Выдавецкі дом “Звязда” вучыць дзяцей любіць кнігу
Якія гісторыі можа расказаць чараўніца Зіма? Колькі казак ведае Сіняя падушка? Што цікавага ўтойвае ў сабе сівая даўніна? Пра ўсё гэта расказала пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая на сустрэчы ў краме “КнігаПоліс”. А яшчэ пазнаёміла ўсіх прысутных з такімі незвычайнымі персанажамі, як Вухуцік, Васільвася і класавічкі.
Дарэчы, гэтай прэзентацыяй Выдавецкі дом “Звязда” распачаў цыкл сумесных мерапрыемстваў з крамай “КнігаПоліс” сеткі “Белкніга”. Кожны месяц тут будуць праходзіць сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьменнікамі.
Пісьменніца Ірына Карнаухава прапанавала гасцям 13-й дзіцячай бібліятэкі паразважаць, што патрэбна чалавеку, каб сачыняць вершы. І дзеці не разгубіліся з адказам: фантазія, адчуванне рытму і, вядома, натхненне.
На мерапрыемстве вучні 144-й мінскай школы не толькі пазнаёміліся з кнігай аўтара “Ах, які сёння дзень!”, але і самі паспрабавалі быць паэтамі. Атрымалася цудоўная гісторыя пра шэранькую котку і неасцярожную мошку. А яшчэ дзеці высвятлялі, хто сапраўдны гаспадар у хаце – дзед, сабака або дамавік, шукалі значэнне слоў “сяброўства” і “клопат” і разважалі пра тое, якія гульні лепш – рухавыя або камп’ютарныя.
А ў 6-й дзіцячай бібліятэцы мастак, а з нядаўняга часу і пісьменнік Сяргей Волкаў падрыхтаваў для школьнікаў сапраўдны майстар-клас. Прэзентацыя вершаў з кнігі “Агарошкі”, у якіх мастак словамі “намаляваў” сваіх унукаў, доўжылася ўсяго гадзіну, і за гэты час Сяргей Волкаў паспеў стварыць новую ілюстрацыю! Цяпер плакат з казачнымі жывёламі ўпрыгожыць клас 80-й мінскай школы і, напэўна, дадасць у навучальны працэс трохі весялосці.