Кім жадаюць быць выпускнікі беларускіх школ?

Кім жадаюць быць выпускнікі беларускіх школ? Падобна на тое, што маладыя беларусы масава вырашылі стаць айцішнікамі. Гэта пацвярджае і прыёмная кампанія ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Усе, хто добра здаў на ЦТ фізіку, выбіраюць спецыяльнасці ІТ-галіны. Так, у БДУІР — вядучай установе ў краіне па падрыхтоўцы ІT-кадраў — сярэдні бал залічаных на бюджэтную форму склаў 339 (у 2017 годзе — 332). А суму балаў не менш як 300 маюць больш за 75 працэнтаў будучых першакурснікаў.
У топ-5 спецыяльнасцяў з самымі высокімі прахаднымі баламі сёлета ўвайшлі: «эканоміка электроннага бізнесу» — 384 (паўпрахадны бал — 383); «электронны маркетынг» — 377 (паўпрахадны — 376); «інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» — 371 (паўпрахадны — 370); «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» — 370 (паўпрахадны — 369) і «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у гульнявой індустрыі)» — 368.

Без уступных іспытаў у БДУІР залічаны 23 чалавекі, з іх — два лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і 21 пераможца алімпіяд рознага ўзроўню.

Усяго ў 2018 годзе 100 балаў набралі на цэнтралізаваным тэсціраванні 392 абітурыенты, і 97 чалавек з іх падалі дакументы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. ЦТ па матэматыцы на 100 балаў здалі 155 чалавек у краіне, і амаль палова з іх (67 абітурыентаў) абралі месцам свайго будучага навучання БДУІР. Ва ўніверсітэт таксама заявілі свае дакументы пяць стабальнікаў ЦТ па фізіцы, 17 — па рускай і беларускай мовах і восем чалавек, якія маюць стабальныя сертыфікаты па англійскай і нямецкай мовах. Сярод выбітных абітурыентаў гэтага года 16 чалавек атрымалі найвышэйшы бал па двух прадметах, і шэсць з іх залічаны на топавыя спецыяльнасці ў БДУІР.

Да 4 жніўня ва ўніверсітэце працягваецца прыём дакументаў на платную форму навучання, але ўжо сёння тут склаўся конкурс амаль на ўсе топавыя спецыяльнасці, якія карысталіся ў абітурыентаў попытам пры паступленні на бюджэт.
А 20 ліпеня распачалася прыёмная кампанія ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах. І абітурыенты масава пайшлі падаваць свае дакументы ў Мінскі радыётэхнічны каледж — філіял БДУІР. І зноў-такі на ІТ-спецыяльнасці. Так, на аснове базавай адукацыі пры паступленні на спецыяльнасць «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» папярэдні прахадны бал на сённяшні дзень складае 9,8 (паўпрахадны 9,7); на спецыяльнасці «праграмуемыя мабільныя сістэмы» папярэдні прахадны бал 9,5 (паўпрахадны 9,4), «электронныя вылічальныя сродкі» — 9,0 (паўпрахадны — 8,9). Нагадаем, што абітурыенты, якія падаюць свае дакументы ў ССНУ пасля заканчэння базавай школы, паступаюць па сярэднім бале дакумента аб адукацыі.

На падставе агульнай сярэдняй адукацыі на спецыяльнасці «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» у каледжы прадугледжана 25 бюджэтных месцаў, на якія ўжо прэтэндуюць 44 чалавекі.

Масавае жаданне маладых людзей стаць айцішнікамі можна было б ухваліць, але не зусім зразумела, хто ж будзе будаваць масты і дарогі, абслугоўваць атамную электрастанцыю і, у рэшце рэшт, вучыць новыя пакаленні беларусаў фізіцы, без якой будучыня ІТ выглядае даволі цьмяна.
Прыём на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі сёлета ажыццяўляецца па 151 спецыяльнасці. Новымі для гэтага ўзроўню адукацыі з’яўляюцца спецыяльнасці «візуальны мерчандайзінг» (адкрыта ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва) і «захоўванне і перапрацоўка збожжа» (у Маладзечанскім дзяржаўным політэхнічным каледжы). У Навагрудскім дзяржаўным аграрным каледжы адноўлена падрыхтоўка па спецыяльнасці «ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў», а ў Мінскім дзяржаўным каледжы сферы абслугоўвання — па спецыяльнасці «Сацыяльная работа».

Таксама нельга назваць нечаканым і вялікі інтарэс моладзі да юрыспрудэнцыі. Так, у Юрыдычным каледжы БДУ на спецыяльнасці «правазнаўства» на аснове базавай адукацыі на 25 месцаў ужо пададзена 138 заяў, прычым 69 абітурыентаў маюць сярэдні бал атэстата ад 9 да 10 балаў.

Прыём на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі ажыццяўляюць сёлета па краіне 111 каледжаў, у тым ліку 10 прыватнай формы ўласнасці, а таксама 86 устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Усяго плануецца прыняць 39,3 тысячы чалавек, з іх 24,5 тысячы чалавек — за кошт сродкаў бюджэту.

У параўнанні з 2017 годам быў скарочаны прыём на спецыяльнасці профілю адукацыі «Камунікацыі. Права. Эканоміка. Кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці» і , наадварот, павялічаны — на спецыяльнасці профіляў «Ахова здароўя» і «Тэхніка і тэхналогія».

Прыём дакументаў на аснове агульнай базавай адукацыі будзе ажыццяўляцца ў ССНУ на бюджэтныя месцы да 3 жніўня, на платнай аснове — да 14 жніўня (калі не прадугледжаны ўступныя іспыты).

На аснове агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі дакументы на бюджэт падаюцца да 9 жніўня, на платную форму навучання — да 16 жніўня.
Надзея НІКАЛАЕВА

http://www.zviazda.by/be/news/20180801/1533134661-kim-zhadayuc-byc-vypuskniki-belaruskih-shkol

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *