Гары Потар і эмацыянальнае выгаранне (спойлер: хлопчык не выжыў)

Напісаць раман за пяць простых крокаў:

…чытаць бясплатна без рэгістрацыі і смс

Звычайна пра сіндром эмацыянальнага выгарання кажуць, разважаючы пра нейкую прафесійную дзейнасць, асабліва пабудаваную на кантактах з людзьмі. Сам тэрмін быў уведзены амерыканскім псіхіятрам Г.Фрэйдэнбергам, і азначае, фактычна, душэўную спустошанасць. А апошняя, у сваю чаргу, накладвае негатыўны адбітак на ўсё, што робіць “выгарэлы” чалавек – і нават на ягонае здароўе, як псіхічнае, так і фізічнае. Праца робіцца механічнай, зводзіцца да набору стандартных шаблонаў ды схемаў, пошукі новага не цікавяць. Увогуле, мала што цікавіць.
– Але, – скажаце вы, абазнаныя і сучасныя. – Плавалі, знаем. Чулі такое. Адно якое дачыненне гэта мае да працы з вялікімі формамі прозы?
Каб адказаць на такое пытанне, давайце найперш звернем увагу на фактары развіцця эмацыянальнага выгарання ў чалавека:

1) у групе рызыкі знаходзяцца людзі, схільныя да суперажывання, з развітай фантазіяй, з ідэалістычным стаўленнем да сваёй справы;
2) сіндром часта вынікае з неабходнасці доўгі час працаваць у адным рытме, асабліва напружаным;
3) эмацыянальная нагрузка, расцягнутая па часе, дадаткова правакуе развіццё гэтага душэўнага стану;
4) сіндром дадаткова ўзмацняецца адсутнасцю узнагароды (матэрыяльнай ці духоўнай), што прымушае чалавека меркаваць пра нікчэмнасць сваіх высілкаў і работы ўвогуле.

Заўважылі? У папярэдніх частках я часта згадвала пра неабходнасць эмацыянальна ўкладвацца ў тэкст, працаваць па раскладзе, вытрымліваць зададзены рытм. Кожны, хто спрабуе пісаць, валодае развітай фантазіяй і – давайце шчыра – заўжды трошачкі ідэалізуе тое, што піша. Ды і з узнагародаю не так проста: на сёння шлях аўтара зусім не ружамі ўсыпаны.
Бачыце? Усе мы, атрымліваецца, у групе рызыкі. І рызыка тым большая, чым болей вы душэўна прывязваецеся да тэксту, чым болей вы з ім працуеце. Мне не аднаразова даводзілася сутыкацца з выпадкамі, калі людзі пачыналі раман або аповесць, натхнёныя і радасныя. Пасля, працуючы без сістэмы, без ладу, патроху збаўлялі тэмп, расчароўваючыся ці то ў тэксце, ці то ў саміх сабе. І адгаралі. І кідалі, так і не закончыўшы.
А тое, пачатае і не закончанае, застаецца з табою навечна. І цісне, і нагадвае пра сябе, і не адступае. Прыгнятае, не дае ўздыхнуць, не дае ўзяцца за нешта новае, можа быць, лепшае.
Пасля ж непазбежна прыходзіць страшнае – абыякавасць. Да творчасці, да людзей, да жыцця. Самыя вусцішныя рэчы дазваляюць рабіць з сабою і светам менавіта абыякавыя людзі.
– То што ж рабіць, каб нічога гэтага не адбылося? – спытаеце вы, азадачыўшыся. Бо, канечне, добра памятаеце з папярэдніх допісаў, што без адданай, упартай, метадычнай працы і без значнага эмацыйнага ўнёску аўтара тэкст як такі не атрымаецца.
А я адкажу так жа, як адказваю на большасць падобных пытанняў:
– Трэба працаваць.
І ўдакладню, перш чым вы закоціце вочы:
– Над сабою.

Маргарыта Латышкевіч

Матэрыял цалкам чытайце ў лютаўскім нумары часопіса «Бярозка»

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *