УРОКІ ЖЫЦЦЯ З АПАВЯДАННЯЎ МАРГАРЫТЫ ПРОХАР
Прачытаўшы твор, я часцяком стаўлю кнігу на паліцу побач з астатнімі, забываючыся на яе праз некалькі гадзін. Аднак часам сустракаецца літаратура, да якой хочацца вяртацца, а цытаты з яе застаюцца ў памяці надоўга, калі не назаўсёды… Менавіта там я знаходжу каштоўныя жыццёвыя ўрокі. Для мяне такімі творамі сталі апавяданні з кнігі «Восень у Вільнюсе»: «Убачыць мора», «Прынцэса і бядняк» і «Тонкая лінія» беларускай пісьменніцы Маргарыты Прохар.
У першым творы апавядаецца пра мужа і жонку, якія штогод у жніўні ездзяць на мора. Але на гэты раз падарожнікі збіліся з дарогі і вымушана спыніліся ў выпадковай хаце, дзе жыў маленькі хлопчык Лёва. Ён марыў убачыць мора, і таму шмат распытваў гасцей пра яго. Неўзабаве зацікаўленасць хлапчука прымусіла задумацца жанчыну, для якой па сутнасці мора пераўтварылася ў штосьці традыцыйнае, чаканае, звычайнае.
«Нават засынаючы, я ўспомніла цікаўныя вочы маленькага вясковага хлопчыка. Я ўспомніла свае мары, нібыта ўбачыла іх зноў у яго вачах, і спытала сябе: а ці споўніліся мае мары? Відаць, так. Але… Але чамусьці само свята так і засталося ў яго першым чаканні. Там, дзе жывуць мае чырвонагронкія рабіны…»
Шмат пра што кажа гэта рэфлéксія гераіні: пра першы падкрэслены ўрок: споўніўшы адну сваю мару, не варта спыняцца на дасягнутым, не супастаўляць свае мэты, жаданні і мары з тым, што думаюць іншыя. Звярніце ўвагу: жыхары вёскі ў творы рамантызуюць жыццё ў горадзе: «І ўсё-такі ў вялікімі горадзе — іншае жыццё. Рух. Сэнс вялікі». Падарожнікі пасля сустрэчы пачалі настальгіраваць па мінуламу ў вёсцы: «Мне здаецца, мы не набылі, а наадварот, — нешта страцілі. Навізну. Імкненне. Цікавасць да многіх рэчаў. Наіўнасць. Веру ў тое, што ёсць казка і той вялікі і шчаслівы свет за гэтай пыльнай прасёлкавай дарогай».
Раніцай, калі госці выязджалі, выявілася, што Лёва залез у багажнік. Хлопчыка знайшлі; вядома, усе былі незадаволенымі і ўсхваляванымі, але жанчына палічыла сваім абавязкам сказаць яму, што «шчасце можа быць усюды: там, дзе мора, і там, дзе яго няма. Дакладней, усюды, дзе яго імкнуцца пабудаваць». Сапраўды слушныя словы, але якія, мяркую, маленькі хлопчык не зусім зразумеў, таму проста хочацца верыць, што ён не перахварэў гэтай марай, а здзейсніў яе, стаўшы самым шчаслівым чалавекам…
Назва наступнага апавядання «Прынцэса і бядняк». Выпадковае знаёмства з Эльзай (так звалі дзяўчынку-прынцэсу, якая з бацькам ненадоўга прыехала ў горад) змяніла жыццё звычайнага беднага падлетка з цяжкім жыццём. Хлопец адчуваў сябе пакінутым, тым больш, што з маці бачыўся рэдка праз яе працу.
Спачатку хлапчук быў, шчыра кажучы, вельмі далёкім ад ветлівасці і выхаванасці: «Этыкет… Гэта што — вялікая этыкетка?», нават хуліганіў: «Каб неяк развеяцца, страляю з вадзянога пісталета з цемры па тых, хто праходзіць унізе, і ціха смяюся, калі яны ўздрыгваюць ад вады, і, нічога не разумеючы, круцяцца на месцы». Аднак пасля знаёмства з прынцэсай, ён змяняецца: «Прабач, у мяне дрэнныя манеры. Але я буду старацца стаць лепшым».
Вялікую сімпатыю выклікае і вобраз Эльзы. Яна не адштурхнула ад сябе чалавека, які не падыходзіць ёй па статусе, а праходзіць з ім самую складаную частку і без таго пакручастага жыццёвага шляху.
На жаль, героем не суджана было быць разам. На пытанне «Ці стаў ён шчаслівым?» чытач наўрад дасць станоўчы адказ, але лепшым – адназначна: «скончыў універсітэт, зрабіўся разумным і выхаваным і больш не блытаю этыкет з этыкеткай ад піва».
Такім чынам, другое апавяданне падкрэслівае хутчэй не ўрок, а ісціну, што сапраўднае шчырае каханне — вялікая сіла, дзякуючы якой чалавек можа стаць непазнавальна лепшым.
Чытаючы апошняе апавяданне «Тонкая ліні», ты моцна задумваешся. Аднаму герою спачуваеш, іншага шкадуеш, а наконт трэцяй гераіні… думак таксама шмат. Сюжэт апавядання пададзены ў незвычайнай дзённікавай форме, што значна «скарочвае» дыстанцыю паміж чытачом і апавядальнікам, хаця стаць адным з трох герояў і нават назіральнікам гэтай жудаснай гісторыі нікому не пажадаеш…
Глыбокая рэфлексія героя выклікана трагічнай падзеяй: ён пацалаваў дзяўчыну свайго сябра, а той, убачыўшы гэта, пабег і трапіў у аварыю. Мы не ведаем імёнаў нікога з іх: да сябра апавядальнік звяртаецца ў асноўным на «ты», а дзяўчыну згадвае простым, але напісаным з вялікай літары «Янá». У творы без імёнаў чытач цалкам паглыбляецца ў напружаны сюжэт, ва ўнутраны свет героя, з усімі супярэчлівымі думкамі і глыбокімі перажываннямі, якія па сённяшні дзень вярэдзяць душу…
У творы шмат цытат, і гэта, варта адзначыць, не проста высокія словы, пачутыя дзесьці, — а асабісты досвед, урокі жыцця, якія выпалі на долю апавядальніка: «Гэта цяпер я ведаю, што існаваць і жыць — розныя рэчы, што падчас ты не можаш вярнуць тое, што іншым здаецца — вярнуць проста, дастаткова толькі забыць адну секунду, адно імгненне мінулага». Узгадвае герой і пра дзяўчыну: «Яна піша музыку і працуе над сабой. Мне падабаецца, што Яна піша для скрыпкі — гэта самы шчыры інструмент, які ўмее плакаць.»
Такім чынам, трэці важны ўрок: не спяшацца, нават калі здаецца, што здарылася нешта дрэннае, непапраўнае і не думаць, што неабдуманыя ўчынкі застануцца без пакарання. Зрэшты, героі апавядання пакаралі самі сябе…
Трэба сапраўды мець вялікае майстэрства, каб закласці ў творы такія ўрокі жыцця, так трапна падабраць словы, пакінуць чытачу глебу для разважанняў…
Паліна ДВАРАНСКАЯ
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
