Ягор Нехвядовіч: «Вось слова «флексіць» на дошцы — і быццам бы працаваць хочацца»
Пагутарылі з выкладчыкам Гімназіі №4 горада Мінска, каб даведацца пра настаўніцтва, свой падыход да падлеткаў, калі табе самому 24, і пра тое, як можна дамагацца працы, калі гэта праца тваёй мары.
Пра настаўніцтва
Часам у школе і на сабе адчуваў, што настаўнікі ставілі кляймо на вучнях. Вось ты ў пятым класе не вучыў — і ў дзявятым не будзеш. І, здаецца, вучыш, вучыш… У мяне такі сусед па парце быў: параграф вывучыў, але ўсё роўна атрымаў 6 балаў. І я думаў: калі я стану настаўнікам!.. Тады ў мяне гэтая думка і ўзнікла: я ніколі не буду судзіць вучня за тое, што было некалі. Калі ў вучня ёсць прагрэс, то хочацца яго падтрымаць. Я зараз бачу вучняў, якія прыкладаюць вялікія намаганні: цяжка, але сядзяць і вучаць. Вось такімі вучнямі я захапляюся: здольнымі так працаваць над сабой.
Якім я быў школьнікам? Я быў старастай класа. Балбатлівы на ўроках. Вельмі камунікабельны. І сціплы — часам занадта, трэба было быць смялейшым. Займаўся ў шматлікіх гуртках: выпальваннем, лепкай з салёнага цеста, саломкай, таксама наведваў секцыю «Юны дэсантнік». Настаўніцтва — гэта, напэўна, мара з самага маленства, але ў мяне была ўпэўненасць, што толькі выдатнікі могуць быць настаўнікамі, а я выдатнікам не быў.
У дзявятым класе настаўніца, мабыць, ува мне нешта заўважыла. Мы чыталі «Шляхціца Завальню», я не дачытаў. Адзін аднакласнік не прачытаў і другі — ім нічога. І толькі мне адразу выкладчыца адзін бал паставіла! Такое самае было ў шостым-сёмым класе на беларускай мове. Мы павіны былі пісаць слоўнікавы дыктант. І настаўніца пытаецца: «Я задавала?». Мы: «Не задавалі». Даходзіць да мяне (яна думала, што я падтрымаю яе), а я, канешне ж, як усе, сказаў: «Я не памятаю». «Ах, ты не памятаеш,» — і зноў мне адзін бал.
Я марыў выкладаць і думаў, куды паступаць: у БДУ ці ў БДПУ імя МаксімаТанка. Раіўся, думаў, але настаўніца адна кажа: «У БДУ будуць веды». А як я буду выкладаць, калі ведаў не будзе? Абраў БДУ і не шкадую: і педагагічная практыка была, і выкладане мовы і літаратуры.
Пра пошук працы
Перайшоўшы на трэці курс, я ведаў, што ўжо можна быць настаўнікам: усё, думаю, буду ўладкоўвацца. Тэлефанаваў у шмат школ. Патэлефанаваў у СШ № 46 Мінска. Яны спачатку мяне не хацелі браць, але я думаю: «Не, я ўсё роўна даб’юся свайго». Я ім тэлефанаваў цэлымі днямі з «ну вазьміце, ну вазьміце, ну вазьміце!». І дырэктар мяне ўзяла — вельмі ўдзячны ёй, канешне. Так я патрапіў у Чыжоўку, у 46-ю школу. Тады мне было 20 гадоў, а маім вучням 15-16 гадоў — зусім малая розніца.
Першыя тыдні два я думаў, што апошні раз у жыцці буду працаваць настаўнікам. Але я не сыходзіў, думаў, год папрацую. Мне падабалася праца, падабаўся працэс навучання. Цяпер я не бачу сябе ў нейкай іншай прафесіі.
Калі я працаваў першы год, то мне далі класнае кіраўніцтва — 8 «А» клас. Першае паўгоддзе я іх нават не вучыў: так апынулася, што мне далі клас з другой чвэрці. Вучні самі стварылі суполку ў VK — кожны змясціў свой фотаздымак і апісанне. Прагледзеў кожнага — і так пазнаёміліся. Я працаваў з імі толькі адзін год: у мяне быў універсітэт, а ў іх 9 клас, калі ім неабходна надаваць шмат увагі. Трэба было аддаваць час і на прафесійныя пытанні для тых, хто збіраўся паступаць у каледжы, а ў мяне не было на гэта часу.
Пасля размеркавання я трапіў сюды — у Гімназію №4. Зараз я ўжо адпрацаваў размеркаванне і працую трэці год.
Пра сваіх вучняў
Тут я вяду свой клас трэці год — з іх пятага класа. Я б проста не хацеў працаваць без класнага кіраўніцтва: без яго няма сапраўднага школьнага жыцця. Ты ахопліваеш усе справы, якія могуць быць у школе: і харчаванне, і мерапрыемствы, і праблемы дзяцей. Мне падабаецца разам з дзецьмі наведваць розныя імпрэзы, бавіць час разам па-за школай таксама прыемна. І я, канешне, адштурхоўваюся ад таго, што яны хочуць: калі яны хочуць на квэст, то не павяду ж я іх у музей.
Яны цікавяцца ўсім новым: праз іх я спазнаю і новыя песні, і неалагізмы, якія праз слэнг прыходзяць у мову. І стараюся іх інтарэсы выкарыстаць падчас урока. Вось адзін хлопчык у адным класе флексіць, а мы зараз праходзім дзеясловы: ідзі да дошкі і пастаў гэтае слова ў другую асобу адзіночнага і множнага ліку. І ўжо ўсім цікава, як гэтае слова паставіць. Апошні дзень, шосты ўрок, нічога не хацелася, але вось «флексіць» на дошцы — і быццам бы працаваць хочацца.
З гутаркі з імі я даведваюся пра нешта новае, бо сам ужо не ўсё адсочваю. Пяцікласнікі, шасцікласнікі калі прыходзяць, то хочуць распавесці, як яны правялі выходныя. І для сябе адбіраю тое, што магу скарыстаць падчас заняткаў. Я і сам ведаю нешта: я ж не так далёка ад іх па ўзросце адышоў. І тое, што, мне здаецца, адпавядае майму ўзосту — 24 гадам, — ведаюць і сямікласнікі.
Што да слэнгу… Я магу карыстацца ім на ўроках, каб разрадзіць сітуацыю ці зацікавіць. Я ж таксама носьбіт, але ў значна меншай ступені, чым мае сябры, якія не працуюць у школе. Ад гэтага нікуды не падзецца: вучні жывуць не толькі ў школе, тым больш зараз такая плынь інфармацыі вакол. Можа, трэба не заўсёды выкарыстоўваць слэнг, але неабходна разумець яго, каб стасавацца з вучнямі і сваімі аднагодкамі.
Пра стасункі
Прастора змянілася — дзеці змяніліся. Заснавальнік гуманнай педагогікі Шалва Аманашвілі выступаў у Мінску і казаў: «Зараз няма педагогікі для сённяшніх дзяцей». Аўтарытарнае «сядзь, зрабі» сёння ўжо не падыходзіць. І мы шукаем з вучнямі падыходы адзін да аднаго.
Яны мне кажуць: вы на ўроку адзін, а калі мы недзе гуляем, то зусім іншы. Я гуляю з імі ў настольныя гульні, футбол. А яны жа ўсе могуць і матам падчас лаянкі карыстацца. А я кажу: «Калі будзеце лаяцца, то я не буду гуляць, спынюся і ўсё». Праз стасункі з імі мы знаходзім агульную мяжу — не только праз урочныя, працоўныя моманты.
Раней вучні не былі такія блізкія з настаўнікамі — прынамсі, калі вучыўся я. Мне вучань кажа: «Калі мне будзе сумна, то я магу патэлефанаваць і пагаварыць з вамі?». Тэлефануй, пагаворым — я ўжо выдаткую час, каб пагутарыць з вучнем. Калі ён пытаецца, то, напэўна, яму патрэбна гэта. Каб настаўнік быў і сябрам і дарадцам? Не, у нас такога не было: у нас быў Настаўнік, да якога мы не былі адкрытымі. А зараз вучань можа сказаць, што ён думае: падлеткі ўсё бачаць і ўсё разумеюць. Мне вучань кажа: «Антон, канешне, «малойчык», але і вы навошта пачыналі». А мы не маглі так падысці да настаўніка і сказаць: «Вы недзе не мелі рацыю, магчыма».
За што настаўніку можа быць сорамна? Цяжка прызнаць, што я як настаўнік быў несправядлівы. Каб вучань не думаў, што мне ўсё роўна, калі я яго пакрыўдзіў, прашу прабачэння, калі тое трэба зрабіць. Але калі не прызнаваць сваю правіну, гэта яшчэ горш для сябе сямога, для самой асобы настаўніка. Канешне, усе людзі могуць памыліцца: і я, і вучань.
Святлана Курганава