Дыялогавая экскурсія
Ідучы па вуліцы Карла Маркса ў Мінску, вы не прамінеце гэты дом: прыгожы будынак з мемарыяльнымі шыльдамі сам прыцягне да сябе ўвагу. Вось і мы не абышлі, вырашылі завітаць «да Броўкі», а дакладней да загадчыцы Літаратурнага музея Петруся Броўкі Наталлі Мізон.

Каб увайсці, трэба патэлефанаваць у дамафон, падняцца на другі паверх. Там вас ужо чакаюць як сапраўдных гасцей супрацоўнікі музея. Распрануўшыся, можна пагасцяваць у кватэры, уважліва разглядаючы дэталі, якія сведчаць, што калісьці тут жыў беларускі паэт.
Куды цікавей разглядаць музейныя экспанаты разам з чалавекам, які жыве гэтай тэмай і можа шмат чаго распавесці і падзяліцца ўласным вопытам. Для мяне такім чалавекам стала Наталля, якая не толькі распавяла пра Петруся Усцінавіча, але і падзялілася сваім стаўленнем да музеяў, працы ў іх і адказала на пытанне: як усё ж такі трэба хадзіць у музеі?
— Загадчык музея — гэта хто?
— Гэта кіраўнік музея і арганізатар усёй каманды. Калі ёсць каманда, то абавязкова павінен быць лідар. Таму, я думаю, што загадчык музея — гэта, перш за ўсё, лідар музея.
Я трапіла ў гэтую сферу амаль выпадкова. Ніколі не ставіла сабе задачу працаваць у музеі. Калі пайшла вучыцца ў БДУ, думала, што буду працаваць у адукацыі. Дзесяць гадоў свайго жыцця я аддала працы ў школе. Але потым вырашыла, што музей — гэта больш спакойная і ціхая сфера, працуючы ў якой я змагу больш увагі надаваць сваім уласным дзецям. Мае калегі са школы казалі: «Вам пашанцавала. Вы будзеце працаваць у спакоі. І па статыстыцы ў музейшчыкаў больш працяглае жыццё». Да майго здзіўлення, аказалася, што музей — гэта не ціхая сфера. Гэта буйная культурная пляцоўка, дзе ўвесь час адбываецца нешта новае: разнастайныя і шматлікія культурныя імпрэзы, прэзентацыі, выставы, канцэрты. Я рада, што мае дзеці гадаваліся ў вельмі творчым асяроддзі, сёння яны ужо дарослыя. І больш увагі цяпер можна ўдзяляць працы.
У адным з пакояў музея-кватэры ідзе фотафіксацыя музейных прадметаў. Фондавыя супрацоўнікі рыхтуюць цікавосткі для падпісчыкаў у сацыяльных сетках з пашыранай інфармацыяй аб прадметах.
Анастасія Правальская
Матэрыял цалкам чытайце ў новым нумары часопіса «Бярозка»
