ВЕЧАРЫ ВЯЛІКАГА ТЭАТРА БЕЛАРУСІ Ў ЗАМКУ РАДЗІВІЛАЎ
Свята Мельпамены
У чэрвені Нясвіжскі палац стаў домам для муз — чароўных апякунак мастацтва. Брама старажытнай рэзідэнцыі Радзівілаў адчынілася перад гасцямі з 18 краін свету. Сярод іх — Расія, Францыя, Вялікабрытанія, Германія, Польшча, ААЭ і Нідэрланды. Праграма фестывалю сёлета, сапраўды, была грандыёзнай. Арганізатары падрыхтавалі і прэзентавалі гледачам ажно 13 мерапрыемстваў — рэкордную колькасць! За тры дні тэатральны форум наведала каля 4 тысяч чалавек.
Па словах Наталлі Жарко — першага намесніка дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж», — праект вельмі запатрабаваны. Часам квіткі складана набыць: раскупляюць за лічаныя гадзіны. А каб наведаць усе тры дні фестывалю, турысты браніруюць гатэлі яшчэ ў лютым. Фестываль адкрыла прэс-канферэнцыя ў Гетманскай зале, дзе выступіла кіраўніцтва Вялікага тэатра. Яны распавялі пра гісторыю «Вечароў…», спецыфіку іх правядзення і акрэслілі перспектывы далейшага развіцця. Наталля Пятроўна нагадала, што арганізатары фестывалю «штогод пашыраюць свае праекты і на кожны з іх знаходзіцца свая публіка».
Праграма ўяўляе сабой поліфанію мелодый, стыляў і кампазітараў. Яркімі шкельцамі ў гэтай музычнай мазаіцы зіхацелі канцоны і інструментальныя каверы папулярных песень, лёгкая класіка, што нібы лунала ў паветры, мудрагелісты гукавы малюнак барока, сур’ёзныя творы з глыбіннай філасофіяй і захапляльныя пастаноўкі для дзяцей.
«Гэты спектакль штораз адкрываецца па-новаму дзякуючы артыстам, якія за апошні час расказалі новую гісторыю. Кожны прыўносіць нешта сваё», — выказаўся пра балет «Маленькі прынц» галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Ігар Колб. Таксама ён сцвердзіў, што «Вечары…» сталі неад’емнай часткай творчага жыцця тэатра.
«Опера — гэта модна, опера — гэта моцна!»
Галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Ганна Маторная распавяла пра свой аўтарскі праект з інтрыгавальнай назвай «На скрыжаванні музычных падзей: опера — гэта модна, опера — гэта моцна!». Сродкі на яго былі вылучаны з гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. «Праект накіраваны на папулярызацыю нацыянальнай опернай музыкі, выкананне новых твораў беларускіх кампазітараў, увядзенне ў акадэмічны фармат стылю красовер і творчых эксперыментаў», — адзначыла Ганна Дзмітрыеўна. Галоўнай мэтай для рэжысёра стала далучэнне да ўдзелу маладых артыстаў і музыкаў.
Маштабны праект, які адкрываў праграму фестывалю, складаўся з дзвюх асобных канцэртаў. Яны былі прынцыпова рознымі па характары рэпертуару, каларыце эпохі, да якой ён адносіліся, манеры выканання і нават атмасферы ў зале. Абедзве часткі змяшчалі ў сабе задуму спалучыць павевы сучаснага мастацтва і акадэмічную традыцыю, выпрацаваную стагоддзямі. Гэты сімбіёз абяцаў быць моцным, эстэтычным, а таксама трывала ўкараніцца ў зменлівых культурных рэаліях. І хто ведае, мабыць, такімі тэмпамі ў найбліжэйшыя гады мы зможам казаць пра новую веху ў развіцці беларускай оперы?
Канцэрт «Беларуская опера ХХ — ХХІ стагоддзяў: традыцыі і сучаснасць» знаёміць слухачоў з забытымі пéрлінамі нацыянальнага тэатральнага мастацтва. Канцэрт увасабляе аўтарскую задуму — раскрыць беларускую оперу мінулых стагоддзяў ва ўсіх фарбах, ажно да ледзь улоўных адценняў.
Палітра падабранага музычнага матэрыялу складае ўвесь спектр: ад кідкіх і яскравых колераў, што пераўтвараюцца ў імпульсы, разліваючыся хвалямі энергіі ў свядомасці і целе слухача (характэрныя нумары: легенда Яраша «Там, за рэчкай, за Ашмянкай» з «Пані Ядзвігі»; дуэт Чуба і Панаса з «Ночы перад Калядамі») да амаль празрыстых, светлых паўтонаў, што граюць на самых тонкіх струнах душы і пераўтвараюць рэчаіснасць у летуценне (дуэты Веранікі і Максіма з «Зоркі Венеры», Маргарыты і Францыска з «Францыска Скарыны»; арыя Свеціловіча з «Дзікага палявання караля Стаха»).
Ганна Маторная прызналася: падчас падрыхтоўкі канцэрта асаблівым адкрыццём для яе стала опера Дзмітрыя Смольскага «Францыск Скарына». Рэжысёр параўноўвае твор з добрай кнігай, да якой трэба дарасці. «Пры кожным яе прачытанні Вы атрымаеце новыя, раней не заўважаныя сэнсы». Менавіта таму лагічным фіналам канцэрта стаў маналог Францыска Скарыны. Філасофскі змест оперы, ідэі, якія прапаведуе наш першадрукар, і сёння гучаць вельмі актуальна:
І не папросім мы ў Бога
Ні дзён многіх, ні помсты ворагам,
Ані багацця, а толькі мудрасці.
І будзем працаваць, наколькі сіл стае,
Каб, паміраючы, свой шлях жыццёвы
Маглі мы азірнуць спакойна і сказаць:
Жыццё маё не стала пустацветам,
А рунь пасеваў спажываюць людзі.
Іншую іпастась жанру оперы выяўляе другі канцэрт пад назвай «Ёсць толькі імгненне паміж мінулым і будучым». У тэатральнай зале прагучалі песні з вядомых кінафільмаў. Рэпертуар здзівіў шматпланавасцю настрояў і тэм. Вясёлыя матывы «Волшебника-недоучки» і «Куда уходит детство» перанеслі ў далёкі свет дзяцінства, поўны казак і прыгод. Напеўныя мелодыі песень «Любовь одна виновата», «Звенит январская вьюга» і «Разговор со счастьем» навяваюць думкі аб прыродзе любові і кахання, філасофіі самога жыцця.
Цікавай фішкай канцэрта стаў міні-квіз «Угадай мелодыю», які папярэднічаў кожнаму нумару. Прыцягненне аўдыторыі ў жывы дыялог з выканаўцамі распальвала азарт. Пад канец вечара прысутныя смела падпявалі артыстам. Да гэтага, дарэчы, заклікалі самі спевакі і арганізатары, парушаючы канон. У творчага калектыву атрымалася стварыць камерную і добразычлівую атмасферу, злучыць артыстаў і слухачоў у энергічным тандэме. Канцэрт не пакінуў раўнадушным аніводнага гледача і паказаў: опера — гэта сучасна, опера — гэта модна.
«Чорная» перліна Вялікага тэатра
Дыяментам першага вечара стала опера-балет «Вíлісы. Фатум» (Le Villi. Fatum). Гэты твор на музыку Джакома Пучыні пры ўсім прываблівым містычным шарме і навелістычнасці сюжэту — сапраўдная рэдкасць у рэпертуары тэатраў па ўсім свеце. І беларуская сцэна па праве можа ганарыцца сваёй «чорнай» перлінай у пастаноўцы Аксаны Волкавай.
У аснове сюжэта «Віліс…» — вядомая гледачу тэма здраджанага кахання. Прыгажуню-нявесту пакідае жаніх, мяняе яе пачуцці на бляск пустога і распуснага жыцця. Гераіня марнее ад самоты і гора і неўзабаве памірае. Спектакль падабаецца як гледачам, так і тэатральнай трупе праз матыў пакарання за здраду, увасобленага ў шалёным танцы віліс. Рэжысёр задумала пастаноўку пра жанчын і для жанчын.
На сцэне мы бачым тры архетыпы: дзяўчыны — увасабленне шчырага кахання і юнацкай наіўнасці; сірэны — прыгажуні-спакусніцы, кожны яе рух вабіць, прымушае скарыцца чарам; вілісы — здані пакінутай нявесты, чыё сэрца, што палала каханнем, пераўтварылася ў прах пасля смерці, пакінуўшы неспатольную прагу помсты. І ўсе гэтыя іпастасі жывуць у кожнай жанчыне, і штодня яна абірае, якую з іх абудзіць.
Пачатак Вам добра знаёмы. Падобны сюжэт і вобраз віліс сустракаем у знакамітым балеце Адольфа Адана «Жызэль, або Вілісы» (фр. Giselle, ou les Wilis). А ці зможаце ўгадаць развязку трагічных падзей? Дазвольце карагоду віліс павесці вас за сабой: празрыстыя шлейфы сукняў і пажоўклыя пялёсткі іх вясельных вянкоў пакажуць верны шлях.
Шаснаццатыя па ліку «Вечары…» сабралі ў мурах Нясвіжскага замка гледачоў з розных краін. Усіх аб’яднала любоў да тэатральнага мастацтва. У старажытнай рэзідэнцыі Радзівілаў чулася мелодыя аркéстравай музыкі, оперныя спевы, гармонія класічнага танца. Мінулае ажывае ў сучаснасці, гісторыя дапамагае пісаць новыя сцэнáры. Час разбурае камень, спыняе разбітыя гадзіннікі, а ў забытым палацы пад павевамі ветру ўсё грае стары раяль. Матэрыяльнае рана ці позна ператвараецца ў прах, і толькі мастацтва, натхненне жывой повяззю злучае пакаленні. Праз бясконцыя стагоддзі цягнецца залатая ніць, сатканая яшчэ міфічнымі музамі.
Ангеліна НАРУК
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
