Каралеўская месячная хада па вяршыні айсберга

Калі ў 2023 годзе анансавалі пачатак працы над баёпікам пра Майкла Джэксана, кінасвет скалыхнуўся. Фільм пра чалавека, які прадаў больш за 400 мільёнаў альбомаў, сабраў 13 «Грэмі» і змяніў поп-культуру назаўжды, абяцаў стаць падзеяй дзесяцігоддзя. Антуан Фукуа, Джон Логан і бюджэт каля 200 мільёнаў даляраў — усё гэта спараджала надзею на глыбокую біяграфічную драму. Фільм сабраў у сусветным пракаце каля мільярда, стаў камерцыйным поспехам, аднак крытыкі сустрэлі яго неадназначна: адны захапляліся візуальным складнікам, а іншыя былі расчараваныя недастатковасцю сцэнарнай глыбіні.

 

Сінопсіс

Фільм пачынаецца з шэрых будняў горада Гэры. Маленькі Майкл выхоўваецца ў доме, дзе не хапае прасторы і цяпла. Яго мара — стаць зоркай і выратаваць сям’ю з бядоты. Галоўным «антаганістам» становіцца бацька — Джо Джэксан у выкананні Колмана Дамінга. Тыран, які ператварае дзяцінства дзяцей у мýштру: рэмень замяняе абдымкі, бізнес-план — калыханку. У яго вачах няма гонару за сыноў — толькі разлік. Гэта фундаментальная траўма, якая пераследуе Майкла ўсё жыццё. Мы бачым, як хлопчык, пазбаўлены нармальнага дзяцінства, ратуецца ў свеце фантазіі. Тут упершыню з’яўляецца вобраз Пітэра Пэна — вечнага хлопчыка, які адмаўляецца сталець. Гэтая лінія праходзіць праз увесь фільм, нагадваючы пра ранча Неверленд — месца, дзе час спыніўся.

 

Джафар як галоўны цуд фільма

Галоўная акцёрская фігура — Джафар Джэксан, родны пляменнік Майкла. Чалавек, які вырас у цені знакамітага дзядзькі і ведаў яго па сямейных успамінах. Для Джафара гэта дэбют: два гады трэніровак, вывучэнне кожнага руху Майкла, яго позірку, ківомігаў. Ён гадзінамі праглядаў архіўныя запісы, вучыўся пераймаць мяккую манеру маўлення Майкла Джэксана і працаваў з харэографамі. Вынік уражвае: калі Джафар выходзіць на сцэну, глядач верыць, што перад ім сам кароль поп-музыкі. А сцэны рэпетыцый з «месячнай хадой» — сапраўдная магія кіно. Крытыкі адназгодна адзначаюць, што менавіта Джафар выратоўвае фільм ад поўнага правалу.

 

Візуальны стыль: дасканаласць без жыцця

Візуальны бок «Майкла» заслугоўвае асобнай размовы. Фільм выглядае так, быццам яго здымалі з дапамогай машыны часу, перанесенай у 1980-я. Аператарская праца Дыёна Бібі ператварае кожны кадр у візуальную паэму: блікі на стразах пальчаткі, пот на твары пасля рэпетыцый, багатая каляровая гама — залаты, чырвоны, сіні. Касцюмы — асобны твор мастацтва: чырвоная куртка з «Thriller», ваенная форма з «Bad», белыя шкарпэткі, якія падкрэсліваюць рытміку танца. Сцэна здымак «Thriller» магла б стаць самастойным кароткаметражным фільмам. Але гэтае відовішча становіцца самамэтай, а не сродкам раскрыцця персанажа.

 

Музыка: гімн эпосе, аднак з нюансамі

У фільме гучаць 13 песень — ад ранніх хітоў Jackson 5 да сольных суперхітоў. Джафар выконвае ўласныя версіі, што дадае свежасці, але ў шэрагу сцэн выкарыстоўваюцца арыгінальныя запісы Майкла. Гэта стварае гібрыдную рэальнасць: глядач чуе то сапраўднага Майкла, то яго пляменніка. І тут паўстае пытанне: ці не ператварае гэта фільм у расцягнуты па часе кліп? Музыка гучыць амаль бесперапынна, і ў нейкі момант карціна становіцца «музычным аўтаматам», дзе хіты змяняюць адзін аднаго без драматычнай паўзы. Тым не менш, выбар песень прадуманы: «Billie Jean» гучыць падчас легендарнай «месячнай хады», «Bad» — на піку славы.

 

Што змянілі і што ўпусцілі

Самы спрэчны аспект фільма — ступень яго адпаведнасці гістарычнай праўдзе. Сюжэт баёпіка сканчваецца ў 1988 годзе, свядома абыходзячы ўсе скандалы і абвінавачанні, якія разбурылі рэпутацыю артыста. Чаму? Прадстаўнікі спадчыны Майкла Джэксана, якія адначасова выступаюць прадзюсарамі фільма, выявілі ў пагадненні, заключаным з Джорданам Чэндлерам, пункт, што забараняе згадваць яго імя ў любых фільмах пра спевака. Гэта прывяло да глабальнага перапісвання сцэнáра: лінія абвінавачанняў была галоўнай драматычнай дугой трэцяга акта, але яе вымушана скарацілі, а частку стужкі давялося перазняць за 22 дні, выдаткаваўшы дадаткова 10–15 мільёнаў даляраў.

Якія яшчэ змены? Па-першае, значна скарочана лінія адносін з бацькам: замест глыбокага псіхалагічнага даследавання мы атрымліваем плоскае супрацьстаянне «злы бацька — святы сын». Браты і маці Майкла застаюцца абыякавым фонам. Па-другое, выключаны або змякчаны шэраг ключавых тэм: трансфармацыя знешнасці (рынапластыкі, змяненне колеру скуры) паказана адным беглым кадрам без тлумачэнняў; хваробы — ваўчанка і вітыліга — не растлумачаны; тэма залежнасці ад абязбольвальных пасля апёкаў на здымках «Pepsi» пададзена павярхоўна; уплыў рэлігіі Сведак Іеговых на творчасць і светапогляд застаўся за кадрам.

«Майкл» — праект, які выклікае супярэчлівыя пачуцці. З аднаго боку, візуальны шэдэўр: аператарская праца, касцюмы, пераўвасабленне Джафара — усё створана з любоўю да дэталяў. Гэты фільм спадабаецца прыхільнікам Майкла, бо ён дазваляе яшчэ раз паглыбіцца ў атмасферу 1980-х. З другога боку, гэта адпаліраваны да бляску, стэрыльны баёпік, які нагадвае экскурсію па музеі: экспанаты прыгожыя, але за шклом, без права дакрануцца да сутнасці. Фільм нібы страшыцца разбурыць міф і становіцца вітрынай велічы, а не даследаваннем душы. Як жартам заўважыў адзін крытык, «яны знялі фільм пра Майкла Джэксана, які сканчваецца да таго, як пачынаецца самае цікавае».

Ці варта глядзець «Майкла»? Калі вы хочаце атрымаць задавальненне ад відовішча і знаёмых хітоў — фільм не расчаруе. Але калі вы шукаеце глыбокае псіхалагічнае даследаванне асобы караля поп-музыкі, якое тлумачыць яго ўзлёты і падзенні, то «Майкл» пакіне вас з адчуваннем, што вам паказалі толькі вяршыню айсберга.

Ксенія КІРЫЧЭНКА

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

 

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *