Да Дня беларускага пісьменства
У рамках творчага праекта “Звязда” сустракаецца з сябрамі” супрацоўнікі Выдавецкага дома “Звязда” і аўтар дзіцячых кніг Павел Гушынец наведалі Бялыніцкі раён.
Падчас сустрэчы з юнымі чытачамі дзіцячай бібліятэкі-філіяла ў кінатэатры “Зорка” адбылася прэзентацыя яго новай кнігі – “Девочка и крокодил”.
Павел Гушынец – малады і перспектыўны пісьменнік, які здолеў за кароткі час завалодаць увагай юных чытачоў, цікава распавесці аб тым, як ствараў апавяданні і кароткія гісторыі для сваіх чытачоў. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўважліва слухалі добрыя і захапляльныя апавяданні, якія вучаць сяброўству, спагадлівасці і ўзаемадапамозе.
Юныя бялынічане атрымалі магчымасць набыць для сябе кнігу “Девочка и крокодил” з аўтографам аўтара. Таксама пісьменнік падзяліўся з рабятамі планамі на будучае і адзначыў, што ўлетку выйдзе яго чарговая кніга.
– Выязны творчы праект “Звязда” сустракаецца з сябрамі” рэалізуецца на Магілёўшчыне з мэтай папулярызацыі дзіцячага чытання, чытання на беларускай мове, – адзначыла на сустрэчы з юнымі чытачамі намеснік дырэктара Выдавецкага дома “Звязда” Юлія Дашкевіч. – Сёлетняе святкаванне ХХVІІ Дня беларускага пісьменства адбудзецца ў Бялынічах, таму мы завіталі да вас. Спадзяёмся на новыя сустрэчы.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.