А раптам гэта маё?
Вітаю! Мяне завуць Вера. Я псіхолаг і арт-тэрапеўт. Ужо некалькі гадоў працую з дзéцьмі і падлеткамі, дапамагаючы ім разбірацца ў складаных пачуццях, перажываннях і жыццёвых сітуацыях. Разам мы шукаем адказы на такія важныя пытанні, як: «Хто я?», «Які я насамрэч?», «Што для мяне важна?», «Куды я хачу рухацца далей?»
Рубрыку «Псі-факторыя» я бачу як своеасаблівую лабараторыю даследавання ўнутранага свету чалавека. Тут не будзе правільных і няправільных адказаў, складаных дыягназаў ці сумных лекцый. Затое будуць назіранні, адкры́цці, эксперыменты і развагі пра тое, як гэты ўнутраны свет уладкаваны.
Разам мы паспрабуем даследаваць эмоцыі і пачуцці, сяброўства і адзіноту, трывогу і ўпэўненасць у сабе, адносіны з бацькамі, выбар жыццёвага шляху і шмат іншых тэм, якія могуць быць аднолькава цікавымі. У мяне няма ані чароўнай кнопкі, ані простых рэцэптаў на ўсе выпадкі жыцця. Але спадзяюся, што гэтая лабараторыя дапаможа вам лепш разумець сябе, свае пачуцці і людзей вакол.
Дарэчы, у нашай прасторы заўсёды будзе месца для новых даследаванняў. Таму, калі вас хвалюе пэўнае пытанне альбо вы захочаце прапанаваць тэму для наступнага выпуску «Псі-факторыі», запрашаю вас пісаць мне на электронную пошту: vera@mnogotochie.by.
Давайце разам выправімся ў гэтае падарожжа — наперад!
Вам здаецца, што ўсе навокал ужо знайшлі сваё паклíканне? Адны ўжо мараць стаць лекарам ці навукоўцам. Другія займаюцца прафесійна спортам. А вас нібы нічога асабліва не захапляе, і вы не ведаеце, чым хацелі б займацца ў будучыні?
Уявіце, што стаіцé перад вялікай мапай. На ёй сотні дарог, сцежак і маршрутаў. Свет паступова адкрывае перад вамі новыя магчымасці. Але якую дарогу выбраць? А раптам аберацé нешта не тое? Такі шырокі выбар можа палохаць. І разам з разгубленасцю расце трывога. Давайце падумаем, ці сапраўды трэба як магá хутчэй шукаць сваё пакліканне.
Першая тэма: чаму нам бывае так складана зрабіць выбар?
Адна з прычын палягае на тым, што мы часцей за ўсё шукаем нечага грандыёзнага. Нам хочацца адразу знайсці справу ўсяго свайго жыцця. Такую, каб прачынацца раніцай з натхненнем, працаваць з захапленнем і ніколі не стамляцца. Але ў рэчаіснасці ўсё працуе крыху інакш.
Шматлікія дарослыя людзі прызнаюцца, што нават пасля школы доўга не разумелі, чым хочуць займацца. І гэта абсалютна нармальна. Большасць людзей знаходзіць любімую справу не таму, што іх раптам асвяціла геніяльная ідэя. Часцей за ўсё яны проста спрабуюць розныя рэчы. Хтосьці трапляе ў тэатральны гурток, бо ішоў міма і вырашыў зазірнуць. Хтосьці ідзе на заняткі па фатаграфіі за кампанію з сябрам. Хтосьці пачынае вывучаць замежную мову проста з цікаўнасці. І толькі праз некаторы час разумее: «О, а мне гэта сапраўды падабаецца».
Памылка, якая замінае многім
Часта мы адмаўляемся ад новай справы занадта хутка. Адзін раз не атрымалася намаляваць прыгожы малюнак — значыцца, маляванне не маё. Прайграў на спаборніцтвах — спорт не маё. Збянтэжыўся падчас выступлення — сцэна не для мяне. Але любое ўменне патрабуе часу. Калі б маленькае дзіця пасля першага падзення вырашыла больш ніколі не вучыцца хадзіць, ніхто з нас сёння не змог бы зрабіць і кроку. Таму вельмі важна даць сабе права быць пачаткоўцам.
Ці цікава мне гэта?
Бывае, мы некалькі гадоў займаемся справай толькі таму, што прызвычаіліся або таму, што гэтага чакаюць ад нас іншыя людзі. Часам нам здаецца, што нешта ці нехта шточас падштурхоўвае. Сябры клічуць на валейбол. Бацькі кажуць, што трэба вывучаць замежныя мовы. Настаўнікі раяць удзельнічаць у алімпіядах. Раптам хочацца набыць скетчбук, бо папулярны блогер пачаў маляваць.
Усё гэта не дрэнна. Але час ад часу карысна спыніцца і задаць сабе простыя пытанні: «А мне самому гэта цікава?» і «Калі б ніхто мяне не ацэньваў, чым бы я хацеў займацца?» Адказы могуць здзівіць.
Не ўсё павінна ператварацца ў прафесію
Яшчэ адна пастка — думка, што кожнае захапленне павінна прыносіць карысць. Калі малюеце, то адразу трэба станавіцца дызайнерам. Калі пішаце вершы, то трэба напісаць столькі, каб абавязкова выдаць кнігу. Калі любіце жывёл, то трэба рыхтавацца да паступлення на ветэрынара. Але не кожны занятак павінен станавіцца працай. Некаторыя рэчы патрэбныя проста для радасці. Для таго, каб атрымліваць асалоду ад жыцця і ад самога працэсу.
Паспрабуйце адказаць сабе на некалькі простых пытанняў:
• што я магу рабіць доўга і не заўважаць страчанага на гэта часу;
• пра што мне падабаецца чытаць або глядзець відэа;
• пра што я люблю расказваць іншым людзям;
• якія тэмы выклікаюць у мяне цікаўнасць;
• што мне хацелася б паспрабаваць зрабіць, калі б я не баяўся няўдачы.
Часам адказы на гэтыя пытанні могуць падказаць нечаканы кірунак.
Дазвольце сабе даследаваць сябе
У дзяцінстве мы шточас спрабуем нешта новае. Малюем, будуем, фантазіруем, задаём тысячы пытанняў. Потым, вырастаючы, шматлікія людзі пачынаюць баяцца памылак і спыняюць спрабаваць. Але пошук сябе вельмі падобны да даследавання незнаёмай мясцовасці. Немагчыма загадзя ведаць, якая сцежка прывядзе да цікавага адкрыцця́.
Таму дазвольце сабе эксперыментаваць. Запішыцеся ў новы гурток. Прачытайце кнігу пра тое, што раней здавалася сумным. Паспрабуйце зрабіць нешта, чаго ніколі не рабілі. Нават калі новая справа вам не спадабаецца, гэта будзе карысным досведам. Бо вы даведаецеся пра сябе крыху больш. Магчыма, вы яшчэ не знойдзеце таго, што падабаецца, але затое зразумееце, што дакладна НЕ падабаецца і чым ні ў я́кім разе не хацелі б займацца.
А што, калі мае зацікаўленасці зменяцца?
Шмат якія падлеткі думаюць, што любімая справа павінна заставацца з чалавекам на ўсё жыццё. Але гэта не абавязкова так. У дзяцінстве вам маглі падабацца канструктары. Потым вы дараслі да камп’ютарных гульняў. А пазней вас захапілі спорт, музыка або літаратура. Чалавек расце, зменьваецца і адкрывае для сябе новыя рэчы. Няма нічога дрэннага ў тым, каб пакінуць захапленне, якое больш не прыносіць радасці. Часам людзі працягваюць займацца нелюбімай справай толькі таму, што ім шкада выдаткаванага часу. Але гады, якія дапамаглі лепш зразумець сябе, нельга лічыць страчанымі. Кожнае захапленне пакідае па сабе досвед, веды, навыкі і новыя знаёмствы. Нават калі яно не стала справай жыцця.
Замест высновы
Важна не тое, як хутка вы знойдзеце сваю справу, а тое, ці будзе гэта сапраўды вашым выбарам. Не бойцеся спрабаваць новае. Не бойцеся памыляцца. Не бойцеся змяняць свае планы. Пошук сябе — не экзамен, дзе ёсць толькі адзіны правільны адказ. Гэта падарожжа. І найцікавéйшае ў ім, што ніхто загадзя не ведае, куды яно прывядзе.
Вера СІРАТА
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
