У Слоніме ўручылі Нацыянальную літаратурную прэмію
Узнагароды лаўрэатам уручалі Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч і старшыня журы конкурсу прафесар Іван Саверчанка.
«Нацыянальная літаратурная прэмія — гэта ўвасабленне сацыяльнай палітыкі дзяржавы, праява клопату пра культуру і мастацтва, пісьменніцкую працу, духоўна-культурную сферу», — адзначыў Іван Саверчанка.
У намінацыі «Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі» пераможцам стаў Мікола Маляўка за зборнік вершаў «Сланечнiк». Пераможцам у намінацыі «Лепшы твор прозы» стаў аўтар кнігі «Геній» Алег Ждан. Лепшым публіцыстычным творам названа кніга «VALE!» Віктара Хурсіка. Кніга Святланы Калядка «Літаратуразнаўчая тэорыя паэтычнай эмоцыі» названа лепшай у намінацыі літаратурнай крытыкі. У намінацыі «Лепшы дэбют» з кнігай «Сэрца Сакры» перамагла Станіслава Умец, а ўраджэнец Слонімскага раёна Уладзімір Ягоўдзік — у намінацыі «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва» («Крылатыя суседзі», «Зачараваная Свіслач» і «Кветкі дзівасілу»).
“Заўсёды стараюся апісваць у сваіх кнігах родныя мясціны. Прыемна атрымліваць узнагароду на Слонімскай зямлі, здаецца, са сцэны бачу родную вёску», — адзначыў Уладзімір Ягоўдзік. Ён падкрэсліў, што не падзяляе літаратуру на дзіцячую ці дарослую. Добрая кніга цікавая чытачу любога ўзросту.
«Дзень Беларускага пісьменства — своеасаблівы экзамен і справаздача пісьменнікаў перад жыхарамі краіны. Кожны год з-пад пяра творчых людзей выходзяць выдатныя творы. Прыемна, што пісьменнікаў цэняць, падтрымліваюць на самым высокім узроўні», — сказаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах газеты “Звязда”.