны цяжкасцямі характар сталі падмуркам яго далейшай дзейнасці для беларускага люду.

Вобраз Янкі Брыля як мудрага літаратурнага патрыярха знайшоў сваё адлюстраванне ў сучасным свеце. Беларускія літаратары падкрэсліваюць яго адухоўленасць і ўнутраны арыстакратызм. У гонар Івана Антонавіча назвáна вуліца ў мінскім мікрараёне Міхалова, а таксама вуліца ў Гдыні — горадзе, які ён калісьці абараняў. На доме па праспекце Машэрава, 78, дзе пісьменнік пражыў апошнія дванаццаць гадоў, была адкрыта мемарыяльная дошка. Яго імя носяць бібліятэкі, а кнігі застаюцца сімваламі высокай культуры і духоўнага станаўлення. Творы Янкі Брыля перакладаліся на розныя мовы сусвету (латышскую, літоўскую, татарскую, французскую і г. д.). Асобнага сталага музея Янкі Брыля ў Беларусі няма, але спадчына пісьменніка беражліва захоўваецца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, а таксама перыядычна экспануецца Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры. Тэлеканал «Беларусь 3» зняў пра яго дакументальны фільм «Янка Брыль: лёс марпеха. Запіскі на палях».

 

Шчырасць і спакойны фінал

Калі ўзрост пачаў браць сваё, Янка Брыль усё ж не спыніў стваральнай працы. Працягваў фіксаваць у сваіх дзённіках ды славутых лірычных мініяцюрах, сярод якіх была «Жменя сонечных промняў», глыбіню і прыгажосць свету.

Апошнім этапам яго жыцця стала ціхая і разважная старасць.

25 ліпеня 2006 года ва ўзросце 88 гадоў яго сэрца спынілася. Яго пахавалі на могілках у Калодзішчах, побач з жонкай. Ён сышоў спакойна і годна, асвятляючы шлях свайму народу, пакінуўшы прыклад абсалютнай адданасці літаратуры і шчырасці.

Янка Брыль для беларусаў — сімвал неўміручай прыгажосці роднага слова. Ён паказаў, што беларус можа быць і адважным воінам, і глыбокім філосафам, і надзвычай таленавітым лірыкам. 

Ганна БЕЛАЯ

 

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *