Як напісаць дэтэктыў і не здзейсніць злачынства

Практыкум

Частка 1: Факты

Больш за ўсё я люблю тое, што французы называюць le roman policier. а яшчэ больш — гісторыі з судовым разборам злачынстваў, калі ў цябе ёсць магчымасць прайсці той жа шлях, што і ў прысяжных, а праўда выявіцца толькі напрыканцы. Каб напісаць удалую гісторыю ў такім фармаце, трэба мець добры юрыдычны досвед. Альбо крымінальны. Аднак, у адрозненне ад Шэрлака Холмса, які мог бы зрабіць някепскую кар’еру па абодва бакі (а мы б усё роўна яго любілі), я такімі ўменнямі не адрозніваюся і хіба што люблю разгадваць загадкі.
Але ж і дэтэктыў — гэта не заўсёды le roman policier. Лацінскі дзеяслоў «detegere», ад якога і ўтворана агульная назва жанру, азначае «выкрыццё». Напраўду слова «дэтэктыў» у самастойным значэнні, згодна з Оксфардскім слоўнікам, усё ж паходзіць ад detective policeman, галоўная справа якога — выкрываць злачынцу, і пазбегнуць гэтай асацыяцыі амаль немагчыма. Але не ў кожным дэтэктыве мусіць быць злачынства. Гэта можа быць любая гісторыя, дзе даследуецца загадкавае здарэнне — і гэта першы факт пра дэтэктыўны жанр.
Другі заключаецца ў тым, што выкрыццё таямніцы — задача зусім не герояў дэтэктыўнай гісторыі. Гэта задача чытача. Няма горшых дэтэктываў, чым тыя, дзе чытач яшчэ на сярэдзіне ўсё зразумеў, а аўтар альбо аўтарка тым часам з непадробнай шчырасцю апісваюць пакуты герояў, якім выпала няшчасце змагацца са справай, і другую палову кнігі. Таму ў дэтэктыўным жанры менавіта аўтары выступаюць ў ролі галоўнага злачынцы — і гэта ўжо трэці факт. Толькі яны ведаюць, што здарылася ў іх гісторыі на самой справе, а таму аўтарам належыць як мага старанней шыфравацца ад чытача. Хаця тут ёсць і іншая крайнасць — калі было так выкшталцона, што ніхто не зразумеў.
Найлепшы прыклад умення вытрымаць рэгламент тут — напэўна, Борхес, які ўмеў выпісаць цэлую Гісторыю з драбязы і пры гэтым у вельмі лаканічнай форме. Але ж галоўная яго жарсць у іншым: Борхес любіў маскіраваць пад найсапраўднейшы факт сярод гістарычных сведчанняў тое, што прыдумаў сам, прычым згадкі пра адну і тую ж падзею можна сустрэць у розных апавяданнях, што надае такому «факту» рэалістычнасці. І ў гэтым паўстае галоўная даследчыцкая задача чытача: прасачыць не толькі ўласна сюжэтны план гісторыі, але таксама зразумець гульню аўтара. Для мяне сапраўдны дэтэктыў з Борхесам пачаўся, калі я згубілася ў галавакружным свеце яго апавяданняў і пазнала ў адной гісторыі персанажа, з якім сустракалася на 44 гады (а насамрэч на некалькі соцен старонак і тыдзень рэальнага часу) раней. Абедзьве гісторыі маюць дэтэктыўны складнік самі па сабе, аднак дзякуючы таму, што апавядаюць яны пра адно і тое ж здарэнне (але цалкам адрозна!), пераадольваючы і час, і прастору, дэтэктыўнай тут робіцца сама сувязь паміж двума тэкстамі. Каб захаваць інтрыгу, бо, магчыма, кожнаму будзе цікава самому разабрацца з гэтымі апавяданнямі, я не буду казаць іх назвы, адзначу толькі, што яны звязаны з ружовым кафэ і чалавекам па імені Расэнда.
Калі працягваць гутарку пра выкрыццё аўтараў, то, вядома ж, нельга абмінуць «Імя Ружы» Эка, бо тут таксама ёсць не толькі непасрэдны дэтэктыў, падзеі якога разгортваюцца ў сярэднявечным абацтве. Аўтар робіць дэтэктыўнай гісторыю рукапісу кнігі, якая быццам бы складае яго раман. Таксама ёсць тут і мета–тэкст, які адсылае да іншых дэтэктываў іншых аўтараў — у тым ліку ў якасці аднаго з персанажаў можна пазнаць і самога Борхеса з яго «Вавілонскай бібліятэкай». Аднак я насамрэч больш люблю раманы «Маятнік Фуко» і «Баўдаліна». Дарэчы, калі я чытала другі з іх, у анатацыі да кнігі было пазначана, што акрамя неверагодных прыгод, дзе змешваюцца сапраўдныя гістарычныя здарэнні і выдумка ў часы ўладарання Фрыдрыха Барбаросы, чытачы знойдуць і сюжэт, запазычаны ў Конан–Дойла. Я так намагалася пазнаць яго, што ў выніку цалкам прапусціла яго па–за ісхіяподамі, блегмамі, гіпатыямі, царствам прасвітара Іаана і іншымі цікавосткамі. Кажуць, што згаданы сюжэт тычыцца версіі, якую Эка прапануе ў якасці тлумачэння абставін смерці (альбо забойства?) самога Барбаросы.
Аднак каб напісаць добры дэтэктыў, зусім не абавязкова загразаць у мудрагельствах — і гэта чацвёрты факт. Таму, каб трошкі адарвацца ад тэорыі, прапаную нарэшце выканаць першыя практыкаванні.

Практыкаванне №1

Апішыце свой дзень. На першым этапе паспрабуйце зрабіць гэта як мага больш падрабязна, абавязкова пазначайце, што вы рабілі і ў які час — лепш за ўсё будзе прадставіць гэта ў выглядзе табліцы. Пасля таго, як будзе гатовае ваша апісанне, зрабіце рэвізію. Якую сувязь можна прасачыць паміж тымі падзеямі, удзельнікамі якіх вы зрабіліся? Якія з падзей больш істотныя, а якія — менш? Ці былі сярод гэтых падзей надзвычайныя здарэнні? Калі такіх здарэнняў, на першы погляд, не было, уявіце, якую з падзей можна было б «дадумаць» і надаць ёй загадкавасці? Перарабіце апісанне вашага дня, пакінуўшы толькі галоўнае такім чынам, каб яно ператварылася ў дэтэктыўную гісторыю. Якія факты дапамогуць чытачу «выкрыць» вашу гісторыю? Памятайце, што выкрыццё можа тычыцца як самога «загадкавага здарэння», так і агульнага ладу вашага аповеду. Аб’ём другога тэкста мусіць займаць не больш за 1 старонку аркуша фарматам А4.

Практыкаванне №2

Перарабіце вядомую дэтэктыўную гісторыю на новы лад. Абярыце які–небудзь сюжэт са зборнікаў Конан–Дойла альбо любы іншы, пажадана невялікі. Паспрабуйце перанесці герояў у іншы час, альбо змяніце развязку (з ёй можа змяніцца і інтрыга), альбо пастаўце ў тыя ж абставіны цалкам іншых герояў (як варыянт: распавядзіце гісторыю ад імя злачынцы). Як зменяцца факты ў новым дэтэктыве? Запішыце сваю гісторыю. Аб’ём тэкста — ад 2 старонак аркуша фарматам А4.

Я мушу прызнаць і пяты факт, але ж ён асабісты. Мне яшчэ ні разу не дапамаглі літаратурныя дапаможнікі ў стылі «Як напісаць…». Дакладней, адзіны раз, калі я прачытала такі дапаможнік (ён тычыўся напісання п’ес), я так нічога і не напісала. Затое цяпер дакладна ведаю, што такое драматургічная арка. Разам з тым, мне заўжды вельмі дапамагалі воркшопы, на якіх пісьменнікі распавядалі пра ўласны досвед і прапаноўвалі маладым аўтарам розныя практыкаванні, дзяліліся заўвагамі. Практыка і зваротная сувязь — напэўна, адзіная магчымасць развіваць свае навыкі пісьменства. Прынамсі, у мяне так. Але падрабязней пра свой досвед напісання дэтэктываў, а таксама складнікі, якія, на маю думку, маюць значэнне для гэтага жанра (а гэта герой, інтрыга, кампазіцыя і форма — шосты факт), я распавяду ў наступных частках гэтага практыкума. Адзінае, пра што магу папярэдзіць: калі нехта пачынае распавядаць вам пра 10, альбо 20, альбо 436 правілаў напісання дэтэктываў, не слухайце. Бо менавіта там, дзе парушаюцца правілы, пачынаецца сапраўдны дэтэктыў. І гэта сёмы факт.
Свае практыкаванні дасылайце ў рэдакцыю «Бярозкі» з пазнакай «Дэтэктыўны практыкум», а пакуль — яшчэ адно заданне: пачынайце прыкмячаць усё загадкавае, таямнічае і надзвычайнае ў сваім жыцці, а таксама рабіце запісы ў нататніку — гэта абавязкова дапаможа вам у напісанні вашага дэтэктыва.

Ксенія Шталенкова

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *