“Звязда” – дзецям
У Пружанскай раённай дзіцячай бібліятэцы імя Алены Лось з красавіка па кастрычнік ладзіліся цыклы мерапрыемстваў па кнігах пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой.
Для юных чытачоў бібліятэкары правялі віктарыны, гульні, чытанне ўголас, арганізавалі выставы кніг.
Супрацоўнікі бібліятэкі падышлі да справы крэатыўна: змайстравалі лялечных персанажаў з твораў Кацярыны, падрыхтавалі інсцэніроўкі казак, прыдумалі рэкламу твораў аўтара. Быў нават кніжны аўкцыён з сапраўднымі прызамі!
10 кастрычніка ў фінальным літаратурным свяце ўзялі ўдзел Кацярына Хадасевіч-Лісавая і супрацоўнікі Выдавецкага дома “Звязда”. Адбылося знаёмства аўтара з юнымі чытачамі і некалькі прэзентацый кніг пісьменніцы.