Да чаго прыводзяць гульні ў фальклор

З чым у вас асацыюецца фальклор? Калі ўзгадваецца параграф са школьнага падручніка, то мы паспрабуем выправіць сітуацыю і пазнаёміць вас з чалавекам, які сваёй працай аднаўляе і папулярызуе культурныя традыцыі мінуўшчыны.
Сяржук Доўгушаў — музыка-мультыінструменталіст, лідар гурта Vuraj, арганізатар музычных фестываляў, стваральнік праектаў «Традыцыя», «Спеўны сход». Ён распавёў нам пра тое, навошта адраджаць народныя песні, як рыхтуюцца фестывалі, і нават даў парады музыкам-пачаткоўцам.

— Ці ёсць зараз сэнс і патрэба ў тым, каб адраджаць культурныя традыцыі мінуўшчыны?

— Гэта наша самаідэнтыфікацыя, якая нам неабходная, калі мы боўтаемся па свеце. Традыцыйная культура дае разуменне таго, хто ты ёсць.
Гэта мова, гэта песні, гэта традыцыі. Таму ўсе народы ў свой час пачалі аднаўляць культурныя традыцыі, ездзіць запісваць фальклор. Ужо няма асацыяцыі «народнае — значыць “калгаснае”». Няма супраціву «ой не, народнае я не люблю». Праз павагу, праз веды, праз адукацыю людзі пачынаюць ставіцца да свайго па-іншаму. Напрыклад, ніхто ў той жа Венгрыі не скажа: «Фальклор — лухта». Яны могуць гэта не слухаць у навушніках, але яны будуць гэта паважаць.
Мы адна з найбагацейшых краін свету па колькасці захаваных народных песень на душу насельніцтва. Але мы гэтага часам не ведаем. Спецыялісты — этнографы, напрыклад, — ведаюць, што выйшла кніжка, трэба ісці яе набыць. А на шырокім узроўні пра гэта мала ведаюць.

Я ўсім раю ствараць музыку на аснове нашай традыцыі, на аснове нашага фальклору. Мы прыедзем некуды і будзем граць рок ці джаз — гэта ўжо ўсё было. А калі мы будзем граць той жа рок ці джаз на аснове нашай традыцыйнай культуры — гэта могуць быць мелодыі, пазычаныя з фальклору, — гэта будзе больш самабытна, больш цікава і незвычайна.
І штораз сустракаю людзей, якія ўпершыню бачаць і дуду, і жалейку, і колавую ліру: «Нічога сабе, у нас такія інструменты былі?» Былі, ёсць і будуць.

Інтэрв’ю цалкам чытайце ў новым нумары часопіса «Бярозка», які выйдзе 29.01.2020

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *