«Землякі»

Спецыяльны праект “Землякі” нарадзіўся на журналісцкай лятучцы сем гадоў таму. За прапанову галоўнага рэдактара Івана Шлыка мы ўхапіліся адразу: няма нічога лепшага, чым пісаць пра вясковых людзей і іх жыццё-быццё.

На працягу года журналісты бываюць у кожным сельскім савеце Карэліцкага раёна (а іх у нас 9), зазіраюць як у цэнтральныя сядзібы, так і ў аддаленыя вёсачкі. У цэнтры ўвагі кожнага артыкула — вяскоўцы, шчырыя і самаадданыя працаўнікі. Яны ўсе розныя: сталыя і маладыя, інтэлігенцыя і працаўнікі, кожны са сваім светапоглядам, захапленнямі ды ладам жыцця, але аб’ядноўвае іх адно — шчырая любоў да сваёй малой радзімы.

Пішучы пра лёсы людскія, журналісты не забываюць і пра тое, чым жыве вёска, якія праблемы турбуюць яе жыхароў. А іх, безумоўна, нямала: невысокая нараджальнасць і невялікая колькасць моладзі, пустуючыя дамы і адзінокія сталыя вяскоўцы, стан дарог і якасць пітной вады, жыллё і заработная плата. Як мясцовая ўлада дапамагае вырашаць такія пытанні, што робіцца для таго, каб вёска жыла, каб памяталі беларусы пра свае карані — усё гэта знаходзіць адлюстраванне на старонках “Землякоў”.

Калектыву раённай газеты “Полымя” надзвычай прыемна чуць добрыя водгукі пра наш спецыяльны праект і запрашэнні ад саміх вяскоўцаў прыехаць у іх вёсачку. І ўдвая прыемней, калі на свяце вёскі чуеш са слоў вядучай урачыстасці, што нашы вясковыя замалёўкі леглі ў аснову сцэнарыя.

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *